42.  «Валадарства Нябеснае падобнае да гаспадара дому, які выйшаў на світанні наняць работнікаў у вінаграднік свой» (Мц 20, 1). Вы ўжо пазналі гэтую прыпавесць: той чалавек некалькі разоў вяртаецца на рынак, каб наняць працаўнікоў: некаторыя былі нанятыя на світанні, некаторыя — познім вечарам.

«Усе яны атрымалі па дынары — плату, абяцаную табе, а менавіта: Мой вобраз і падабенства. На дынары выбітае аблічча Валадара» (Св. Геранім, Commentarium in Matthaeum libri, 3, 20; PL 26, 147). Вось міласэрнасць Бога, які кліча кожнага адпаведна з яго асабістымі акалічнасцямі, «які хоча, каб усе людзі былі збаўленыя і дайшлі да пазнання праўды»(1 Цім 2, 4). Але мы нарадзіліся хрысціянамі, былі выхаваныя ў веры, атрымалі выразнае сведчанне таго, што мы — выбраныя Бога.

Гэта рэальнасць. Таму, калі вы адчуваеце, што прыйшоў час адказаць на заклік Божы, няхай нават гэта адбудзецца ў апошнія хвіліны жыцця, ці вы будзеце працягваць стаяць на рынку і загараць, як мноства тых працаўнікоў, у якіх ёсць «лішні» час?

У нас няма лішняга часу, ні секунды, і я не перабольшваю. Ёсць праца: свет вялікі, і мільёны душаў яшчэ не пачулі выразна навучання Хрыста. Я звяртаюся да кожнага з вас. Калі ў цябе з’яўляецца «лішні» час, збярыся з думкамі: магчыма, ты жывеш у абыякавасці або, кажучы вобразна: ты паралізаваны. Ты не рухаешся, ты аслаб, ты не прыносіш плёну, не спрыяеш развіццю ўсяго таго дабра, якім павінен дзяліцца з тымі, хто побач, у тваім асяродку, на тваёй працы, у тваёй сям’і.

43. Магчыма, вы адкажаце мне: «І дзеля чаго трэба прыкладаць столькі высілкаў?» Не я вам адкажу, а святы Павел: «Любоў Хрыста ахапіла нас» (2 Кар 5, 14). Уся жыццёвая прастора замалая, каб ахапіць межы тваёй любові. Ад самага пачатку існавання Opus Dei я нястомна ўпарта паўтараў для тых годных душаў, якія вырашаць яго ажыццявіць, заклік Хрыста: «Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго» (Ян 13, 35). Нас пазнаюць менавіта па гэтым, бо любоў — гэта зыходная кропка ва ўчынках кожнага хрысціяніна.
 
Той, хто з’яўляецца ўвасобленай чысцінёю, не заяўляе, што Ягоных вучняў пазнаюць па чысціні жыцця. Той, хто з’яўляецца стрыманасцю, не маючы нават каменя, каб схіліць галаву (гл. Мц 8, 20), хто правёў столькі дзён, посцячыся ў пустэльні (гл. Мц 4, 2), не заяўляе апосталам: «Вас пазнаюць як Маіх выбраннікаў, бо вы не будзеце ненажэрамі і прапойцамі».

Чыстае жыццё па Хрыстовай навуцы было, як і цяпер з’яўляецца і будзе ва ўсе часы, поўхаю для тагачаснага грамадства, разбэшчанага, як часта бывае і сёння. Яго стрыманасць — нібы ўдар пугаю для тых, хто прызвычаіўся да бясконцага банкетавання і выклікае ў сябе ваніты пасля ежы, каб магчы ізноў есці, жывучы літаральна па словах святога Паўла: «Іхні бог — чэрава» (Флп 3, 19).

44. Пакора Пана была яшчэ адным ударам для тых, хто практыкуе спажывецкае стаўленне
да жыцця, клапоціцца толькі пра сябе. Знаходзячыся ў Рыме, я неаднойчы паўтараў, і вы, магчыма, ужо чулі, што пад тымі аркамі, якія цяпер зруйнаваныя, праходзілі імператары ды іх пераможныя ваяводы, ганарлівыя, фанабэрыстыя, поўныя пыхі.
І праходзячы, яны, напэўна, злёгку схілялі свае галовы, баючыся зачапіць грандыёзныя аркі сваімі велічнымі ілбамі. Аднак жа
пакорны Хрыстус сцвярджае: «Па тым пазнаюць вас, што вы Мае вучні, калі будзеце пакорныя і стрыманыя».

Я хацеў бы папрасіць вас звярнуць увагу на тое, што і праз 20 стагоддзяў закон нашага Настаўніка дзейнічае з аднолькавай моцаю навізны, з’яўляецца рэкамендацыйным лістом сапраўднага Сына Божага. На працягу ўсяго свайго святарскага жыцця я часта прапаведаваў, што, на жаль, для многіх гэты закон усё яшчэ застаецца навіною, яны ніколі або амаль ніколі не спрабавалі жыць паводле яго: гэта сумна, але гэта праўда. І зразумела, што словы Месіі вызначаюцца сваёй катэгарычнасцю: «Па тым пазнаюць вас, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго!» (пар. Ян 13, 35). Таму я адчуваю патрэбу заўжды ўзгадваць гэтыя словы Пана. Святы Павел дадае: «Насіце цяжар адзін аднаго і такім чынам выканаеце закон Хрыстовы» (пар. Гал 6, 2). Час згублены, нават з фальшывымі апраўданнямі, што часу яшчэ дастаткова... Столькі тваіх сяброў, братоў абцяжараныя працаю! Далікатна, ветліва, з усмешкаю на вуснах дапамажы ім такім чынам, каб гэта амаль немагчыма было заўважыць і каб яны не маглі прадэманстраваць сваю ўдзячнасць, бо дзякуючы сваёй далікатнасці і ненавязлівасці твой клопат быў не заўважаны.

Тыя небарачкі, што засталіся з пустымі светачамі, апраўдваюцца: у нас не заставалася вольнай хвілінкі. У працаўнікоў на рынку быў лішнім цэлы дзень, бо яны не бачылі неабходнасці наймацца на працу, хоць Гаспадар шукаў іх настойліва, няспынна, з самай першай гадзіны. Адкажам жа на гэты заклік і дзеля любові перанясем «цяжкі дзень і спёку» (Мц 20, 12), і любоў аблегчыць гэты цяжар.

Пераклад з іспанскай мовы
Юліі Шэдзько.
Паводле: Jose Maria Escriva de Balaguer, «Amigos de Dios», 1977.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней