Трыццатая звычайная нядзеля — 23 кастрычніка 2011 г.
Чытанні: Зых 22, 20–26; Пс 18 (17), 2–3а. 3bc–4. 47 і 51ab; 1 Тэс 1, 5c–10
Евангелле паводле Мацвея 22, 34–40«Якая найбольшая запаведзь у Законе?» — запытаўся ў Езуса кніжнік. Езус сказаў яму: «Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім. <...> Любі бліжняга твайго, як самога сябе».
Гэта быў адказ Езуса не толькі на выказанае словамі пытанне кніжніка. Гляньма, у якой атмасферы было зададзена тое пытанне: «Калі фарысеі пачулі, што Езус прымусіў замоўкнуць садукеяў, сабраліся разам. І адзін кніжнік, выпрабоўваючы Яго, спытаўся...» Такім чынам, фарысеі звярнуліся да Езуса непасрэдна пасля чарговага канфлікту з канкурэнтнай рэлігійна-палітычнай групоўкай, садукеямі. Звярнуліся, трымаючы ў сабе варожасць і пагарду да садукеяў. Звярнуліся, выпрабоўваючы самога Езуса (мабыць, на прадмет ведання або лаяльнасці да Закону).
«Любі Пана Бога... любі бліжнага...» — гэта быў адказ у першую чаргу на сітуацыю канфлікту. Фарысеі і садукеі зацята сварыліся паміж сабой у справе вернасці Закону. Адны і другія абаранялі Закон, руйнуючы само сэрца Закону: любоў. Такая ж небяспека вісіць і сёння над хрысціянамі. Праваслаўныя і католікі, «прагрэсісты» і «кансерватары», «харызматыкі» і «інстытуцыяналісты»... Як многа паміж імі канфліктаў, сварак, нездаровага спаборніцтва?
Езу, ціхі і пакорны сэрцам, учыні сэрцы нашыя да Твайго падобнымі!
Айцец Пётр Рудкоўскі ОР