Дзе і калі нараджаецца пакліканне

15 мая бараўлянская парафія Найсвяцейшай Панны Марыі Успамогі Хрысціянаў святкавала сярэбраны юбілей святарства свайго пробашча кс. Казіміра Шыдэлкі SDB. На ўрачыстасць прыбылі шматлікія госці: Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, святары мінскіх парафій і субраты салезіяне. Якімі ж былі гэтыя 25 гадоў? Што ім папярэднічала?

Казімір Шыдэлка нарадзіўся 17 чэрвеня 1957 г. у Новай Высі (Польшча). Яго бацькі Себасцьян і Францішка, якія ўжо адышлі ў вечнасць, нарадзілі чатырох дзяцей (дачку і трох сыноў) і сталі для іх першымі выхавацелямі ў веры. Мама была хатняй гаспадыняй, а бацька лесніком.

У сям’і будучага святара заўсёды гучала малітва. «Бацька вяртаўся вечарам пасля працы, часта стомлены, але заўсёды станавіўся на калені, абапіраўся на спінку стула і разам з мамай і намі маліўся», — узгадвае кс. Казімір.

У мясцовай парафіі працавалі айцы салезіяне, і вось аднойчы пробашч сказаў хлопчыку Казіміру: «Ты павінен быць святаром». «Памятаю, як мне тады стала тужліва, што давя­дзецца пакінуць усё. Я прыйшоў дадому і плакаў. Мама, не разумеючы нічога, пацікавілася, што здарылася. А калі даведалася, у чым справа, сказала: „Я малілася аб гэтым, сынок. І калі табе так сказаў святар, я благаслаўляю“», — усхвалявана ўзгадвае словы мамы святар. Пакліканне Казі­міра да служэння Богу было першым у гэтай вёсцы, але пасля яго яшчэ пяць аднавяскоўцаў адказалі Богу «так». «А з той вёскі, куды я хадзіў у школу, пяць дзяўчат уступілі на шлях ма­наскага жыцця», — прыемна здзіўляецца кс. Казімір.

Будучы святар вучыўся і жыў у салезіянскай школе-інтэрнаце, што ў Асвенціме. Гэтая школа (каталіцкая) была адзінай, якая працавала нават у часы камунізму. Дзейнічае яна і сёння і па-ранейшаму карыстаецца папулярнасцю.  Тут, як адзначае былы яе выхаванец кс. Казімір, хлопцы (а іх у час яго навучання было каля 300) жылі, вучыліся, атрымлівалі прафесію і духоўнае выхаванне. Кожны дзень распачынаўся з малітвы і ўдзелу ў святой Імшы. Днём жа, а 12-й гадзіне, усе станавіліся на малітву «Анёл Панскі». Завяршаўся дзень таксама супольнай малітвай.

Перад паступленнем у семінарыю будучы святар вывучыўся на выдатнага цесляра-сталяра і скончыў каледж па спецыяльнасці «слесар».

З салезіянскай школы на шлях святарства ўступілі тады 6 яго аднакурснікаў. Скончыў кс. Казімір Салезіянскую вы­шэйшую духоўную семінарыю ў Кракаве і 18 чэрвеня 1986 года прыняў сакрамэнт святарства.

Сёння, калі за плячыма ўжо 25 гадоў святарства, кс. Казімір адзначае, што ўсе парафіі, у якіх ён працаваў, былі прысвечаны Маці Божай. А ўшаноўвае ён Найсвяцейшую Панну з самага дзяцінства: дома быў алтарык з Маці Божай і ў роднай парафіі практыкавалі культ да Святой Марыі.

Святарскае служэнне распачаў у Чэнстахове ў салезіянскай парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Марыі Успамогі Хрысціянаў. Там працаваў 6 гадоў. Шмат катэхізаваў, арганізаваў тры музычныя моладзевыя гурты, наладжваў начныя чуванні для моладзі. На працягу трох гадоў выкладаў катэхезу ў дзяржаўным чэнстахоўскім каледжы. Добра памятае кс. Казімір параду свайго пробашча, побач з якім распачынаў святарскае служэнне: ніколі не шкадуй сродкаў і часу для моладзі.

Пасля Чэнстаховы кс. Казімір рыхтаваўся да місійнай працы ў ЮАР. Планавалася, што ён накіруецца ва Уганду ў адну з прафе­сійных школаў як цясляр-сталяр. Аднак з прычыны недахопу святароў ва Украіне быў накіраваны ў Адэсу ў парафію Найсвяцейшай Панны Марыі. Там працаваў адзін год, дапамагаючы яшчэ і ў Вінніцы. Узгадвае, што давялося нават жыць на працягу месяца каля капліцы на могілках. 

Затым была Масква і 11 гадоў працы ў катэдры ў тыя нялёгкія часы, калі ішла яе рэстаўрацыя. Тады ж кс. Казімір пачаў працу з дзецьмі вуліцы. Распачалося будаўніцтва прытулку сямейнага тыпу на 50 дзяцей. У прытулку працавалі 4 мамы-выхавацельніцы.

«Вельмі шмат было дзяцей бамжоў: на вуліцы, у метро, пад’­ездах. Я ведаў, дзе і як шукаць іх. Здаралася, што да мяне па дапамогу прыходзілі міліцыянеры, і я прасіў знаёмых мне вулічных дзяцей дапамагчы адшукаць прапаўшага», — узгадвае кс. Казімір. Бывала і такое, што пакуль вялася судовая справа з бацькамі, дзеці па паўгода і больш знаходзіліся ў салезіянскім прытулку.

«Я заўсёды стараўся замя­ніць гэтым дзецям сям’ю, дом і прасіў іх, каб, калі захочуць па­кінуць прытулак, не збягалі, але паведамілі аб сваім жаданні сысці. Заўсёды з разуменнем ставіўся да іх патрэбаў, і яны адказвалі: „Дзе ж нам будзе лепей?“». Цяпер некаторыя яго выхаванцы — тыя самыя дзеці вуліцы! — заснавалі сем’і і прыводзяць сваіх дзяцей да гэтага прытулку, каб паказаць, дзе яны атрымалі тое, чаго былі пазбаўлены. Па словах кс. Казіміра, салезіянскі прытулак адрозніваўся ад падобных сацыяльных установаў тым, што дзеці праз дапамогу выхавацелям (працу на кухні, мыццё бялізны, уборку) рыхтаваліся да самастойнага жыцця. «Рэлігію нікому не навязвалі, але кожны ведаў, што ў ня­дзелю трэба абавязкова быць на Імшы, хоць ніхто не змушаўся да гэтага. Некаторыя хадзілі ў мясцовую праваслаўную царкву».

Пасля Масквы была італьянская Анкона і павышэнне квалі­фікацыі. Тут ён прабыў год. Працаваў у вялікім моладзевым цэнтры, які штодзень наведвала каля 500–700 дзяцей. Планаваў з Італіі вярнуцца ў Маскву, аднак быў накіраваны ў Беларусь і прызначаны пробашчам бараўлянскай парафіі. І тут кс. Казімір таксама праявіў сваю актыўнасць, перш за ўсё як душпастыр. Праўда, евангелізацыю сваю не стаў абмяжоўваць сценамі невялікай капліцы. Ксёндз Казімір заўсёды адказвае на запрашэнні мясцовых уладаў, заўсёды прыходзіць туды, дзе яго чакаюць, як, напрыклад, у мясцовы шпітальны комплекс. Евангелізуе і праз добраўпарадкаванне тэрыторыі: «Праз прыгажосць — да Бога». А ствараюць гэтую прыгажосць самі вер­нікі. Ёсць пры парафіі і так званая выхаваўча-душпастыр­ская рада, у якую ўваходзяць прадстаўнікі розных прафесій. Рада дапамагае кс. Казіміру ў арганізацыі працы пры парафіі.

Вось за гэтую адданую працу з людзьмі і актыўны ўдзел у жыцці раёна ў 2010 годзе, калі пасёлак адзначаў 50-годдзе, кс. Казімір быў удастоены звання заслужанага грамадзяніна раёна.

Так, атрымаўшы выхаванне ў веры ад сваіх бацькоў, адказаўшы на параду пробашча сваёй роднай парафіі і на голас Пана, кс. Казімір крочыць па святар­скім шляху. На гэтай дарозе разам з ім заўсёды ідзе Марыя, якая, па словах юбіляра, чыніць у яго жыцці шмат цудаў.

Валянціна Крутая.

Фота аўтара.

Цэтлікі: Лёсы, Віншуем

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней