Жывём, нібы ідзём па вадзе...

Маё знаёмства з сям’ёю Царовых адбылося на свята Божага Нараджэння ў мінскай архікатэдры. Не юныя ўжо бацькі — 44-гадовая Ларыса і 46-гадовы Дзмітрый па чарзе трымалі на руках свайго шасцімесячнага сыночка, стараючыся быць бліжэй да бэтлеемскай шопкі падчас набажэнства. Божая ласка настолькі яўна адчувалася на гэтай сям’і, што ў нейкі момант мне падалося, нібы бацькі трымаюць жывога малога Езуса. Вельмі хацелася да яго дакрануцца, а таксама бліжэй пазнаёміцца з гэтаю сям’ёю.

Маленькі Мар’ян — позняе дзі­ця ў сужэнцаў Ларысы і Дзмі­трыя Царовых. Дзве старэйшыя дачкі — Люба і Ліда — маюць адпаведна 23 і 16 гадоў. Люба замужам і гадуе 3-гадовую дачушку. Нараджэнне свайго трэцяга дзіцяці бацькі лічаць са­праўд­ным цудам, бо Ларыса мае сур’ёзны дыягназ: набытая бясплоднасць, атрыманая пасля анкалагічнага захворвання. Як сапраўды веруючыя людзі, яны з пакорай прынялі навіну аб зачатым дзіцяці. Але якое ж гэта было для іх выпрабаванне! Можна сказаць, што Бог даў дзіця ў самы складаны для сям’і час. Матэрыяльнае становішча проста кры­тычнае: недабудаваны дом, крэдыты, даўгі, якія яны ўзялі на пабудову дома. Пайсці ў такой сітуацыі ў дэкрэтны адпачынак азначала залезці ў яшчэ большую нястачу. Да таго ж фі­зіч­на і псіхічна Ларыса адчувала сябе вычарпанай. Інтэлігентная і вель­мі далікатная, яна цяжка перажывала тое, што сям’я не можа ў час разлічвацца з пазыкамі і гэтым самым выклікае крыўду ў лю­дзей, якія пайшлі ім насустрач.

— Мне раніцою не хацелася прачынацца, — гаворыць у нашай размове Ларыса, —  жаданне было адно: хутчэй разлічыцца з даўгамі і са спакойным сумленнем памерці. А тут дзіця! Праз гэты знак прыйшло ўсведамленне, што Бог нас не пакіне, што Ён побач, а ўсе гэтыя вы­прабаванні дадзены для ўмацавання ў веры, надзеі, а таксама для практыкавання пакоры і дзі­цячага даверу да Бога.

Сужэнцы ўспамінаюць, што вельмі хацелі нарадзіць дзіця пасля таго, як прыйшлі да веры і ўзялі шлюб у касцёле, марылі аб благаславенным дзіцяці. Але Бог не даваў ім яго. І калі яны ўжо не чакалі, мара споўнілася, здавалася б, са спазненнем. Толькі вера дапамагала разумець, што позняе дзіця — гэта асаблівае Божае благаславенства.

Дарэчы, Ларыса і Дзмітрый паходзяць з няверуючых сем’яў. У свае 23 гады Ларыса за кампанію з сяброўкай ахрысцілася ў праваслаўнай царкве, потым зрэдку туды заходзіла. Аднойчы прыйшла ў мінскую катэдру, каб ахвяраваць святую Імшу за цяжка хворага сваяка католіка, і зразумела, што менавіта тут яе месца. «У мяне было адчуванне, што я прыйшла да дому, — гаворыць Ларыса, — настолькі ўтульна бы­ло маёй душы». Яна паразмаўляла з ксяндзом Янам Крэмісам, які на той час быў вікарыем у катэдры, і пайшла на заняткі рэлігіі. Потым ксёндз Ян удзяліў сужэнцам Царовым сакрамэнт шлюбу. Дзмітрый прызнаецца, што зра­біў гэта толькі дзеля каханай жон­кі, Ларыса ж шчыра адкрыла душу і сэрца на Божую ласку. Пачала з дзецьмі хадзіць у касцёл.

 Яе жывая вера дапамагае бачыць Бога ў кожным моманце іх жыцця, у тым ліку і ў хваробе. Ларыса ўпэўнена, і пра гэта свед­чыць усюды, што Пан Бог у свой час выратаваў жыццё ёй, яе мужу і старэйшай дачцэ, калі навісла пагроза смерці. У падлеткавым узросце дачка трапіла ў дрэнную кампанію і адышла ад Касцёла. Неўзабаве яна трапіла пад машыну, а здарылася гэта на свята Пасхі. Цікава, што прозвішча вадзіцеля, які яе збіў, — Варава. Люба доўга ляжала ў шпі­талях, але так званыя сябры хутка перасталі яе наведваць. Тут і адбылося прасвятленне: нібы заслона з вачэй упала. Што тычыцца хваробы, якую Ларыса перанесла, то яна лічыцца самай небяспечнай з усіх анкалагічных захворванняў. Але з Божай дапамогай усё абышлося. І нарэшце — Дзмітрый. У адносна маладым узросце ён перанёс ужо два інсульты. Хвароба паспрыяла таму, што ён прыступіў да спо­ведзі і святой Камуніі. Паступова здароўе пачало паля­пшацца, і гэта натхняла мужчыну час ад часу наведваць касцёл.

Ларыса, бачачы ў касцёле пабожных мужчын, марыла, каб у яе сужэнца былі такія ж сябры, бо тыя, хто яго акружаў на працы, у большасці сваёй сябравалі з зялёным зміем. За кампанію з імі Дзмітрый таксама гэтым сур’ёзна грашыў. І вось у сваёй бяз­межнай дабрыні Пан Бог, праз Васіля і Таццяну Кучаравых, запрашае сям’ю Царовых на рэкалекцыі ў Баранавічы. Там яны знаёмяцца з сем’ямі Арцішэў­скіх і Кузьміцкіх. Пазней Провід Божы звёў іх з сям’ёй Каралевічаў, і тыя запрасілі іх у суполку «Хатні касцёл», мадэратарамі якой з’яўляюцца. Потым былі рэкалекцыі, якія  сталі для сям’і Царовых лёсавызначальнымі. Яны працягваліся 15 дзён і мелі назву «Выйсце», што сімвалічна азначала выхад з рабства. Жылі ўдзельнікі рэкалекцый за горадам, у доме законных сясцёр ад Анёлаў. Гэта быў час надзвычайнай ласкі, калі Дзмітрый адчуў смак жыцця ў веры. Пазней ён скажа жонцы, што вельмі б хацеў жыць заўсёды так — з Богам, на сваёй зямлі ў прыватным доме. Гэта будзе стымулам мяняцца да лепшага і кінуць піць. Пра гэта па­чалі гаварыць і дзеці. Ларыса таксама разумела, што ў жыцці трэба нешта мяняць, каб не згубіць мужа і сям’ю. Мара пра свой дом здавалася падказкай з Неба. Параіўшыся на сямейным сходзе і добра памаліўшыся, яны вырашылі ісці за голасам сэрца і папрасілі на гэтую справу благаслаўлення святара.

Прадалі сваю кватэру ў Мін­ску і пачалі будаваць дом у вёсцы Юхнаўка. Але гэтых грошай не хапіла. Маці Дзмітрыя вырашыла прадаць і сваю кватэру ў Мінску, а потым дажываць век з дзецьмі ў новым доме. Часова свякроў жыла ў роднай сястры, а Ларыса з сям’ёю — у сваёй маці. Неўзабаве скончыліся і гэтыя грошы — вельмі дорага каш­тавала правядзенне газа­праводу, да таго ж, яны згубілі больш за 5 тысяч долараў праз аферыстаў, якія падманулі іх з будматэрыяламі. Царовы ўзялі крэдыт. Потым, каб яго неяк вы­плачваць, пачалі пазычаць грошы ў сваякоў і сяброў. Дзмітрый на нейкі час быў вымушаны пай­сці з працы, каб кіраваць будаўніцтвам. Ён мае вышэйшую радыётэхнічную адукацыю, працуе сёння ў «Белліфце» майстрам па сувязі. Ларыса ў свой час скончыла Акадэмію мастацтваў, факультэт мастацтвазнаўства, і да дэкрэтнага адпачынку працавала ў адным з мінскіх каледжаў.

Сёння многія, хто ведае Царовых, неадназначна ставяцца да іх праблемаў. Гавораць рознае, у асноўным: «Трэба было ўсё добра ўзважыць перад тым, як будаваць дом». «Жылі б як раней і не мелі б праблемаў»... Усё гэта, напэўна, мае рацыю, але... Тут міжволі ўспамінаюцца сюжэты з Бібліі, напрыклад, выхад габрэяў з егіпецкага рабства. Многія з іх тады таксама жадалі лепш застацца ў рабстве, чым цярпець нястачу і пакуты. Напэўна, і на Абрагама многія наракалі, калі ён пайшоў з наседжанага месца невядома куды. Але ж гэта быў Провід Божы!

Ларыса і Дзмітрый гавораць: «Так, мы жывём цяпер практычна з міласціны, але мы духоўна цалкам змяніліся. Іншым разам здаецца, што ўвесь час ідзём па вадзе. Як толькі слабне давер да Бога — пачынаем патанаць». Думаецца, што выпрабаванні, якія перажывае сям’я Царовых, гэта экзамен не толькі для іх, але і для ўсіх, хто іх акружае. Магчыма, праз гэтую сітуацыю Пан Бог хо­ча і нас нечаму навучыць, перадусім — міласэрнасці, ахвярнас­ці і сапраўднай любові. У Евангеллі ад Яна (15,13) гаворыцца: «Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх». Хочацца дадаць: не кажучы ўжо пра тое, каб падзяліцца з імі тым, што маеш у запасе. Дарэчы, пра гэта ў Новым Запавеце сказана вель­мі шмат, як і пра тое, што міласэрнасць для сапраўдных хрысціянаў павіна быць па-над правасуддзем. І яшчэ: не судзіце і не будзеце асуджаныя.

Успомніліся добрыя часы, ка­лі людзі дапамагалі адзін аднаму будаваць дом талакою — бес­ка­рысліва. На жаль, сёння гэта ўжо нейкае дзіва. І ўсё ж такі верыцца, што ёсць людзі, якія б маглі матэрыяльна дапамагчы сям’і Царовых. Паверце — ім вельмі гэта па­трэбна! Ведаю некалькі бяздзетных сем’яў, якія шукалі тых, каму маглі б пастаянна дапамагаць. Дапамажыце ся­м’і маленькага Мар’яна, гэтага благаслаўлёнага дзіцяці, а міласэрны Бог аддзячыць вам у сто разоў больш!

Галіна Калевіч

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней