Дзевятнаццатая велікодная нядзеля — 7 жніўня 2011 г.
Чытанні: 1 Вал 19, 9а. 11–13а; Пс 85 (84), 9аb–10. 11–12. 13–14; Рым 9, 1–5
Евангелле паводле Мацвея 14, 22–33
Свет чакае Цябе
Човен з вучнямі, які плыве па возеры, паводле старажытнага тлумачэння, — гэта Касцёл, які плыве ў свет. Хто знаходзіцца ў чаўне? Хто з’яўляецца Касцёлам? Ты і я разам там знаходзімся. Безумоўна, не толькі мы: у ім знаходзіцца кожны ахрышчаны: дзіця, студэнт, жонка, аўтамеханік, палітык, злачынца. Можна пералічваць на некалькіх старонках. У чаўне мы можам убачыць саміх сябе, бо кожны з нас там знаходзіцца.
Човен прызначаны для таго, каб плысці. Езус кажа нам: карыстайся ім, плыві. Мы можам спытацца ў Яго, ці Ён не ведае, што набліжаецца віхура, што човен будуць шпурляць хвалі і вецер? Езус вельмі добра гэта ведае. Ці вучні не ведаюць, што ідзе навальніца і плыць па возеры небяспечна? Яны рыбакі, і ведаюць гэта вельмі добра. Ці мы не ведаем, што выйсці ў свет — значыць сутыкнуцца з перашкодамі? Мы вельмі добра ведаем, што жыццё ў свеце нялёгкае.
Аднак Касцёл — ты і я — не можа застацца закрытым, абмежаваным бартамі свайго чаўна. Мы не можам баяцца свету і розных цяжкасцяў, дбаючы толькі пра тое, каб човен не патануў. Не ў гэтым нашае пакліканне, не такая нашая місія. Езус не сядзіць у чаўне, Ён ідзе па вадзе. Гэта значыць, што Ён ідзе праз свет, дакранаецца да яго стопамі, не пагарджае, не баіцца.
Пётр, убачыўшы, як Езус ідзе па возеры, захацеў, як і Ён, хадзіць па вадзе. Па загадзе Езуса ён ідзе, але, убачыўшы набліжэнне хваляў, губляе з вачэй Езуса і пачынае тануць. Аднак ўсё ў парадку: Езус працягнуў руку і схапіў яго, і зноў Пётр становіцца на водную паверхню.
Езус кажа нам сёння: «Не бойся, я з табою». Вазьмі на сябе адказнасць за свет. Тое, які ён будзе, кожны дзень залежыць і ад мяне, і ад цябе.
Айцец Тамаш Міка ОР