Дваццаць першая звычайная
нядзеля — 21 жніўня 2011 г.
Чытанні: Іс 22, 19–23; Пс 138 (137), 1–2а. 2bc–3. 6–8bc; Рым 11, 33–36;
Евангелле паводле Мацвея 16, 13–20
Езус у маім жыцці
«А вы кiм лiчыце Мяне?» — пытаецца Пан Езус у сваiх вучняў. Гэтае пытанне, зададзенае Настаўнiкам дзве тысячы гадоў таму застаецца актуальным i па сённяшнi дзень. Кiм жа лiчаць Пана Езуса сёння? Кiм Ён з’яўляецца для большасцi людзей?
Традыцыйны мусульманiн, якi добра ведае Каран, напэўна скажа, што гэта адзiн з найвялiкшых прарокаў. Для кагосьцi Пан Езус будзе палiтычным лiдэрам, адным з першых рэвалюцыянераў, абаронцам слабых i нямоглых. А хтосьцi, паўтараючы за св. Пятром, з захапленнем i трымценнем прызнае ў Езусе Хрысце свайго Пана i Збаўцу свету. Бо менавiта сустрэча з Езусам цалкам перамянiла яго жыццё, даючы яму новую якасць i палёт. Бо дзякуючы Езусу адчуў ён у сабе здольнасць быць новым чалавекам, чалавекам, у якiм ужо валадарыць Божая ласка, а не грэх.
Але большасць людзей у сучасным грамадстве, хоць i чула пра Езуса Хрыста, хутчэй будзе захоўваць пэўны нейтралiтэт і нават абыякавасць да Яго Асобы, кiруючыся ў жыццi ўласнымi планамi, а не Божай воляй. Зрэшты, пра такую абыякавасць і пасрэднасць піша нам аўтар Апакалiпсісу, кажучы, што найгоршым станам для чалавека ёсць цеплыня (пар. Ап 3, 14–16). А менавiта такi стан, калi чалавек мае атрафiраванае сумленне i няздольны спачуваць iншаму чалавеку.
А для мяне асабiста кiм з’яўляецца Пан Езус? Цi я схiляю перад Iм сваю галаву i станаўлюся на каленi, тым самым вызнаючы ў Iм Валадара ўсяго сусвету, бачнага i нябачнага? Цi размаўляю з Iм як з найлепшым сябрам, аддаючы Яму свае клопаты i трывогi? Цi мая радасць з’яўляецца таксама i радасцю майго Пана? Амэн.
Айцец Віталь Сапега ОР