Дваццаць другая звычайная
нядзеля — 28 жніўня 2011 г.
Чытанні: Ер 20, 7–9; Пс 63 (62), 2. 3–4. 5–6. 8–9; Рым 12, 1–2
Евангелле паводле Мацвея 16, 21–27
Любоў прарока
«І я сказаў сабе: Не буду ўспамінаць Яго і не буду больш прамаўляць у імя Ягонае», — вызнае прарок Ерамія. Уявіце сабе ксяндза або манаха, які б устаў і прамовіў гэткія словы. Не буду ўспамінаць Бога. Не буду больш прамаўляць у імя Божае. Прадчуваеце рэакцыю набожных вернікаў і касцёльных уладаў?
Неяк так сталася, што ў ментальнасці многіх хрысціянаў замацаваўся вобраз «чалавека Божага» як кагосьці, хто ніколі ні ў чым не сумняецца, не мае маральных дылемаў і ведае ўсе адказы на жыццёва важныя пытанні. Тым часам чалавек, які ніколі ні ў чым не сумняецца і не перажывае маральных дылемаў, можа быць хіба што бяздумным робатам, а прарокам Божым — наўрад ці. Ерамія вялікі не тым, што ніколі ні ў чым не сумняваўся. У пэўны момант ён сумняваўся нават у самай фундаментальнай справе: ці ёсць сэнс увогуле згадваць пра Бога? Ерамія вялікі тым, што ніколі не насіў маскі, быў шчыры перад сабой і перад Богам, гаварыў тое, што дыктавала яму нутро, не займаўся інсцэнізацыяй сваёй дзейнасці з улікам «правільных» уяўленняў пра місію прарока. Ён умеў быць у пэўны момант «няправільным».
«Але ў маіх касцях з’явіўся нібы палаючы агонь, што быў замкнёны ў касцях маіх; я стаміўся цярпець яго, і больш не магу». Вось яно што, вось на чым трымаецца пакліканне кожнага прарока: агонь! Нешта, што немагчыма спарадзіць шляхам загадаў, дэкрэтаў, маральных натацый, але што можа з’явіцца і з’яўляецца тады, калі чалавек зрывае свае задушлівыя маскі і паўстае перад сабой і іншымі такім, якім ён ёсць: слабым і адначасова моцным!
Агонь, які з’явіўся «ў касцях» прарока, — гэта любоў, палымяная, безаглядная любоў. Любоў да праўды. Ён адчуў, што не можа не гаварыць праўду, што гэтае полымя вернасці праўдзе мацнейшае за яго сумневы і дылемы. Мабыць, гэта меў на ўвазе Хрыстус, калі казаў: «Я прыйшоў кінуць на зямлю агонь. І вельмі хачу, каб ён чым хутчэй загарэўся!» (пар. Лк 12, 49).
Айцец Пётр Рудкоўскі ОР