Ласка прабачэння

 

Дваццаць чацвёртая звычайная нядзеля — 11 верасня 2011 г.

Чытанні: Сір 27, 30 — 28, 7; Пс 103 (102), 1–2. 3–4. 9–10. 11–12; Рым 14, 7–9

Евангелле паводле Мацвея 18, 21–35

Ласка прабачэння

Сённяшняя прыпавесць пра неміласэрнага даўжніка з’яўляецца для нас перасцярогаю. Магчыма, што Бог прабачыў мне ўжо не аднойчы і не адзін кепскі ўчынак, аднак, калі я не прабачаю сваім ворагам, са мною здарыцца тое, што здарылася з чалавекам, пра якога распавядае сённяшні ўрывак з Евангелля. Спачатку ён атрымаў прабачэнне віны, але 

з-за таго, што пасля ён не дараваў віны свайму бліжняму, яму было адмоўлена ў прабачэнні. Чаму так адбылося?

Праўдападобна, таму, што ён не здолеў адпаведна ацаніць тое прабачэнне, якое атрымаў ад свайго гаспадара. Таму, калі я не здолею прабачыць свайму ворагу, я, напэўна, таксама не атрымаю прабачэння, якое дае мне Бог. Разгледзім пытанне ўсебакова. Без Божага прабачэння пакараннем за грахі будзе вечнае пекла. Ці ж не з’яўляецца грахом непрабачэнне ворагам і непрыяцелям? Калі мне цяжка прабачыць свайму ворагу, я найперш павінен у споведзі пакаяцца ў гэтай няздольнасці, у гэтым граху непрабачэння. Пасля трэба вельмі прасіць аб ласцы прабачэння ворагам, трэба маліцца аб гэтым. Варта паразважаць і параўнаць кару пекла, якая будзе доўжыцца вечна, з крыўдаю, якую прынеслі нам людзі. Крыўда, якую мы сцярпелі ад ворага на зямлі, не такая вялікая, як пакаранне вечным пеклам. А раны, якія мы атрымалі з-за перанесенай крыўды, Езус здолее аздаравіць. Цярпенне з-за крыўды, якую мы перажылі, дае нам шанец напоўніцца прабачальнай лю­боўю, якою вызначаюцца сапраўдныя вучні і сябры Пана Езуса. 

Молімся: Ойча, адпусці нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым…

Айцец Раман Шульц ОР

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней