Міласэрнасць, што вышэй за справядлівасць

 

Дваццаць пятая звычайная 

нядзеля — 18 верасня 2011 г.

Чытанні: Іс 55, 6–9; Пс 145 (144), 2–3. 8–9. 17–18; Флп 1, 20с–24. 27а;

Евангелле паводле Мацвея 20, 1–16а

Міласэрнасць, што вышэй за справядлівасць

Сiтуацыя, апiсаная ў прыпавесцi, была добра вядомай як для самога Езуса, так і для Яго слухачоў. А менавiта: у час збору ўраджаю патрэбна было шмат рук для працы. Таму гаспадар вiнаграднiка i накіраваўся на плошчу, упэунены ў тым, што знойдзе там пра­цаў­нi­коў, патрэбных яму. Першых ён знаходзiць на світанні, апошнiх а пятай гадзiне пасля абеду. Першым абяцае заплацiць дынар — у той час гэта быў заробак за дзень працы; iншым таксама абяцае заплаціць, як кажа Евангелле, «справядлiва». Але вось сюрпрыз:  вечарам апошнiя атрымоўваюць таксама дынар, як i першыя. Тыя абураюцца, не згаджаюцца, высылаюць дэлегацыю і пратэстуюць, цягнучы за сабою i тых апошнiх, якiя зрэшты не мелi прычыны для пратэсту.  Аднак гаспадар са свайго боку тлумачыць усё са спакоем духу, заканчваючы пытаннем: «Цi вока тваё зайздросцiць, што я добры?»

Гэтая дабрыня гаспадара, у якiм, як кожны здагадаўся, хаваецца вобраз Бога,  з’яўляецца для нас чымсьцi незразумелым і нават нелагiчным. І кожны можа задаць сабе пытанне: дзе тут справядлiвасць? Але Божая логiка мiласэрнасцi i любовi цалкам адрознiваецца ад чалавечай, i мiласэрнасць перавышае справядлiвасць.  Дынар — гэта  Божая ўзнагарода, якiм ёсць жыццё вечнае, валадарства Святой Тройцы. I Бог настолькi прагне збаўлення кожнага чалавека, што Яго мiласэрнасць, праяўленая  нават да самых закаранелых  злачынцаў (варта ўзгадаць укрыжаванага побач з Панам Езусам злачынцу, які пакаяўся; гл. Лк 23, 40–43) проста абурае. Але гэтыя незадаволенасць i абурэнне, якiя часам выходзяць з нашага сэрца, выяўляюць нашую зацвярдзеласць i неразуменне Божых планаў. Амэн.  

Айцец Віталь Сапега ОР

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней