Дваццаць шостая звычайная
нядзеля — 25 верасня 2011 г.
Чытанні: Эзх 18, 25–28; Пс 25 (24), 4–5. 6–7. 8–9; Флп 2, 1–5
Евангелле паводле Мацвея 21, 28–32
Мытнікі і распусніцы — на чале калоны збаўленых?
«Сапраўды кажу вам, што мытнікі і распусніцы наперадзе вас ідуць у Валадарства Божае». Уяўляеце сабе як крочыць калона, якую ўзначальваюць гарэзлівыя спадарыні ў міні-спадніцах і з глыбокім дэкальтэ?
Евангелісты былі настолькі ўнутрана свабоднымі, што не палічылі нават патрэбным сказаць нешта накшталт «былыя распусніцы» або «былыя мытнікі». Яны быццам наўмысна вырашылі справакаваць слых сучасных ім «праведнікаў», якія сваю «праведнасць» ператварылі ў высачэзны бетонны мур, каб аддзяляць «сябе» ад «іх».
У розных месцах і ў розныя часы займеннікі «мы» і «яны» напаўняліся розным зместам. Фарысеі — мытнікі, артадоксы — ерэтыкі, католікі — схізматыкі — вось жменька прыкладаў гэтага напаўнення. Аднак сутнасць застаецца той самай: пыха замінае бачыць твар бліжняга. Замкнёныя ў сваёй пысе «праведнікі» няздольныя пабачыць у «мытніках», «распусніцах», «ерэтыках», «схізматыках» і г.д. вобраз дзяцей Божых, хай сабе заплямлены грахом, месцамі сапсаваны, але ўсё ж прыгожы. Будучы замкнёнымі, «праведнікі» явяцца як несвабодныя, перапоўненыя нараканнямі і прэтэнзіямі на «грэшны свет», пазбаўленыя радасці і абмежаваныя ў спагадзе. Вось чаму «праведнікі» з розных эпохаў нярэдка прайграюць «мытнікам і распусніцам» у здабыванні Валадарства Божага.
Айцец Пётр Рудкоўскі ОР