Касцёл і камунікацыя

З 12 па 15 мая ў Беларусі з візітам знаходзіўся арцыбіскуп Клаўдыё Марыя Чэллі, старшыня Папскай рады па справах масавай камунікацыі. Асноўнай мэтай візіту прадстаўніка Ватыкана ў нашу краіну было правядзенне канферэнцыі для свецкіх і рэлігійных СМІ.

12 мая адбылася сустрэча першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандра Радзькова з арцыбіскупам Клаўдыё Чэллі. Супрацоўніцтва Касцёла і дзяржавы ў навучанні дзяцей і моладзі годнаму карыстанню інтэрнэтам і іншымі сучаснымі СМІ была адной з тэмаў сустрэчы. У парадку дня былі і такія пытанні, як роля СМІ у сучасным грамадстве, інтэрнэт і яго ўплыў на развіццё дзяцей і моладзі. Старшыня ватыканскага ведамства адзначыў, што СМІ павінны служыць яднанню людзей, а сама інфармацыя павінна мець аб’ектыўны характар. Сустрэча прайшла ў прыязнай і цёплай атмасферы. Аляксандр Радзькоў запрасіў арцыбіскупа Чэллі ў будучыні ізноў наведаць Беларусь.

13 мая ў мінскім касцёле св. Сымона і Алены арцыбіскуп Клаўдыё Марыя Чэллі сустрэўся з прадстаўнікамі свецкіх СМІ. Ватыканскі іерарх выступіў з дакладам на тэму «Інфаэтыка дзеля міру ў глабалізаваным грамадстве», а таксама адказаў на пытанні журналістаў. Госць з Апостальскай Сталіцы заклікаў прысутных прадстаўнікоў СМІ да дыялогу. Менавіта досвед журналістаў, як падкрэсліў арцыбіскуп, дапаможа яму ў разуменні шляху, па якім ідзе Беларусь. Сёння, як і ва ўсе часы, па словах іерарха, неабходна інфаэтыка дзеля абароны чалавечай асобы праз сацыяльную камунікацыю, якая павінна базавацца на «стратэгіі даверу». На чым жа будуецца «стратэгія даверу»? Праўда, справядлівасць, свабода і любоў — вось чатыры слупы гэтай стратэгіі.

У той жа дзень адбылася сустрэча арцыбіскупа Клаўдыё Марыя Чэллі з прадстаўнікамі рэлігійных СМІ. На што павінны звяртаць увагу рэлігійныя СМІ? Як каталіцкай прэсе навучыцца размаўляць на мове сучаснага чалавека, які часта не мае ніякага дачынення да Касцёла? На гэтыя і іншыя пытанні адказаў старшыня Папскай рады па справах масавай камунікацыі.

14 мая ў Епархіяльным упраўленні Беларускай Праваслаўнай Царквы адбылася сустрэча Мітрапаліта Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, і арцыбіскупа Клаўдыё МарыяЧэллі.

15 мая старшыня Папскай рады па сродках масавай камунікацыі ўзначаліў у мінскім архікатэдральным касцёле святую Імшу з удзелам дзяцей. Літургію, якая распачалася спевам дзіцячага хору, канцэлебравалі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і беларускія святары.У гэты дзень арцыбіскуп Клаўдыё Марыя Чэллі адляцеў у Рым.


Паводле сайта catholic.by

 

Касцёл і камунікацыя

З даклада старшыні Папскай рады па сродках масавай камунікацыі арцыбіскупа Клаўдыё Марыя Чэллі падчас сустрэчы з рэлігійнымі СМІ


Абавязкі Касцёла ў сферы камунікацыі як дыяканія культуры

Прыярытэтным заданнем, на наш погляд, з’яўляецца данесці голас Касцёла ў працэс фармавання грамадскай думкі. Касцёл як установа сацыялізацыі выконвае такім чынам важную функцыю перадачы ведаў, каштоўнасцяў, ацэнкі і інтэрпрэтацыі падзеяў. Таму фармаванне грамадскай думкі азначае для Касцёла падтрымліваць зносіны з асобамі, інфармуючы іх, разам з імі разглядаючы праблемы, выходзячы з замкнутасці на сабе. У сферы адносінаў паміж СМІ і фармаваннем грамадскай думкі мы, вернікі, таксама пакліканыя праяўляць творчы культурны падыход з мэтаю арыентавання і выхавання адносінаў, складання ўяўленняў, падтрымкі ў выбары каштоўнасцяў. Вернікі, як і іншыя грамадзяне, маюць права на выказванне.

«Сапраўды, ніводзін шлях не можа і не павінен быць закрыты для таго, хто ў імя ўваскрослага Хрыста імкнецца ўсё больш набліжацца да чалавека. Рэлігійная свабода паўстае як „свабода свабодаў“» .

СМІ насамрэч накладаюць сёння адбітак на асноўныя выхаваўчыя працэсы і абумоўліваюць іх, ад сям’і да школы, і перадача веры рознымі касцёльнымі супольнасцямі не з’яўляецца выключэннем. Мы пакліканыя да таго, каб прыняць антрапалагічны выклік, каб яскрава паказаць духоўнае вымярэнне існавання і першынство Бога ў жыцці людзей. «Пільная выхаваўчая патрэба», што ўключае ў сябе «перадачу веры новым пакаленням», — гэта «выклік камунікацыі». Шмат разоў Святы Айцец нагадваў нам пра гэта, запрашаючы да актыўнага ўдзелу перадусім моладзь, народжаную ў век электронікі, заклікаючы яе несці ў электронны свет сведчанне сваёй веры і давяраючы ёй «заданне евангелізацыі гэтага „электроннага кантыненту“».

Камунікацыя змяняе наш свет і спосаб зносінаў паміж намі,
уплываючы на культуру і на яе распаўсюджванне, а таксама на ўспрыманне і разуменне самога жыцця. Гэта датычыцца таксама місіі Касцёла, бо яна нясе з сабою адказнае антрапалагічнае заданне навучыць быць чалавекам <...>. Сапраўды, камунікацыйнае асяроддзе выклікае «пазітыўныя і негатыўныя наступствы для псіхалагічнага, маральнага і культурнага развіцця асобы, для структуры і функцыянавання грамадства, для міжкультурнага абмену, для ўспрымання і распаўсюджвання каштоўнасцяў, для ўяўленняў пра свет, для ідэалогій і рэлігійных перакананняў». Тэрмінова неабходна, каб Божы Касцёл арганізаваўся для каардынацыі свайго камунікацыйнага абавязку з мэтаю даваць зладжанае і праўдзівае сведчанне.


Некалькі думак адносна гэтага задання

Аднак нельга разглядаць камунікацыю як дадатковае лоббі для касцёльнага жыцця. «Магчыма, гэты арэапаг быў крыху занядбаны: зазвычай прыярытэт аддаецца іншым прыладам для абвяшчэння Евангелля і выхавання, у той час як СМІ пакідаюцца ініцыятыве адзінак або маленькіх групаў і ўключаюцца ў душпастырскія праграмы толькі як другасны элемент. Тым не менш, дзейнасць у сферы сродкаў масавай інфармацыі мае на мэце не толькі павялічыць колькасна «дабравесце»: гаворка ідзе пра штосьці больш глыбокае, бо сама справа евангелізацыі сучаснай культуры ў вялікай ступені залежыць ад іх уплыву». Камунікацыя з’яўляецца не толькі «дадатковаю сфераю дзейнасці, што далучаецца да іншых кірункаў дзейнасці Касцёла: сацыяльная камунікацыя сапраўды павінна адыгрываць сваю ролю ва ўсіх аспектах місіі Касцёла. Такім чынам, нельга задаволіцца толькі наяўнасцю душпастырскай праграмы ў сферы камунікацыі, а неабходна, каб камунікацыя стала неад’емнай часткай кожнай душпастырскай праграмы, бо яна сапраўды павінна зрабіць свой унёсак у кожнае іншае апостальства, служэнне ці праект» .

Перад абліччам усё больш складанай інфармацыйнай мазаікі Касцёл павінен даваць не агульныя адказы, прыдатныя на ўсе выпадкі жыцця, а выразныя і дастасаваныя да розных узроўняў. Калі ўжо Біблія Гутэнберга была першай друкаванай кінгай, калі з даўніх часоў Касцёл прысутнічае ў свеце СМІ (праз друк, радыё, тэлебачанне і ўэб-сайты), сёння неабходна перапрацаваць камунікацыйную стратэгію, каб скаардынаваць рэсурсы, выкарыстоўваючы патэнцыял новых СМІ.

Першым асноўным пунктам, на маю думку, з’яўляецца фармацыя на ўсіх узроўнях з мэтаю спрыяць дыялогу з навуковым і даследчыцкім светам. Адукацыя ў галіне камунікацыі павінна стаць неад’емнай часткай фармацыі тых, хто працуе ў душпастырстве, і святароў. Неабходна нанава перагледзець праграмы навучання і па магчымасці арганізаваць семінары дзеля пастаяннай фармацыі ўсіх, хто так ці інакш займаецца душпастырствам.

У сваім пасланні на 44-ы Сусветны дзень сацыяльнай камунікацыі «Святар і душпастырства ў электронным свеце: новыя сродкі інфармацыі ў служэнні Слова» Святы Айцец Бэнэдыкт XVI заахвочвае біскупаў, святароў і ўсіх, хто працуе ў душпастырстве, зрабіць «Бога жывым і дзейсным у сённяшняй рэчаіснасці, прадстаўляючы рэлігійную мудрасць мінулага як багацце, чэрпаючы з якога можна годна пражыць сённяшні дзень і належным чынам пабудаваць будучыню». Камунікацыйныя працэсы з’яўляюцца «шляхамі, на якіх Касцёл пакліканы выконваць „дыяканію культуры“ на сучасным „электронным кантыненце“. З Евангеллем у руках і ў сэрцы варта нанава сцвердзіць, што прыйшоў час таксама для таго, каб працягваць рыхтаваць шляхі, якія вядуць да Божага слова, не забываючыся прысвячаць асаблівую ўвагу тым, хто знаходзіцца ў стане пошуку; больш за тое, праяўляць пра гэта нястомны клопат як першы крок евангелізацыі».

Акрамя таго, я лічу мэтазгодным заахвоціць да такой арганізацыі ўстановаў камунікацыі, каб яны былі месцам зносінаў, платформай для дыялогу і крыніцай ідэяў адносна сучаснай місіі Касцёла і дыялогу са светам. Гэта складанае пытанне, для вырашэння якога патрэбныя спецыялісты, падрыхтаваныя ў духу ўзаемнай адказнасці, каб дыяцэзіі і касцёльныя структуры маглі арганізаваць пры сабе органы друку і інфармацыі, прэс-службы, вэб-сайты і да т.п. з мэтаю даносіць сваё служэнне. Такім чынам стане магчымым даць канкрэтныя аргументы, рэалізуючы эфектыўную камунікацыю ў касцёльным асяроддзі, каб ахапіць тых, хто знаходзіцца звонку, часам далёка ад Касцёла або ў іншым культурным асяроддзі.
Нельга забывацца пра вядзенне працы з хрысціянамі, якія працуюць у сферы камунікацыі: у свецкіх СМІ і інфармацыйных агенцтвах. Яны сапраўды сутыкаюцца з праявамі псіхалагічнага ціску і этычнымі дылемамі там, дзе Касцёл мае падобную душпастырскую зацікаўленасць. Таму вельмі важна наладзіць супрацоўніцтва з міжнароднымі каталіцкімі інфармацыйнымі арганізацыямі і з блізкімі да Касцёла прафесійнымі аб’яднаннямі ў гэтай сферы. Іх работнікі з’яўляюцца кваліфікаванымі і кампетэнтнымі супрацоўнікамі як для біскупскіх канферэнцый, так і для паасобных біскупаў. Можна меркаваць, што сеціва, на шчасце, служыць касцёльнай сувязі: «быць у сеціве азначае быць часткай дынамічнай сісітэмы, структуры з’яднанняў, размоваў, гісторый і апавяданняў». Ужо існуюць сумесныя праграмы, якія транслююцца па радыё і па тэлебачанні і спрыяюць ўмацаванню каталіцка-праваслаўнага дыялогу ў вашай краіне. Камунікацыя — гэта прыярытэтная прастора для вядзення ў духу ўзаемнай павагі дыялогу паміж рознымі часткамі грамадства. Зразумела, што Касцёл павінен клапаціцца пра меншасці і пра найбольш бедных, асаблівую ўвагу прысвячаючы папулярным і традыцыйным сродкам інфармацыі, пра якія нельга забывацца, таму што яны могуць спрыяць актыўнаму, самастойнаму і адказнаму ўдзелу ў працэсах сацыяльнай камунікацыі. Сёння хрысціяне, якія працуюць у сферы камунікацыі, пакліканыя да служэння, што спрыяе адбудове супольнага жыцця, заснаванага на павазе да іншага чалавека.

Адзінства чалавечага роду, створанага Богам на Ягоны вобраз і пакліканага да супольнага прызначэння, якім ёсць «паўната жыцця ў Богу», — гэта збаўчая місія, даручаная Касцёлу ў дары Святога Духа (пар. Lumen Gentium, 1). «У Слове, якое сталася целам, з’ява камунікацыі дасягае найвышэйшага пункту ў сваім збаўчым вымярэнні…» («Хуткае развіццё», 4); «Зносіны паміж Богам і чалавецтвам такім чынам дасягнулі дасканаласці ва ўцелаўлёным Слове» («Хуткае развіццё», 5). Я мог бы дадаць, што «Слова стала інфармацыяй, камунікацыяй». Таму запрашаю вас паразважаць над гэтым, каб пазбавіцца ад недаверу, каб вызначыць канкрэтныя планы душпастырскай дзейнасці.

Тое, што мы з’яўляемся носьбітамі радаснага Дабравесця, патрабуе ад нас дзейнічаць у гэтым кірунку. Нашая тоеснасць і нашая місія заключаюцца ў тым, каб перадаваць пасланне Езуса Хрыста самім нашым жыццём. «Па тым пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго» (Ян 13, 35). «Паглядзіце, як яны любяць адзін аднаго!» — менавіта такім павінен быць цудоўны знак прызнання Касцёла і, магчыма, ідэал для планавання ў сферы камунікацыі. Здольнасць утвараць грамадства, у якім асобы сустракаюцца і камунікуюць (твораць камунію, супольнасць), прымаюць адзін аднаго і нясуць адзін за аднаго адказнасць, з’яўляецца рэалізацыяй місіі Касцёла. Гэта патрабуе адпаведнасці паміж словамі і жыццём. Сапраўды, мы можам мець вызначаныя асновы і стратэгію дзейнасці ў сферах выхавання, інфармацыі, вытворчасці, арганізацыі, але, калі не маем любові, перафразуючы святога Паўла, усё гэта нічога не варта — гэта толькі «медзь звонкая» (1 Кар 13, 1).

Я не маю намеру адмаўляць неабходнасць падрыхтоўкі кампетэнтных асобаў, стварэння сетак і ўстановаў камунікацыі і сувязі з грамадствам (public relations), але яшчэ раз настойліва прашу перадаваць тое, чым мы з’яўляемся, — праўдзівае веравучэнне і праведнае жыццё, перадаваць вялікую любоў Бога да чалавека, да кожнага чалавека. Да таго ж на гэты конт Хрыстус даў нам найбольш дакладны крытэрый ацэнкі: «Па іх пладах пазнаеце іх» (Мц 7, 16).

Цэтлікі: Падзеі

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней