Перад смерцю ўбачыў Хрыста Міласэрнага

Вельмі хачу, каб, прачытаўшы гэты матэрыял, веруючыя людзі яшчэ больш давяралі Божай міласэрнасці, а грэшнікі не баяліся звярнуцца да Хрыста.

Я сама пачала маліцца Вяночак да Божай Міласэрнасці, калі прачытала дзённік святой Фаўстыны Кавальскай «Божая міласэрнасць у маёй душы». Пан Бог абраў простую неадукаваную манахіню вястункай Яго Міласэрнасці. І было гэта не так ужо і даўно — у 30-я гады мінулага веку. У сваіх аб’яўленнях Езус Хрыстус казаў Фаўстыне: «Дачка Мая, дапамажы Мне ратаваць душы. Апавядай свету аб Маёй Міласэрнасці, аб Маёй любові. Няхай не баіцца наблізіцца да Мяне слабая грэшная душа — нават калі ў яе будзе больш грахоў, чым пяску на зямлі, усё гэта патоне ў бездані Маёй Міласэрнасці». І гэта праўда! У сваім жыцці я шмат разоў мела магчымасць упэўніцца ў гэтым. Вось толькі адзін прыклад.

Пяцідзесяцігадовы Аляксандр шмат гадоў правёў у месцах зняволення. Яго цела было размалявана шматлікімі татуіроўкамі, а душа заплямлена цяжкімі грахамі. І вось гэты чалавек цяжка захварэў. Родныя і сваякі яго амаль не наведвалі. Зрэдку прыязджаў дарослы сын. Затое да яго кожны дзень прыходзіла нашая сястра ў Хрысце Ніна, якая належыць да суполкі «Каштоўная пярліна». Яна яго карміла, даглядала, а, галоўнае, яна за яго малілася Вяночак да Божай Міласэрнасці. З часам і Аляксандр пачаў таксама з ёю маліцца. Потым захацеў паспавядацца. Мы з сястрой Нінай прывезлі да яго ў кватэру праваслаўнага святара (Аляксандр быў ахрышчаны менавіта ў гэтай Царкве). Ён паспавядаўся і прыняў Езуса Хрыста ў святой Камуніі. Назаўтра, калі яны з Нінай зноў маліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці, Аляксандр раптам замоўк, а потым ускрыкнуў: «Ніна, Езус Міласэрны з намі, паглядзі!». Хворы убачыў жывога Хрыста, які пяшчотна яму ўсміхаўся. Назаўтра Аляксандр адышоў у вечнасць. Мы былі спакойныя за гэтую душу, праз якую Пан Бог яшчэ раз пацвердзіў тое, што казаў св. Фаўстыне: «У гадзіну смерці Я буду бараніць кожную душу як сваю славу, калі яна будзе чытаць гэты вяночак альбо калі побач з паміраючым іншыя будуць чытаць яго...» (Дз.811). 

У сваім дзённіку св. Фаўстына апісвае кананне аднаго грэшніка, за якога яе прасіў памаліцца Езус. Калі яна пачала чытаць Вяночак да Божай Міласэрнасці, убачыла, як анёл-ахоўнік бараніў гэтую душу, але быў бяссільны.  Затое мноства злых духаў радавалася ў чаканні гэтага грэшніка. Раптам сястра ўбачыла Езуса. З Яго Сэрца выходзілі два промні, якія ахіналі хворага, а сілы цемры ў паніцы ўцяклі. Так, напэўна, адбывалася і з душою нашага падапечнага Аляксандра. Мы дзякуем Пану Богу за магчымасць дапамагчы гэтай беднай душы, дзякуем за яе выратаванне.

Вядома, што гэты год у мясцовым Касцёле — Год Божай Міласэрнасці. У Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі адбываецца паўторная перэгрынацыя абраза Езуса Міласэрнага. Гэта вялікая ласка для кожнага з нас, але гэта абавязак і заданне праслаўляць Божую Міласэрнасць, апавядаць усім наўкола пра цудадзейны абраз Езуса Міласэрнага і пра цудадзейную малітву — Вяночак да Божай Міласэрнасці. Трэба таксама не баяцца ісці да хворых і паміраючых, каб дапамагаць Езусу вырываць душы з палону цемры, як гэта робіць нашая сястра Ніна. Пра такіх людзей Езус казаў св. Фаўстыне:«Душы, якія распаўсюджваюць ушанаванне Маёй Міласэрнасці, Я абараняю на працягу ўсяго жыцця, як клапатлівая маці: і ў гадзіну смерці Я буду для іх не суддзёю, але міласцівым Збавіцелем».


Галіна Шэўчык, сябра суполкі «Каштоўная пярліна».

Цэтлікі: Сведчанні

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней