Вучымся ў нашага Настаўніка

Не толькі тады Ён вучыць нас маліцца, калі пераказвае сваім вучням тэкст малітвы Ойча наш... Паспрабуйма паназіраць, як і калі Ён сам моліцца.

Пачатак служэння

Ён пачаў яго менавіта з малітвы. Прыгадаем, што пасля хросту ў Ярдане, калі Езус маліўся, на Яго сышоў Дух Святы, і Айцец засведчыў, што Езус — гэта Яго Сын узлюблены (пар. Лк 3, 21–23).

Услухоўваючыся ў голас Айца

Пасля таго, як Езус цэлы дзень прысвяціў служэнню ў Капернаўме, навучаючы ў сінагозе, наведваючы людзей, ацаляючы і выганяючы злых духаў, на досвітку наступнага дня Ён найперш аддаліўся ў пустэльнае месца і там маліўся. Ці заўсёды разумелі ўсю важнасць тых хвілінаў Яго вучні? Хіба што, не. Бо яны ідуць услед за Ім, знаходзяць і кажуць: «Усе шукаюць Цябе». Яны прагнулі як найбольш дзейнічаць... Але чым больш Езус ацаляў і вызваляў людзей ад злых духаў, тым больш Ён адчуваў неабходнасць быць адзін на адзін з Богам у малітве. Нішто не магло замяніць для Яго гэтых хвілінаў.

Праца — і ёсць малітва?

На жаль, многія сучасныя хрысціяне схільныя паддацца гэтаму лозунгу, забываючы, што гэта толькі палова праўды, бо ніякі аб’ём дзейнасці, нават на карысць Касцёла, не можа замяніць малітвы. Яшчэ горш: часам поспех у нейкім служэнні можа зрабіць чалавека самазадаволеным і ён пачне неўпрыкмет усё больш спадзявацца ў сваёй дзейнасці на сябе, а не на Бога. Калі 70 вучняў радаваліся, што злыя духі паддаюцца ім, Езус асцярог іх: «...радуйцеся найперш таму, што вашыя імёны запісаны ў нябёсах» (пар. Лк 10, 20).

...і вучні Яго былі разам з Ім

Вучні часта былі сведкамі таго, як іх Настаўнік размаўляе з Айцом Нябесным і заступаецца за іх. Памятаем, як на пытанне Езуса, кім лічаць Яго людзі, Пётр вызнаў свайго Настаўніка Сынам Божым і Месіяй. На першы погляд, гэта можна палічыць сведчаннем веры вучняў, асабліва Пятра, але ў сапраўднасці гэта заслуга Езуса, таму што Ён у гэты час маліўся за сваіх вучняў (пар. Лк 9, 18–20). Самым важным, што Езус рабіў дзеля дабра сваіх вучняў, была менавіта малітва за іх, асабліва за правільнае прыняцце імі Боскага Адкрыцця, за шчырае пакаянне і моцную веру (Лк 22, 32), за адзінства і абарону ад злога (Ян 17, 15–21).  Езус закончыў сваю працу на зямлі, але на Небе Ён хадайнічае за нас (Рым 8, 34).

Стань і ты заступнікам

Наследуючы прыклад Езуса, мы таксама зможам шмат чаго дасягнуць дзякуючы заступніцкай малітве. Як жа шмат зможа дасягнуць настаўнік, калі ён кожнае раніцы будзе маліцца за сваіх вучняў! Як шмат добрага зможа зрабіць медсястра, калі да пачатку свайго працоўнага дня яна будзе давяраць Богу ўсе тыя справы, што чакаюць яе, каб як найлепш паслужыць сваім пацыентам і дапамагчы ім! Якіх цудоўных вынікаў дасягнуць лідар альбо ўдзельнік малітоўнай групы, калі яны кожны дзень будуць праводзіць пэўны час на адзіноце, молячыся з настойлівасцю, якая была характэрнаю для ўдавы з прыпавесці, і будуць працягваць маліцца разам з іншымі, згодна з абяцаннем Езуса пра дваіх альбо траіх, што збяруцца ў імя Яго (пар. Мц 18, 19–20)!

У хвіліны пакінутасці

Хто з нас не перажываў гэтых горкіх хвілінаў, калі раптам здасца, што ты застаўся сам-насам са сваімі праблемамі, а ўвесь свет нібы аглух ці прымружыў вочы, каб не чуць і не бачыць, як табе цяжка?

Па сведчанні евангеліста Лукі апошнія малітвы Езуса ў Садзе Аліўным пачыналіся так: «Ойча! О калі б...» (Лк 22, 42) Гэта найлепшая малітва, з якой чалавек можа звяртацца да Бога ў хвіліны сваіх цяжкіх выпрабаванняў.

Кожны чалавек у сваім жыцці перажывае пакуты і мучэнні. У Евангеллі яны перададзены грэцкім словам «агонія», што азначае цяжкую і пакутлівую барацьбу, якая ахоплівае волю, розум, сэрца і цела. Гэта можа быць агонія Юды, які дайшоў да адчаю і самагубства, альбо агонія Стэфана, якога збіваюць камянямі, а ён бачыць славу Божую. Гэта можа быць агонія, якая становіцца яшчэ больш невыноснай, бо мы ведаем, што яе прычынай сталі найбліжэйшыя для нас людзі. І тады як жа цяжка, але як жа патрэбна дзеля нашай перамогі усклікнуць да Бога: «Ойча! Прабач ім, бо не ведаюць, што чыняць» (Лк 23, 34).

Пане, навучы нас маліцца!


Падрыхтавала Ірына Жарнасек.
Паводле: а. Руфус Перэйры, «Езус сёння».

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней