Чатырнаццатая звычайная нядзеля — 3 ліпеня 2011 г.
Чытанні: Зах 9, 9–10. ; Пс 145 (144), 1–2. 8–9. 10–11. 13cd–14; Рым 8, 9. 11–13
Евангелле паводле Мацвея 11, 25–30
Сённяшняя літургія паказвае нам пакорнага Месію. Ужыванне слова «пакорны» ў дачыненні да пераможнага, трыумфуючага Валадара можа здавацца нам дзіўным. Мы прывыклі памылкова разумець пакору як прыніжэнне сваёй вартасці. Пакора ж з’яўляецца праўдаю аб сабе самім, а не заніжанаю самаацэнкаю. Таму трыумфуючы Месія пакорны. Ён не нагадвае валадароў гэтага свету. Ён не павінен выкарыстоўваць сваю ўладу, каб пераканаць іншых, і перадусім самога сябе, у сваёй значнасці і вартасці. Нічога з Яго моцы не марнуецца, усё з’яўляецца любоўю.
Пан Езус заклікае нас сёння жыць у пакоры. Пакорны чалавек — гэта той, хто ўсведамляе сваю абмежаванасць, але ведае і свае добрыя бакі. Жывучы ў праўдзе адносна сябе самога, чалавек атрымлівае сапраўдную свабоду. Ён не павінен прасіць прызнання як міласціны. Ён не павінен марнаваць свае сілы і таленты, каб здавацца тым, кім не з’яўляецца. Ён здольны любіць і чыніць дабро дзеля дабра, а не дзеля таго, каб хтосьці іншы добра пра яго падумаў. Ён здольны будаваць сапраўдныя стасункі з людзьмі, не баючыся, што хтосьці даведаецца пра яго праўду. Абмежаванні і недахопы перастаюць быць нечым вартым сораму, а становяцца месцам радаснага прыняцця дару. Пакорны чалавек не робіць перашкодаў
любові, можа цалкам прымаць удзел у тым, каб наўзаем браць і аддаваць.
Пан Бог прагне, каб мы будавалі нашыя стасункі з Ім у пакоры. Ён не хоча, каб мы нешта з сябе ўдавалі, імкнуліся заслужыць Яго любоў. Ён любіць нас і хоча нас адарыць. Ад нас залежыць, ці прымем мы дар, ці згодзімся прызнаць, што гэты Божы дар нам патрэбны.
Айцец Крыштаф Коц’ян ОР