Добрыя справы

Мінае яшчэ адна вясна нашай зямной вандроўкі. Мінаюць імкненні, жаданні, мары. Мы дасягаем нейкіх сваіх мэтаў, ствараем новыя планы, але імкнемся заўсёды трымаць у галаве галоўную мэту — жыццё вечнае...

Не сакрэт, што маладое пакаленне сёння проста патанае ў прорве граху. Не ўсе мелі магчымасць сустрэць Бога ў царкве, касцёле. Бог кожнаму адкрываецца па-рознаму. Але кожная душа прагне гэтага святла, і ніякае алкагольнае ап’яненне ці наркатычны дурман не схаваюць і не заглушаць гэтага прагнення. Душа шукае, прагне, часам пакутуе ў адзіноце, непаразуменні, агрэсіі, нянавісці да сябе. Адсюль суіцыды. Трэцяе месца па колькасці суіцыдаў займае наша краіна ў Еўропе. Першае — па колькасці разводаў. Ад болю стогне сучасны свет. Ці можаш ты заставацца абыякавым да гэтых праблемаў?

Чаму так шмат рэкламы, так шмат намаганняў прыкладаецца для таго, каб навязаць такі лад жыцця? А што робім мы, хрысціяне, каб супрацьстаяць гэтаму? Так, мы молімся. І не толькі за сябе і сваіх родных, але і за збаўленне свету ад панавання хлусні, несправядлівасці. Шмат людзей бяруць духоўную апеку над ненароджанымі дзецьмі і моляцца кожны дзень у гэтай інтэнцыі. Вялікая справа, бо ратуюцца жыцці, якія маглі б загінуць у абартарыях.

Але ці дастаткова мы робім? Ці не абмяжоўваецца нашая «дапамога» часам абвінавачваннямі, пасля якіх чалавек канчаткова закрываецца і занепадае яшчэ больш? Ці ўмеем мы з любоўю распавядаць пра хрысціянскае жыццё, не ўзвышаючы сябе ні ў паводзнах, ні ў думках? Не мая гэта і не твая заслуга — тое, што мы жывем з Богам, аддаем падзяку Яму і людзям, малітвамі якіх мы з’яўляемся тым, кім з’яўляемся.

Ці дастаткова мы чынім на хвалу Божую? Вялікая радасць, калі існуе прагненне штосьці рабіць не толькі для сябе і сваіх родных, але і для незнаёмых людзей, якія яшчэ шукаюць праўду. Давайце дзяліцца гэтым багаццем, а не закопваць нашыя «таленты» ў зямлю, як гэта зрабіў неразумны слуга. На Божай ніве патрэбныя розныя працаўнікі, патрэбны кожны з нас, асабліва маладыя людзі, у якіх яшчэ няма ўласнай сям’і, якія маюць больш часу, фізічных сілаў на добрыя справы.

Мы не павінны забывацца пра ўчынкі міласэрнасці. Гэта не толькі міласціна, але і клопат пра старых, інвалідаў, адзінокіх, сіротаў, гэта і асветніцкая дзейнасць. У нашай сістэме адукацыі не прадугледжанае навучанне хрысціянскім каштоўнасцям, таму, за рэдкім выключэннем, дзеці і падлеткі паглынаюць тыя памыі, якія выліваюць на іх некаторыя СМІ. Ці ж не наш гэта абавязак: даць ім інфармацыю, якой так не хапае? І ўжо Божая справа, як малады чалавек яе выкарыстоўвае. Але калі пасеянае зерне будзе падмацаванае нашай малітвай, то, напэўна, Божая міласэрнасць кране гэтых людзей, і святла навокал стане больш праз цябе і мяне.

Што сёння робіцца ў гэтым кірунку? Існуюць малітоўныя рухі, суполкі моладзі. На жаль, нас няшмат, асабліва ў Мінску, дзе так патрэбныя валанцёры. Чаму так многа сёння бясплодных сужэнстваў? Таму што большасць кіруецца «сучасным светапоглядам». Новае пакаленне не ў сілах самастойна разабрацца, што ёсць дабро і зло, дзе праўда, дзе хлусня.

Дзверы навучальных установаў адчыненыя. Падлеткам цікава размаўляць на тэму кахання і закаханасці, яны маюць права ведаць пра хваробы і аборты, не чакаючы, калі гэта закране іх асабіста. Ёсць навучальныя ўстановы, гатовыя ўключыць такія лекцыі ў расклад заняткаў. Каб усеагульная мара хрысціянаў пра хрысціянскае выхаванне ператваралася ў рэальнасць, патрэбныя ты і я, патрэбная нашая дапамога адпаведна са здольнасцямі і навыкамі: праца ў распрацоўцы інфармацыйных матэрыялаў (ролікі, прэзентацыі, улёткі і г.д.), праца ў сацыяльных сетках ці лектарская дзейнасць, малітоўная падтрымка ў час правядзення такіх заняткаў. Калі нават ты не маеш адпаведнай адукацыі, але  маеш жаданне, можна прайсці навучанне, каб пашырыць свае веды ў такіх пытаннях як: «Каханне і закаханасць. Шлях сапраўднага кахання», «Цнатлівасць — аснова шчаслівага сужэнства», «Вынікі сексуальнай рэвалюцыі», «Аборт і яго наступствы», «Даследаванні ўздзеяння алкаголю на рэпрадуктыўнае здароўе моладзі», «Даследаванні сучасных сродкаў кантрацэпцыі», «Метады распазнавання плоднасці як найбольш натуральны і маральны сродак рэгулявання зачацця ў сям’і», «Прафілактыка СНІДу» і г. д.

Асабліва патрэбная дапамога лектараў, якія маюць жаданне працаваць з моладдзю і падлеткамі, бо яны — наша будучыня. Даследаванне трох групаў падлеткаў ва ўзросце ад 15 да 18 гадоў паказала:
24% падлеткаў лічаць, што для сапраўднага кахання патрэбная сям’я, а сексуальныя стасункі могуць быць толькі ў сужэнскім саюзе; 56% лічаць, што адразу патрэбна сумеснае жыццё, а потым шлюб; 20% лічаць, што неабходныя свабодныя стасункі без абавязкаў.

Сярод жыццёвых прыярытэтаў у 34% дзяцей — будучая сям’я і дзеці, у 17% — каханне, у 15% — здароўе, у 12–13% — кар’ера, у 12–13% — блізкія і родныя, Бог на першым месцы толькі ў
9–10% апытаных.

Калі ты жывеш не ў Мінску, ты маеш магчымасць атрымаць па пошце і на e-mail неабходную інфармацыю. Для таго, каб была магчымасць аб’яднацца ў гэтай справе, створаны праект «Добры рух». Па-першае, гэта аб’яднанне моладзі, якая мае прагненне валанцёрскага служэння. Па-другое, гэта суполка ў сацыяльнай сетцы «vkontakte.ru», якая дае магчымасць быць у курсе ўсіх падзеяў і мерапрыемстваў. Пакуль іх няшмат, бо няма вас, тых, хто зможа прымаць у іх удзел. Па-трэцяе, гэта супольная падтрымка, новыя знаёмствы, сумесны адпачынак.

У стадыі распрацоўкі знаходзіцца «Рух чыстых сэрцаў» дзеля аб’яднання моладзі, якая лічыць важным не дапускаць дашлюбных сексуальных стасункаў, марыць пра сапраўднае каханне і хоча навучыцца гэтаму мастацтву быць вернымі і чыстымі.

Што трэба зрабіць, каб стаць лектарам? Трэба далучыцца да грамадскага дабрачыннага аб’яднання хрысціянаў «Абарона жыцця ў яго вытоках…» праз рэгістрацыю ў інтэрнэце на старонцы www.dobr.by. Аб’яднанне існуе з 1995 года. Адным з кірункаў яго дзейнасці з’яўляецца асветніцкая праца ў навучальных установах. Калі ты не маеш адпаведнай адукацыі і ведаў, трэба прайсці навучанне (дыстанцыйна ці на семінарах) і атрымаць пасведчанне лектара ГДА «Абарона жыцця ў яго вытоках…» Ты можаш атрымаць па пошце і на e-mail неабходную інфармацыю, нашая супольнасць дапаможа табе знайсці аднадумцаў у вёсцы, мястэчку, горадзе і дашле ўсю інфармацыю па розных кірунках валанцёрскай дзейнасці. Калі ёсць жаданне падзяліцца сваім творамі (артыкуламі, малюнкамі, фота і відэа-матэрыяламі, музычнымі творамі, даследаваннямі), мы будзем рады ўбачыць іх, распаўсюдзіць і разгледзець магчымасць выставаў, канцэртаў, семінараў і канферэнцый.

Хрысціянскае жыццё — гэта працэс пастаяннага духоўнага ўзрастання і самаадрачэння. Не будзем спыняцца на гэтым шляху. Зробім разам так, каб у свеце было больш радасці і любові. Будзем памятаць, што напрыканцы  жыццёвага падарожжа мы прынясем свае заплечнікі Богу. Няхай там будзе шмат добрых учынкаў, усмешак i радасці, якую мы падаравалі сваім блжнім.


Надзея Буяшова

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней