«Набажэнства да Найсвяцейшага Сэрца Езуса ва ўсіх, хто прысвячае сябе Яму і шчыра ахвяруе сябе, прыносіць багаты плён і здзяйсняе вялікую ўнутраную перамену» (Св. Маргарыта Марыя Алякок)
Інтранізацыя Найсвяцейшага Сэрца Езуса — гэта выбар Езуса ў таямніцы Яго Найсвяцейшага Сэрца. Інтранізацыя Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса азначае прысвяціць цалкавіта Яму сябе (ці сям’ю, супольнасць) і жыць паводле Дэкалогу, Евангелля і вучэння Касцёла. Ніхто не можа зрабіць інтранізацыю за кагосьці, таму што гэта прадугледжвае адмову ад грахоў, і ніхто не можа ўзяць на сябе гэтага абавязацельства за кагосьці. Інтранізацыя — гэта вызнанне веры ў таямніцу Божага Сэрца. Прысвячэнне Сэрцу Езуса з’яўляецца афіцыйным і грамадскім прызнаннем Яго найвышэйшай улады над сям’ёй, асяроддзем і народам. Гэта свядомы акт волі, рашэнне, праз якое мы выбіраем Езуса Панам, Збаўцам і Валадаром. Гэта рашэнне павінна быць прынята індывідуальна ў сваім сэрцы — на асабістым узроўні, каб у асабістым, сямейным і грамадскім жыцці арыенцірам быў Хрыстус, Яго Сэрца, а ў міжчалавечых адносінах — любоў.
У сямейным вымярэнні інтранізацыя адбываецца дзякуючы волі ўсіх членаў сям'і. Інтранізацыя ў грамадскім вымярэнні здзяйсняецца публічна ў святыні, перад касцёльнымі ўладамі і з іх удзелам. Гэта прызнанне, сведчанне веры ў тое, што Езус з’яўляецца Валадаром, што мы хочам жыць паводле Яго Сэрца, што мы цалкавіта аддаем сябе Яго Сэрцу. Хрыстус хоча захаваць нашую свабоду і не навязвае нам свайго панавання. Ён хоча, каб мы свабодна адказвалі любоўю на Яго любоў. Мы прызнаем Езуса Валадаром праз урачыстае размяшчэнне выявы Божага Сэрца на самым важным месцы (дома, у касцёле, у парафіяльных памяшканнях, дзе збіраюцца супольнасці, калі яны прысвячаюць сябе Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса).
Выбіраючы Хрыста нашым Валадаром, мы бярэм на сябе абавязак будаваць цывілізацыю любові. Калі мы хочам, каб прыйшло ў свет Божае Валадарства — Валадарства Праўды, Справядлівасці і Любові, каб дзяржавы і народы прызналі Хрыста Валадаром, мы павінны аднавіць асноўнае — сям’ю. Сям'я павінна быць першым і жывым тронам Караля Любові, якога мы абвяшчаем нашым Валадаром, найлепшым Сябрам і Дарадцам, прызнаем Яго Галавою нашай сям'і. Ушаноўваючы такім чынам Сэрца Езуса, мы хочам перапрасіць Збаўцу за пагарду і непрыманне Яго любові.
У актах інтранізацыі ў супольнасцях важныя тры элементы:
- Вызнанне веры ў Езуса Хрыста, які з’яўляецца Валадаром.
- Прысвячэнне Яго Найсвяцейшаму Сэрцу;
- Імкненне да поўнага выканання таго, што вынікае з хрысціянскай веры ў індывідуальным і супольнасным вымярэнні.
Асноўнымі рэлігійнымі дзеяннямі (актамі) культу Найсвяцейшага Сэрца з'яўляюцца прысвячэнне, уміласціўленне і інтранізацыя.
Парадак інтранізацыі
Інтранізацыя ў сям’і звычайна адбываецца ў прысутнасці святара. Калі няма такой магчымасці, то праводзіць інтранізацыю можа маці, бацька, старэйшая асоба ў сям’і, ці іншая падрыхтаваная асоба. Перад днём, у які плануецца прысвячэнне, пажадана, каб усе члены сям’і адпаведным чынам падрыхтаваліся (былі ў споведзі, прынялі святую Камунію ў інтэнцыі перапрашэння за грахі супраць Найсвяцейшага Сэрца Езуса, благаславілі абраз Сэрца Езуса, які будзе змешчаны ў памяшканні).
Перад інтранізацыяй уся сям’я збіраецца разам, стоячы, напрыклад, каля стала (ці хатняга алтарыка), на якім змешчаны крыж, абраз Найсвяцейшага Сэрца Езуса, і запальваецца свечка.
Святар (ці адказная асоба): У імя Айца і Сына, і Духа Святога.
Усе: Амэн.
Святар (ці адказная асоба): Вызнаем нашу веру: Веру ў Бога...
Усе прамаўляюць Апостальскі сімвал веры.
Святар (ці адказная асоба) нагадвае ўдзельнікам, чаго Езус Хрыстус, наш Пан і Збаўца, чакае ад сем’яў, якія прысвячаюць сябе Яго Найсвяцейшаму Сэрцу. Потым усе становяцца на калені перад выявай Найсвяцейшага Сэрца Езуса.
Святар (ці адказная асоба) прамаўляе Акт прысвячэння:
Пане Езу, з міласэрнасці сваёй згадзіся наведаць гэты дом разам з Тваёй Найсвяцейшай Маці і спашлі на шчаслівых жыхароў гэтай супольнасці ласкі, якія Ты абяцаў сем’ям, што асаблівым чынам прысвячаюцца Твайму Найсвяцейшаму Сэрцу. Бо Ты сам, о Збаўца свету, аб’явіўшыся сваёй слузе, святой Маргарыце Марыі, міласціва заахвоціў, каб шанавалі і любілі Тваё Божае Сэрца, якое так моцна палюбіла людзей, і якое яны так мала любяць і ўшаноўваюць.
Вось гэтая (нашая) сям’я спяшаецца адказаць на Твой заклік і, каб перапрасіць і кампенсаваць за абыякавасць і адступніцтва многіх душ, абвяшчае Цябе, о Найсвяцейшае Сэрца Езуса, сваім умілаваным Панам, прысвячае Табе сёння і назаўсёды ўсе радасці, цяжкасці і цярпенні гэтай (нашай) сям’і, якая з гэтага часу хоча належаць толькі Табе.
Езу Хрыстэ, наш Пан і Збаўца, просім Цябе пакорна: благаславі ўсіх тут прысутных; благаславі таксама тых нашых родных, хто сёння адсутнічае; о Езу, будзь літасцівы да тых нашых родных, хто па Тваёй волі адышоў ужо з гэтага свету.
О Найсвяцейшае Сэрца, поўнае любові, праз Беззаганную Панну Марыю просім Цябе, згадзіся ўсталяваць валадарства любові ў гэтай (нашай) сям’і. Спашлі на ўсіх яе членаў Твой дух веры, святасці і чысціні. Будзь адзіным Панам для нашых душ; беражы нас ад спакусаў гэтага свету і яго шатанскай марнасці. Адкрый нам, Пане, Тваё міласэрнае Сэрца і, як у каўчэгу збаўлення, захавай там усіх нас, бо мы — Твае назаўсёды! Няхай будзе заўсёды любімае, благаслаўлёнае і шанаванае ўсімі намі Найсвяцейшае Сэрца Езуса і Сэрца Яго Найсвяцейшай Маці! Найсвяцейшае Сэрца Езуса, прыйдзі Валадарства Тваё праз Беззаганнае Сэрца Марыі! Амэн.
Святар (ці адказная асоба): Памолімся за тых нашых родных, хто не можа прысутнічаць сёння з намі, каб і яны змаглі некалі прысвяціць сваё жыццё Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса. Ойча наш…, Вітай, Марыя…
Святар (ці адказная асоба): Успомнім нашых родных памерлых, просячы вечнага спакою для іх: Вечны адпачынак дай ім, Пане…
Усе: А святло вечнае няхай ім свеціць. Няхай адпачываюць у супакоі. Амэн.
Затым бацька ці маці сям’і змяшчае абраз Найсвяцейшага Сэрца Езуса на самым пачэсным месцы і ўсе прысутныя разам чытаюць наступную малітву:
Хвала Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса за бясконцую міласэрнасць, якую Ён аказаў нам, шчаслівым жыхарам гэтай сям’і, выбраўшы яе з мноства іншых у спадчыну любові і як месца ўміласціўлення, дзе мы будзем перапрашаць за няўдзячнасць людзей. Мы, частка Твайго вернага статку, пакорна схіляемся перад Табою і дзякуем за такі нечуваны гонар, што мы будзем мець Цябе, Пане Езу, Галавою нашай сям'і! Як жа мы прагнем праслаўляць Цябе і як жа мы радуемся, што Ты, Пане Езу, хочаш разам з нашаю сям’ёю дзяліць нягоды, клопаты і радасці сваіх дзяцей! Мы не вартыя, каб Ты ўвайшоў у наш дом, але Ты ўжо прамовіў слова, у якім адлюстравана прыгажосць Твайго Найсвяцейшага Сэрца, а нашыя душы, прагнучыя Цябе, апынуліся ў ранах Тваіх, о добры Езу, з якіх жывая вада цячэ ў жыццё вечнае.
Таму, у скрусе, але поўныя даверу, мы прыходзім, каб сябе прысвяціць Табе, бо Ты — жыццё, якое ніколі не мінае. Застанься з намі, о Сэрца, тройчы святое, бо мы адчуваем непераможную патрэбу любіць Цябе і будзем старацца, каб і іншыя любілі Цябе, бо Ты, Езу міласэрны, — палаючы агонь, які ахоплівае свет, каб ачысціць яго.
Няхай жа гэты дом будзе для Цябе, о Найсвяцейшае Сэрца, прыемным месцам, каб Ты, Езу, мог тут адпачыць сярод душаў, якія любяць Цябе, якія выбралі лепшую частку шчаслівага даверу Твайму Сэрцу. О Умілаваны Збаўца, няхай наш дом будзе хоць і сціплым, але гасцінным прытулкам для Цябе!
Прыйдзі, Пане Езу, прыйдзі, бо тут, як у Назарэце, чулаю любоўю любяць Панну Марыю, гэтую добрую і клапатлівую Маці, якую Ты сам даў нам. Прыйдзі і напоўні наш дом сваёю наймілейшай прысутнасцю.
Прыйдзі, бо, можа, ужо набліжаецца да нас трывожны вечар смутку, а зманлівы дзень нашай маладосці заканчваецца. Застанься з намі, бо ўжо змяркаецца, і падступны свет хоча акружыць нас ценем сваіх супярэчнасцяў, калі мы не жадаем трымацца нікога, акрамя Цябе, бо толькі Ты ёсць Дарога, Праўда і Жыццё. Дай нам пачуць, о Езу, словы, якія Ты калісьці сказаў: «Я хачу, каб Ты сёння прыняў Мяне ў гэтым доме».
Пане, застанься з намі, каб мы маглі жыць Тваёю любоўю і ў Тваёй Прысутнасці. Мы абвяшчаем Цябе сваім Каралём, таму што не жадаем мець нікога іншага, апроч Цябе.
Няхай будзе заўсёды праслаўленае, благаслаўлёнае і шанаванае ўсімі намі Найсвяцейшае Сэрца Езуса і Сэрца Яго Найсвяцейшай Маці! Найсвяцейшае Сэрца Езуса, прыйдзі Валадарства Тваё праз Беззаганнае Сэрца Марыі! Амэн.
Каб ушанаваць Беззаганнае Сэрца Марыі, молімся:
Вітай, Каралева, Маці міласэрнасці, жыццё, асалода і надзея наша, вітай! Да Цябе звяртаемся мы, выгнаннікі, дзеці Евы. Да Цябе ўздыхаем, стогнучы і плачучы ў гэтай слёз даліне. Дык звярні на нас, Заступніца наша, Твае міласэрныя вочы. І Езуса, благаслаўлёны плод улоння Твайго, з’яві нам пасля выгнання гэтага. О ласкавая, о літасцівая, о салодкая Панна Марыя.
Хвала Айцу…
Найсвяцейшае Сэрца Езуса, змілуйся над намі (3 разы).
Беззаганнае Сэрца Марыі, маліся за нас.
Святы Юзаф, маліся за нас.
Святая Маргарыта Марыя, маліся за нас. Амэн.
Няхай будзе праслаўлена Найсвяцейшае Сэрца Езуса на векі вечныя. Амэн.
Напрыканцы, калі інтранізацыю праводзіць святар, адбываецца благаслаўленне сям’і.
С. Пан з вамі.
Н. І з духам тваім.
С. Няхай Божае благаслаўленне спачне на гэтым доме і яго жыхарах. Няхай вас благаславіць Бог Айцец і Сын, + і Дух Святы.
Н. Амэн.
Прысвячэнне сям’і Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса
(Малітва чытаецца ўсёй сям’ёй)
Пане Езу Хрыстэ, наш Збаўца!
Ты прыйшоў на свет, каб запаліць на зямлі агонь Божай любові, і хацеў, каб ён запалаў у кожным сэрцы. Ты хочаш зрабіць гэта таксама праз сем’і, якія будуць жыць паводле Евангелля. Да такіх сем’яў хочам належаць і мы. Таму сёння Сэрцу Твайму, якое так нас палюбіла, прысвячаем назаўсёды нашу сям’ю. Натхнёныя шчырай і жывой верай, аддаем Табе наш розум, нашую волю і сэрцы, прымаючы Твае запаведзі. Хочам заўсёды жыць Тваім жыццём, як галінкі вінаградніка, захоўваць асвячальную ласку, яднацца з Табою ў штодзённай малітве, у Ахвяры і святой Камуніі. У лучнасці з Касцёлам і яго пастырамі будзем змагацца з грахом, бараніць святасць сужэнства і зачатага жыцця, клапаціцца пра хрысціянскае выхаванне моладзі. Будзем абараняць сям’ю ад п’янства, распусты і нянавісці. Будзь для нас, Езу Хрыстэ, Валадаром і паяднаннем нашых сэрцаў. Благаславі нашую працу і адпачынак, нашыя поспехі і няўдачы. Учыні, каб нашая сям’я, паяднаная з Табою, праслаўляла ў небе Тваю міласэрнасць. Амэн.
IMPRIMATUR
+ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Мінск, № 161/к/23 ад 31 ліпеня 2023 г.