Як свечка на алтары

 Антоні Ляшчэвіч (1890 — 1943)

 Юры Кашыра (1904 — 1943)

 Святары, законнікі, мучанікі

Гэта той выпадак, калі па­асобку пра людзей гаварыць немагчыма. І не толькі таму, што яны абодва належалі да аднаго ордэну — марыянаў, але найперш таму, што яны разам служылі Богу і людзям і разам прынялі смерць. Ды яшчэ таму, што абодва мелі магчымасць па­збегнуць пакутніцкае смерці ў агні, але адмовіліся выкарыстаць такі шанец. Здарылася гэта ў лютым 1943 года, таму і гаварыць пра іх подзвіг, прыняць яго ў сэрца найлепш, мабыць, таксама ў сцюдзёную пару года. 

Сёлета ў лютым, як і штогод, групы пілігрымаў зноў паедуць у аддалены заснежаны куток Верхнядзвіншчыны, каб маліцца ў вялізным касцёле, у якім трое сутак людзі без хлеба і вады ў 1943м чакалі вырашэння свайго лёсу. Ахвяры карнае акцыі гітлераўцаў, яны спадзяваліся застацца жыць, дзеля чаго ім трэба было прайсці праз жах кан­цэнтрацыйных лагераў, шлях да якіх распачынаўся за 8 кіла­ме­траў ад Росіцы, з чыгуначнай станцыі Бігосава. Але на такое «шчасце» маглі спадзявацца толькі тыя, хто мог яшчэ папрацаваць на Трэці рэйх. Усіх жа астатніх чакаў агонь Росіцы, і амаль дзве тысячы чалавек пайшлі 

жывымі ў гэты жудасны агонь. Іх страшны лёс па ўласнай волі раздзялілі святары — Антоні Ляшчэвіч і Юры Кашыра.

Яны не прынялі падарунка нямецкіх карнікаў і не пажадалі пакінуць людзей, якіх вялі да Бога. Пажадалі разам з імі прыняць смерць. 

Неяк давялося пачуць ад аднаго сучаснага скептыка: «А ці не больш было б карысці, калі б яны засталіся жыць? Пасля вайны людзям так патрэбныя былі святары...» Ну, папершае, тое, што чакала святароў пасля вайны, мы ўжо ведаем з гісторыі — іх чакалі снягі і лютасць сталінскага ГУЛАГу. Але нават адкінуўшы гэта... Ці магчымы быў іншы фінал росіцкай трагедыі для Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры? Напэўна, не. Бо яны не жадалі прыкідваць, што было б для іх выгадней. Яны проста былі добрымі пастырамі, якія па прык­ладзе Хрыста не шкадавалі сілаў, каб шукаць, знаходзіць і ратаваць тых, хто згубіўся. А ў выніку панавання атэістычнай улады ў СССР на той час было ўжо шмат тых, хто згубіўся ў крыклівамітуслівым свеце. І таму працы для росіцкіх місія­нераў было вельмі шмат.

Калі яны прынялі смерць у лютым 1943 года, Антонію Ля­шчэвічу было 53 гады, а ягонаму канфратру Юрыю Кашыру ўсяго 39 гадоў.

Іх жыццё і служба Богу да Другой сусветнай вайны таксама не былі лёгкімі. Айцец Антоні служыў ажно ў Харбіне (сучасны Кітай), дзе нават пабудаваў 

касцёл. Ягоны брат па ордэне айцец Юры Кашыра зведаў жорсткі пераслед атэістычнай улады і быў дэпартаваны з роднай зямлі. Але ў той час, калі ра­дзіма пакутавала ад пажару вайны, яны абодва служылі Богу менавіта на радзіме. Яны абодва не шкадавалі ўласных сілаў і ядналі людзей з Богам у той час, калі на свеце на ўсю моц ашчэрыла сваю пашчу зло. 

Тутэйшыя партызаны абвінавачвалі росіцкіх святароў у тым, што яны размаўляюць час ад часу з немцамі ды паліцаямі, а значыць — служаць ім. Заваёўнікі ж, у сваю чаргу, пагражалі расправай святарам, бо здагадваліся, што яны спачуваюць партызанам. І адны, і другія памыляліся, бо не маглі паверыць у тое, што святары проста сумленна служаць Богу, а таму кожны чалавек застаецца для іх найперш Божым дзіцем.

Яны абодва належалі да ордэну марыянаў, і словы аднавіцеля і рэфарматара ордэну благаслаўлёнага Юрыя Матулевіча пра тое, што ён прагне згарэць для Бога, як свечка на алтары, мелі для іх асаблівую моц. Магчыма, таму яны таксама згарэлі для Бога на алтары Росіцы і навечна ўвайшлі ў гісторыю Касцёла Беларусі як добрыя пастыры, якія па запавеце Хрыста моцна любілі сваю аўчарню. Настолькі моцна, што раздзялілі з ёю апош­нія хвіліны зямнога жыцця.

Асмелюся сцвердзіць: той з чытачоў часопіса, хто не пабаіцца пакінуць сваё ўтульнае жытло і выедзе на адзін дзень у лютым, каб разам з іншымі пілігрымамі маліцца ў росіцкім касцёле, а потым з малітваю таксама пройдзе ў працэсіі на пляц мучаніц­тва, не пашкадуе аб гэтым. Нам часам патрэбна зрабіць у жыцці рашучы, неардынарны крок — дзеля таго, каб зразумець штось­ці вельмі важнае ў нашым жыцці. Каб праз заступніцтва гэтых адважных благаслаўлёных святароў маліцца за тое, што нам вельмі баліць, што мы не можам вырашыць уласнымі сіламі, не можам чагосьці прыняць альбо зразумець у сваім жыцці. Магчыма, менавіта ў Росіцы мы здолеем зірнуць на нашыя праблемы з іншага боку. Магчыма, менавіта тут Божая ласка дапаможа нам зразумець тое, чаго мы не маглі зразумець раней. Бо, як сказаў Апостал: 

«А дзе памножыўся грэх, там яшчэ больш памножылася ласка, каб, як грэх панаваў праз смерць, так і ласка запанавала праз праведнасць для жыцця вечнага праз Езуса Хрыста, нашага Пана» (Рым 5, 20–21). 

Станіслаў Кудэрэўскі

Святар (1888 — 1960)

У касцёле Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў вёсцы Слабодка, што на Браслаўшчыне, старэйшыя вернікі і цяпер, праз шмат гадоў, не могуць забыць той сцюдзёны снежань 1950 года. Напярэдадні ўрачыстасці Божага Нараджэння НКВД на іх вачах арыштавала пробашча Стані­слава Кудэрэўскага. Святара забралі проста з канфесіянала, за некалькі хвілінаў да пачатку святой Імшы. Імша ў той дзень у Слабодцы так і не адбылася...

Яго, на той час ужо немаладога, схварэлага, абвінавацілі ў «антысавецкай агітацыі і пра­пагандзе» і асудзілі на 25 гадоў сталінскіх лагераў ды 5 гадоў пазбаўлення правоў з канфіскацыяй маёмасці. Пасля Браслаўшчыны з яе цудоўнымі краявідамі 68гадовага святара чакалі суровыя снягі Марыінска, што ў Кемераўскай вобласці.

За ягонымі плячыма было ўжо 39 гадоў служэння Богу і людзям у святарстве. Служыў прыгожа і аддана ў розных парафіях Літвы і Беларусі, а з 1937 года прыехаў у Слабодку і моцна палюбіў гэты край, ягоных жыхароў.

У часе вайны фашысты таксама арыштоўвалі святара і трымалі яго ў полацкай турме. Тады парафіяне моцна маліліся за вяртанне свайго пастыра. І дачакаліся. Да новага арышту ён праслужыў у іх яшчэ пяць гадоў.

Некаторыя старэйшыя вер­нікі і цяпер яшчэ памятаюць мудрае, няспешнае настаўленне, якое яны атрымлівалі ад свайго святара з канфесіянала, памятаюць парады пра тое, як жыць ім у гэтым супярэчлівым свеце. Калі ж яго забралі зноў, на гэты раз ужо НКВД, і касцёл на нейкі час апусцеў, яны зноў маліліся за яго, падтрымлівалі, як маглі, у выгнанні. І... зноў дачакаліся вяртання свайго святара! Праўда, вярнуўся ён ужо інвалідам, з моцна падарваным здароўем. Яму заставалася пражыць на гэтым свеце ўсяго толькі пяць гадоў...

...Маўклівы сведка няпростага святарскага лёсу ксяндза Станіслава Кудэрэўскага — канфе­сіянал у слабодскім касцёле. Той самы, з якога ў ліхім 1950м злыя сілы забралі вернага слугу Хрыста. Ён, гэты канфесіянал, і цяпер стаіць на тым самым месцы, у левай наве касцёла. У ім цяпер спавядае тутэйшых вер­нікаў малады святар Сяргей Сурыновіч. Неяк ён сказаў, што вернікі проста не зразумелі б яго, калі б ён раптам сеў у іншы, а не ў гэты канфесіянал...

Рубрыку вядзе

Ірына Жарнасек.

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней