Сябры Божыя

Раздзел 2. Свабода — дар Бога

26. Мы ніколі не здолеем усвядоміць свабоду, якую дае Хрыстус, бязмерную, бясконцую, як Яго любоў. Але найкаштоўнейшы дар Яго адважнай самаахвярнасці павінен скіраваць нас да думкі: чаму Ты пакінуў мне, Пане, гэты прывілей, дзякуючы якому я магу ісці па Тваіх слядах, але магу таксама і раніць Цябе? Мы можам разумець, што годнае выкарыстанне свабоды — у тым, каб чыніць дабро, а памылковы кірунак — гэта калі, маючы магчымасць свабоды, чалавек забывае пра найвялікшую Любоў і аддаляецца ад яе. Асабіс­тая свабода, якую я абараняю і буду абараняць з усіх сваіх сілаў, прымушае мяне з цвёрдай упэўненасцю і ўсведамленнем уласнай слабасці пытацца: чаго Ты чакаеш ад мяне, Пане, каб мне выканаць гэта ў свабодзе волі? 

Сам Хрыстус дае нам адказ: «Veritas liberabit vos — праўда вас вызваліць» (Ян 8, 32). Што гэта за праўда, якая распачынае і заканч­вае ў нашым жыцці шлях свабоды? Я коратка растлумачу ў радасці і ўпэўненасці, якія вынікаюць са стасункаў паміж Богам і Яго стварэннямі: ведаць, што мы — праца Божых рук, выбраннікі Найсвяцейшай Тройцы, дзеці найвялікшага Айца. Прашу нашага Пана, каб Ён дапамог нам заўжды памятаць пра гэта, кожны дзень атрымліваць ад гэтага радасць — такім чынам мы будзем дзейнічаць як свабодныя людзі. Не забывайцеся: той, хто не ўсведамляе сябе Божым дзіцем, — не бачыць самай глыбокай натуральнай праўды. Ва ўчынках яму бракуе трываласці і моцы, уласцівых людзям, якія любяць Бога больш за ўсё.

Будзьце ўпэўненыя — каб атрымаць неба, мы павінны прыняць дабравольнае, трывалае і канчатковае рашэнне. Але адной свабоды для гэтага недастаткова, ёй неабходны настаўнік, кіраўнік. «Немагчыма душы ісці без таго, хто накіроўвае яе, і таму яна выкупленая такім чынам, што мае сваім Валадаром Хрыста, чыё “ярмо любае і цяжар лёгкі” (Мц 11, 30), а не д’ябла, бо ягонае валадарства — цяжар» [Арыген, Commentarii in epistolam ad Romanos, 5, 6 (PG 14, 1034–1035)]. 

Не паддавайцеся на падман тых, каму дастаткова адных туж­лівых ускліканняў: «Свабода! Свабода!» Часта ў гэтым ляманце хаваецца трагічнае зняволенне, бо памылковы выбар не прыносіць свабоды, вызваліць можа толькі Хрыстус (пар. Гал 4, 31), які адзі­ны — дарога і праўда, і жыццё (Ян 14, 6).

27. Спытаем зноў у Божай прысутнасці: Пане, дзеля чаго Ты даў нам гэтую ўладу, чаму Ты ўклаў у нас магчымасць выбіраць Цябе або адмаўляцца ад Цябе? Ты хочаш, каб мы ўдала выкарыстоўвалі гэтую нашую здольнасць. Пане, што Ты хочаш, каб я зрабіў? (пар. Дз 9, 6). І вось празрысты дакладны адказ: «Любі Пана Бога Твайго ўсім сэрцам тваім і ўсёй душою тваёй, і ўсім розумам тваім» (Мц 22, 37).

Вы бачыце? Свабода атрымлівае свой сапраўдны сэнс, калі слу­жыць праўдзе, якая вызваляе, калі выдаткуецца на пошукі бясконцай Божай любові, якая збаўляе нас ад любога зняволення. З кожным днём павялічваецца маё прагненне гучным голасам абвясціць пра неспасцігальнае бяздоннае багацце хрысціянства — свабоду хвалы дзяцей Божых (Рым 8, 21)! У гэтым выяўляецца добрая воля, якая вучыць нас следаваць за дабром пасля таго, як адрознім яго ад зла. 

Мне хацелася б, каб вы параз­важалі над істотнай рэччу, якая ўскладае паўнату адказнасці на нашае сумленне. Ніхто не зможа выбіраць за нас. У гэтым выяўляецца найвышэйшая ступень чалавечай годнасці: самім, а не пад нечым уплывам скіроўвацца да добрага. Многія з нас атрымалі каталіцкую веру ў спадчыну ад бацькоў і, дзякуючы ласцы Божай, з моманту хросту, адразу пасля нараджэння, у нашых душах распачалося звышнатуральнае жыццё. Але на працягу ўсяго жыцця і нават на працягу кожнага дня неабходна аднаўляць у сабе рашучасць лю­біць Бога больш за ўсё. Хрысція­нін, я паўтару, сапраўдны хрысціянін, які аддае сябе ва ўладу адзінага Божага слова (пар. 2 Кар 6, 2), не ставячы ніякіх умоваў, гатовы супрацьстаяць д’яблавым спакусам гэтак, як сам Хрыстус: «Пану Богу твайму будзеш пакланяцца і Яму аднаму будзеш служыць» (Мц 4, 10). 

28. Божая любоў раўнівая, яна не церпіць, каб на спатканне да яе прыходзілі з нейкімі ўмовамі. Яна нецярпліва чакае, каб мы аддалі сябе дарэшты, каб у нашым сэрцы не засталося ні аднаго цёмнага куточка, не асветленага шчасцем і радасцю Божай ласкі і недасяжнага для звышнатуральных дароў. Магчыма, узнікне думка: адказаць «так» гэтай выключнай Любові — ці гэта не значыць стра­ціць свабоду? 

І для вас, і для мяне тэма свабоды становіцца ўсё больш акрэсленай з дапамогаю Бога, які вядзе нас у гэтай малітве, у Ягоным свя­тле. Кожны з нас калі-небудзь меў досвед, што служыць Хрысту, нашаму Пану, — гэта боль і пакуты. Адмаўляцца ад гэтай рэальнасці — значыць ніколі не сустракацца з Богам. Калі прыходзіць боль, закаханая душа ўспрымае яго як перажыванне, якое мінае. І хутка аказваецца, што цяжар лёгкі і ярмо салодкае, бо Пан нясе іх на сваіх плячах, як калісьці нёс крыж, змагаючыся за нашае вечнае шчасце. Але ёсць людзі, якія не разумеюць гэтага, якія паўстаюць супраць Стварыцеля, і гэтае паўстанне слабое, нікчэмнае, вартае жалю. Яны, быццам сляпыя, паўтараюць адную і тую ж бессэнсоўную скаргу, заклікаючы словамі псальма: «Парвем іхнія кайданы і скінем з сябе іхняе ярмо» (Пс 2, 3). Яны адмаўляюцца выконваць цяжкую штодзённую працу, якая патрабуе мужнасці, цішы, шчырасці, без самахвальства і без скаргаў. Яны не разумеюць, што Божая воля, нават калі яна выклікае боль сваёй патрабавальнасцю, дакладна супадае са свабодаю, якая прабывае толькі ў Богу і дзейсная ў Ягоных намерах. 

29. Ёсць людзі, якія будуюць барыкады са сваёй свабоды. Мая свабода! Мая свабода! Яны валодаюць свабодаю, але не могуць ёю скарыстацца, а толькі глядзяць на яе, пакланяюцца ёй у сваёй убогай свядомасці, нібы глінянаму бажку. Ці ж гэта свабода? Што карыснага яны могуць атрымаць з гэтага скарбу, калі адкідаюць яго неад’емную частку: абавязкі, якія дыктуе свабода і якія скіроўваюць ход самога жыцця? Гэткая пазіцыя не адпавядае годнасці, уласцівай чалавечай асобе. Такім душам бра­куе мэтанакіраванасці, бачнага шляху, каб крочыць ім па зямлі. Вы сустракалі іх, як і я: яны трапляюць на кручок наіўнай мітуслівасці, пыхі, эгаізму, пажадлівасці. 

Іх свабода не прыносіць плёну або ў лепшым выпадку прыносіць плён недарэчны. Той, хто не выбірае дабравольна той правільны стыль паводзінаў, якога патрабуе свабода, рана ці позна заўважыць, што ён — лялька ў чужых руках. Ён будзе жыць у поўнай млявасці, нібы паразіт, будзе залежаць ад нечых указанняў. Яго будуць шкамутаць любыя вятры, усё будуць вырашаць за яго іншыя асобы. Такія людзі — хмары без дажджу, якія туды-сюды ганяе вецер. Яны — дрэвы ўвосені, якія не прынеслі плёну, двойчы памерлыя, без карэння, хоць і пакрытыя лістотаю бясконцай балбатні і пустых апраўданняў, якімі імкнуцца прыхаваць адсутнасць характару, мужнасці і добрасумленнасці. 

«Але мяне ніхто не прымушае сілаю!» — настойліва паўтараюць яны. Ніхто? Хто заўгодна можа прымусіць іх жыць той ілюзорнаю свабодаю, якая не рызыкуе браць на сябе адказнасць за вынікі ўласных свабодных учынкаў. Там, дзе няма Божай любові, бракуе асабістага і адказнага карыстання сва­ёю свабодаю. Там, як бы гэта ні вы­глядала, ёсць адзін прымус. Нерашучы, поўны сумневаў, быццам гліна ў руках абставінаў. Хто толькі пажадае, круціць і лепіць яго як заўгодна, і перш за ўсё гэта робяць слабасці і кепскія схільнасці чалавечай натуры, зраненай грахом.

Пераклад з іспанскай мовы 

Юліі Шэдзько.

Паводле: Jose Maria Escriva de Balaguer, «Amigos de Dios», 1977.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней