<...>«Нарадзіўся сёння Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан; і вось вам знак: вы знойдзеце дзіця ў пялёнках, якое ляжыць у яслях» (Лк 2, 11). Нічога цудоўнага, нічога надзвычайнага і велічнага не дадзена пастухам у якасці знаку. Яны ўбачаць толькі маленькае дзіця ў пялёнках, што, як і ўсе дзеці, патрабуе мацярынскага клопату; дзіця, якое нарадзілася ў стайні і таму ляжыць не ў калысцы, а ў кармушцы для жывёлы. Знакам Бога з’яўляецца дзіця ў яго патрэбе дапамогі і ў яго беднасці.
Толькі вачыма сэрца змогуць пастухі ўбачыць, што ў гэтым дзіцяці сапраўды споўнілася прадказанне прарока Ісаі, якое мы пачулі ў першым чытанні: «Дзіця нарадзілася нам, Сын дадзены нам; і ўлада спачыла на плячах Яго» (Іс 9, 5). І нам таксама не дадзена ніякага іншага знаку. Праз евангельскае пасланне анёл Пана і нас запрашае з адкрытым сэрцам вырушыць у вандроўку і ўбачыць Дзіця, якое ляжыць у яслях.
Знакам Бога з’яўляецца прастата. Знакам Бога з’яўляецца дзіця. Знакам Бога з’яўляецца тое, што дзеля нас Ён чыніць сябе малым. Гэта спосаб Яго панавання. Ён не прыходзіць у моцы і знешняй велічы.
Ён прыходзіць як дзіця — безабароннае дзіця, якому патрэбна наша дапамога. Ён не хоча адолець нас сілаю. Ён чыніць так, што мы не баімся Ягонай велічы. Ён просіць у нас любові: таму Ён становіцца дзіцем. Нічога іншага Ён не прагне ад нас —толькі нашай любові, дзякуючы якой мы міжволі вучымся ўваходзіць у Яго жаданні, Яго думкі і Яго волю.
Так мы паступова становімся здольнымі любіць з Ім і з Ім імкнуцца да пакоры адрачэння ад сябе, якая з’яўляецца складоваю часткаю і сутнасцю любові. Бог учыніў сябе малым, каб мы маглі Яго зразумець, прыняць Яго і любіць. Айцы Касцёла ў сваім грэцкім тлумачэнні Старога Запавету знайшлі словы прарока Ісаі, якія цытуе таксама Павел, каб паказаць, як новыя шляхі Божыя прадказваліся ўжо ў Старым Запавеце. «Бог кароткім учыніў сваё слова, скараціў яго», — чыталі яны там (пар. Іс 10, 23; Рым 9, 28).
Айцы разумелі гэта ў дваякім сэнсе. Сам Сын ёсць Словам, Логасам; спрадвечнае Слова ўчыніла сябе малым — такім малым, што змясцілася ў яслях. Яно стала дзіцем, каб мы маглі Яго ўлавіць.
Так Бог вучыць нас любіць таго, хто малы. Так Бог вучыць нас любіць таго, хто слабы. Так вучыць Ён нас павазе ў адносінах да дзяцей.
Дзіця з Бэтлеема скіроўвае нашы позіркі на ўсіх дзяцей свету — дзяцей, якія пакутуюць, якіх выкарыстоўваюць, на дзяцей народжаных і ненароджаных. Таксама на дзяцей, што ў якасці салдатаў уводзяцца ў свет насілля; на дзяцей, якія вымушаныя прасіць міласціну; на дзяцей, якія жывуць у бядоце і галадаюць; на дзяцей, якія не ведаюць любові. Ва ўсіх іх кліча нас Дзіця з Бэтлеема, кліча нас Бог, які ўчыніў сябе малым. Мы молімся ў гэты дзень, каб ззянне Божай любові агарнула ўсіх гэтых дзяцей, і просім Пана Бога, каб Ён дапамог нам рабіць тое, што ў нашай моцы, каб дзеці мелі належную ім годнасць; каб для ўсіх узышло святло любові, якая патрэбная чалавеку яшчэ больш, чым матэрыяльныя рэчы, неабходныя для жыцця.
Такім чынам, мы прыйшлі да другога значэння, якое айцы бачылі ў гэтым сказе: «Бог кароткім учыніў сваё слова». Слова, з якім Бог звяртаўся да нас у кнігах Святога Пісання, з цягам часу стала доўгім. Доўгім і складаным не толькі для простых людзей, якія не ўмелі чытаць, але нават яшчэ больш для знаўцаў Пісання, вучоных, якія, відавочна, заблыталіся ў падрабязнасцях і звязаных з імі праблемах і наўрад ці маглі ўжо скласці цэласнае бачанне.
Езус «учыніў кароткім» [Божае] слова — зноў паказаў нам яго глыбокую прастату і адзінства. Усё, чаму навучаюць нас закон і прарокі, кажа Ён нам, зводзіцца да аднаго: «Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім і ўсёю душою тваёю, і ўсім розумам тваім… Любі бліжняга твайго, як самога сябе» (Мц 22, 37, 40).
Гэта ўсё — уся вера змяшчаецца ў гэтым адзіным акце любові, у які ўключаны Бог і людзі. Але адразу ўзнікаюць пытанні: як мы можам любіць Бога ўсім сваім розумам, калі наўрад ці здольныя знайсці Яго з дапамогаю свайго мыслення? Як любіць Бога ўсім сваім сэрцам і ўсёю душою, калі гэтае сэрца толькі нібы здалёку прадчувае Яго і заўважае так шмат супярэчлівага ў свеце, таго, што засланяе нам Ягонае аблічча?
І тут сустракаюцца, зліваюцца ў адзін абодва шляхі, на якіх Бог «учыніў кароткім» сваё слова. Ён больш не знаходзіцца недзе далёка. Ён больш не застаецца невядомым. Ён больш не здаецца недасягальным для нашага сэрца. Дзеля нас Ён стаў дзіцем і тым самым рассеяў усялякую двухзначнасць. Ён стаўся нашым бліжнім, аднавіўшы такім чынам і вобраз чалавека, які так часта здаецца нам зусім не вартым любові. Дзеля нас Бог учыніў сябе дарам. [Ён ахвяраваў] самога сябе. Дзеля нас Ён аддаў сябе [ва ўладу] часу. Ён, Спрадвечны, які стаіць па-над часам, прыняў час, узвысіўшы наш час да сябе.
Нараджэнне Пана стала святам дароў, каб такім чынам мы маглі наследаваць Бога, які даў нам у дар сябе самога. Дазволім жа нашаму сэрцу, нашай душы, нашаму розуму пранікнуцца гэтаю праўдаю. Не будзем забываць сярод шматлікіх падарункаў, якія мы купляем і якія атрымліваем, пра сапраўдны дар — пра тое, каб дарыць адзін аднаму нешта з сябе самога.
Дарыць адзін аднаму свой час. Адкрыць свой час для Бога. Так знікае мітусня. Так нараджаецца радасць, так ствараецца атмасфера свята. І давайце будзем памятаць падчас святочных застолляў гэтых дзён пра словы Пана: «Калі наладжваеш абед ці вячэру, не кліч тых, хто і цябе ў адказ пакліча, але запрашай тых, каго ніколі не запрашаюць і хто не мае як адплаціць табе» (пар. Лк 14, 12–14).
А гэта азначае таксама, што калі ты рыхтуеш падарункі на свята Нараджэння Пана, то не адорвай імі толькі тых, хто падарыць нешта і табе; але падары што-небудзь тым, хто ні ад каго не атрымае падарункаў і хто не зможа нічога даць табе ў адплату. Так чыніў сам Бог: Ён запрашае нас на сваю гасціну, і мы нічога не можам даць Яму ў адплату; мы можам толькі з радасцю прыняць гэтае запрашэнне. Давайце будзем наследаваць Пана! Давайце будзем любіць Бога і, пачынаючы ад Яго, любіць чалавека, каб потым зноў, пачынаючы ад людзей, па-новаму адкрыць Бога!
Так адкрываецца, нарэшце, яшчэ трэцяе значэнне таго, што Слова сталася «кароткім», «малым». Пастухам было сказана, што яны знойдуць дзіця ў яслях, у кармушцы для жывёлаў, сапраўдных насельнікаў хлява. Чытаючы Кнігу прарока Ісаі (1, 3), айцы зрабілі выснову, што каля бэтлеемскіх ясляў знаходзіліся вол і асёл. У той жа час, чытаючы прарока, яны бачылі ў гэтым тэксце сімвалы юдэяў і язычнікаў, — а значыць, усяго чалавецтва, — якія, кожны па-свойму, патрабавалі Збаўцы: Бога, які ўчыніў сябе дзіцем.
Чалавеку для жыцця патрэбны хлеб, плён зямлі і ўласнай працы. Але не хлебам адзіным ён жыве. Чалавеку патрэбны пасілак для ягонай душы — яму патрэбны сэнс, які напаўняе яго жыццё. Так у айцоў кармушка для жывёлы стала сімвалам алтара, на якім ляжыць хлеб, — сам Хрыстус — сапраўдны пасілак для нашых сэрцаў.
І мы бачым яшчэ раз, якім малым Ён учыніў сябе: у пакорнай постаці Гостыі, маленькага кавалачка хлеба, Ён аддае нам сябе.
Пра ўсё гэта гаворыць знак, які быў дадзены пастухам і які даецца нам: Дзіця, якое было прынесена нам у дар; Дзіця, у якім Бог стаў дзеля нас малым. Будзем жа прасіць Пана, каб Ён адарыў нас здольнасцю глядзець у гэтую ноч на яслі з прастадушнасцю пастухоў і гэтак атрымаць тую радасць, з якою яны вярталіся дамоў (пар. Лк 2, 20). Будзем прасіць Яго, каб Ён адарыў нас пакораю і вераю, з якою святы Юзаф глядзеў на Дзіця, што Марыя зачала ад Духа Святога. Будзем прасіць, каб Пан адарыў нас ласкаю глядзець на гэтае Дзіця з такой любоўю, з якою ўглядалася ў Яго Марыя. І нарэшце, будзем прасіць Пана Бога, каб тое святло, якое бачылі пастухі, асвяціла таксама і нас і каб ва ўсім свеце споўнілася тое, што спявалі анёлы ў Святую ноч: «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі». Амэн.
Бэнэдыкт XVI
Пераклад з нямецкай мовы Ірыны Бурак
паводле www.vatican.va.
Надрукавана ў «Ave Maria» № 12 (189) 2010.