Раздзел 2. Свабода, дар Бога
23. Я шмат разоў нагадваў вам пра ўзрушальную гісторыю, якую распавядае нам Евангелле: Езус знаходзіцца ў чаўне Пятра і адтуль прамаўляе да людзей. Гэты натоўп, які ішоў следам, ізноў распаліў у Ім гарачае прагненне душаў, што з’ядае Яго Сэрца. Таму Боскі Настаўнік хоча, каб у Ягоных вучняў таксама нарадзілася гэтае прагненне. Сказаўшы ім, каб плылі на глыбіню: (duc in altum!), Ён загадвае Пятру закінуць сеткі для ўлову (пар. Лк 5, 4).
Я не буду цяпер падрабязна затрымлівацца на гэтай сцэне, дарэчы, вельмі павучальнай. Мне хочацца, каб мы паразважалі над тым, як дзейнічае першы сярод апосталаў, убачыўшы цуд: «Адыдзі ад мяне, Пане, бо я чалавек грэшны» (Лк 5, 8). Я ўпэўнены, што сказанае — праўда, якая датычыць кожнага з нас. Аднак жа паверце, я ў сваім жыцці столькі разоў сутыкаўся з цудамі ласкі Божай, якая дзейнічае праз чалавечыя ўчынкі, што адчуваю жаданне, з кожным днём большае, усклікаць: «Божа, не адыходзь ад мяне, бо без Цябе нічога добрага не магу ўчыніць!».
Менавіта дзякуючы гэтаму я вельмі добра разумею словы біскупа з Гіпоны, што гучаць як цудоўны спеў аб свабодзе: «Бог, што стварыў цябе без цябе, не збавіць цябе без цябе» [ св. Аўгустын, Sermo CLXIX, 13 (PL 38, 923)]. Усе мы, і ты, і я, маем магчымасць, сумную і нешчаслівую, пайсці супраць Бога, адмовіцца ад Яго (хаця б сваімі ўчынкамі) або ўсклікнуць: не хочам, каб валадарыў над намі (Лк 19, 14).
24. З удзячнасцю, разумеючы шчасце, да якога мы пакліканыя, мы вызнаем, што ўсе істоты былі створаныя з нічога Богам і дзеля Бога. І разумныя — людзі, хоць мы даволі часта і губляем розум; і неразумныя — тыя, што ходзяць па зямной паверхні або жывуць у зямных нетрах, або рухаюцца па нябесным блакіце і, не міргаючы, глядзяць на сонца. Але сярод усёй гэтай цудоўнай размаітасці толькі мы, людзі (тут я не кажу пра анёлаў), можам з’яднацца са Стварыцелем дзякуючы сваёй свабодзе: мы можам адмовіцца ад Пана ці ўзнесці хвалу, якая належыць Яму як Аўтару ўсяго, што існуе.
Гэтая магчымасць стварае святлацень чалавечай свабоды. Пан запрашае, натхняе нас выбіраць добрае, бо пяшчотна нас любіць. «Я паклаў перад вамі жыццё і дабро, смерць і зло. Таму сёння я наказваю табе любіць Пана, Бога твайго, і хадзіць Яго шляхамі, выконваць Яго запаведзі, Яго пастановы і Яго законы, каб ты жыў і памнажаўся… Выберы жыццё, каб жыў ты» (Дрг 30, 15–16, 19).
Хочаш, паразважаем (і я таксама прайду гэтае выпрабаванне), ці ты цвёрда і нязменна трымаешся свайго рашэння выбіраць жыццё? Калі ты чуеш пяшчотны Божы голас, які заклікае цябе да святасці, ці ты свабодна адказваеш «так»? Звернем нашыя вочы да Езуса, калі Той прамаўляў да людзей у гарадах і вёсках Палестыны. Ён не імкнецца ўразіць або навязаць сваю волю. «Калі хочаш быць дасканалым» (Мц 19, 21), — кажа Ён заможнаму юнаку. Той не прыслухаўся да Хрыста і, як кажа Евангелле, «адышоў засмучаны» (Мц 19, 22). Таму я часам называў яго «маркотныжурботны», бо гэты юнак страціў радасць, адмовіўшыся аддаць сваю свабоду Богу.
25. Цяпер давайце ўзгадаем велічнае імгненне, калі арханёл Габрыэль абвясціў святой Марыі намеры Найвышэйшага. Нашая Маці слухала і пыталася, каб лепш зразумець, аб чым просіць Яе Пан, а пасля цвёрда адказала: «Fiat! Няхай Мне станецца паводле Твайго слова!» (Лк 1, 38). Вось плён найлепшай свабоды — выбраць Бога.
Ва ўсіх таямніцах нашай каталіцкай веры гучыць гэты спеў свабоды. Найсвяцейшая Тройца стварае з нічога свет і чалавека, свабодна струменячы любоўю. Слова сыходзіць з нябёсаў і становіцца целам, паказваючы цудоўны знак свабоды ў пакоры: «Вось, іду, як у пачатку кнігі напісана пра Мяне, каб выканаць волю Тваю, Божа» ( Гбр 10, 7). Як толькі прыйшоў вызначаны час, калі Бог павінен быў збавіць чалавецтва з няволі граху, давайце паглядзім на Езуса Хрыста ў садзе Аліўным. Ён страшна пакутуе, нават крывавы пот сцякае з Ягонага ілба (пар. Лк 22, 40). Ён дабравольна і пакорна прымае ахвяру, да якой Яго заклікае Айцец: «маўчаў як ягнё, якое вядуць на зарэз, як авечка перад тымі, хто стрыжэ яе. Не адкрыў вуснаў сваіх» (Іс 53, 7).
Ён ужо абвясціў гэта сваім у адной з тых размоваў, калі Яго Сэрца дрыжэла і палала, каб тыя, хто любяць Яго, зразумелі, што Ён — адзіная Дарога, і няма іншай, каб наблізіцца да Айца: «За тое любіць Мяне Айцец, што Я аддаю жыццё сваё, каб узяць яго зноў. Ніхто не адбірае яго ў Мяне, але Я сам аддаю яго. Я маю ўладу яго аддаць і маю ўладу зноў узяць яго» (Ян 10, 17–18).
Пераклад з іспанскай мовы
Юліі Шэдзько.
Паводле: Jose Maria Escriva de Balaguer, «Amigos de Dios», 1977.