Пантыфікат служэння

13 сакавіка 2013 года на Пасад святога Пятра быў абраны Хорхе Марыа Берголіа. Для многіх ён адразу ж пачаў асацыявацца са словам «першы». Ён — першы Папа паходжаннем з Лацінскай Амерыкі, першы Папа езуіт, першы Папа, які выбраў сабе імя Францішак, першы Папа, якога пасля вялікага расколу 1054 года наведаў з афіцыйным візітам у Рыме Канстанцінопальскі патрыярх Барталамей І…

У першыя ж дні Пантыфікату папа Францішак здзівіў увесь свет сціпласцю і простасцю паводзінаў, пачынаючы з першых сваіх словаў «добры вечар!», з якімі ён звярнуўся да вернікаў з балкона базылікі святога Пятра, і таго, што распачаў прамову, папрасіўшы людзей памаліцца за яго самога і за яго папярэдніка Бэнэдыкта XVI, а не з традыцыйнага благаслаўлення люду Божага. Але гэтая сціпласць — зусім не дзіва для яго суайчыннікаў. Яшчэ як арцыбіскуп Буэнас-Айрэса, папа Францішак адмовіўся жыць у біскупскім палацы, пасяліўшыся ў маленькай кватэры, і не стаў карыстацца персанальным аўто, аддаўшы перавагу аўтобусам і метро. Ён — сапраўдны аргентынец, які любіць танга і футбол, і пры гэтым — добры кіраўнік, чалавек строгі, здольны называць рэчы сваімі імёнамі і сур’ёзна вырашаць сур’ёзныя пытанні, пра што сведчаць яго супрацоўнікі.

Арцыбіскуп Буэнас-Айрэса гучна выступаў супраць абортаў і эўтаназіі, а таксама супраць легалізацыі аднаполых шлюбаў і дазволу гомасексуальным парам усынаўляць дзяцей; з гэтай прычыны ў 2010 годзе кардынал Берголіа меў адкрыты канфлікт з прэзідэнтам краіны Крыстынай Кіршнер, але адначасова ён заклікаў з павагаю ставіцца да прадстаўнікоў секс-меншасцяў, не забываючыся пра хрысціянскую цноту міласэрнасці. Адкрыта абараняючы маральныя каштоўнасці, сам Хорхе Марыа Берголіа ніколі не забываўся пра міласэрнасць, наведваючы турмы, хоспісы і шпіталі для ВІЧ-інфіцыраваных пацыентаў.

У Аргентыне ён вядомы сваім шчырым стаўленнем да людзей і сапраўднай, не напаказ, любоўю да бліжніх, асабліва самых пагарджаных і прыніжаных. Напрыклад, у Вялікі чацвер у 2001 годзе ён наведаў хоспіс, дзе падчас літургіі Вячэры Пана абмыў і пацалаваў ногі 12 хворых на СНІД, патлумачыўшы гэта тым, што Хрыстус не аддаляўся ад пракажоных. Вядома таксама, што першую святую Імшу Вялікага чацвярга ў якасці Біскупа Рыма ён будзе цэлебраваць у турме для непаўналетніх злачынцаў «Казаль дэль Марма». Гэты Пасхальны Трыдуум новаабранага Папы наогул павінен быць незвычайным: на Імшу Хрызма ўжо запрошаныя 3000 самых бедных жыхароў Рыма.

Будучы папа Францішак
(стаіць другі злева)
у коле сваёй сям’і.

Папа Францішак — сын італьянскага эмігранта-чыгуначніка, манах езуіт з Лацінскай Амерыкі, дзе жыве больш за палову католікаў свету. Ён нарадзіўся 17 снежня 1936 года ў Буэнас-Айрэсе, быў малодшым з 5 дзяцей. Хорхе Марыа Берголіа далучыўся да ордэну езуітаў у 22 гады, праз 10 гадоў атрымаў святарскае пасвячэнне. Вучыўся ў Аргентыне, Чылі і Германіі. Акрамя роднай іспанскай мовы, ён добра ведае таксама нямецкую і італьянскую. Ён быў выкладчыкам літаратуры, філасофіі і тэалогіі ў трох каталіцкіх каледжах Буэнас-Айрэса. З 1973 да 1979 года будучы Пантыфік быў правінцыялам ордэну езуітаў у Аргентыне, а з 1980 да 1986 года — рэктарам семінарыі св. Юзафа. У 1998 годзе ён быў прызначаны арцыбіскупам Буэнас-Айрэса. Вядома, што адным з выхавацеляў Хорхе Марыа Берголіа быў украінскі ўніяцкі святар Сцяпан Чміль — у часы студэнцтва будучы Папа прыслугоўваў яму падчас літургіі, такім чынам, ён добра знаёмы і з усходняй хрысціянскай традыцыяй. Як арцыбіскуп Буэнас-Айрэса, Хорхе Марыа Берголіа быў ардынарыем для католікаў усходняга абраду.

У 2001 годзе папа Ян Павел ІІ надаў яму званне кардынала. Хорхе Марыа Берголіа ўваходзіў у Кангрэгацыю па справах духавенства, Кангрэгацыю Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў, Кангрэгацыю па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця, а таксама ў Камісію па справах Лацінскай Амерыкі і па справах сям’і. Ён з’яўляецца выдатным багасловам, але акрамя гэтага мае таксама адукацыю хіміка-тэхнолага. Пра свайго кардынала католікі Аргентыны казалі: «Ён ніколі не прамаўляе доўгіх казанняў, але ў некалькі сказаў укладае столькі значнага сэнсу, што яны надоўга застаюцца ў памяці».

На першай прэс-канферэнцыі Пантыфік адзначыў, што выбраў імя ў гонар Францішка Асізскага, «увасаблення беднасці і супакою». Кардынал Хорхе Марыа Берголіа і раней клапаціўся пра тое, каб Касцёл займаў актыўную пазіцыю ў справе абароны бедных, бо «несправядлівае размеркаванне дабротаў нараджае сацыяльны грэх і абмяжоўвае магчымасць нармальнага жыцця для многіх нашых братоў»...

Сусветныя СМІ амаль адразу назвалі новаабранага папу Францішка «Папа-сюрпрыз», кожны дзень бамбардуючы нас навінамі пра чарговае «дзівацтва» Папы. Для нас жа, вернікаў, Папа павінен стаць не вечным здзіўленнем, а прыкладам. Гэта добра акрэсліў місіянер з Балівіі, айцец Каспер Марыюш Капрань OFM: «Кожны дзень “новая сенсацыя” новага Пантыфікату: папа Францішак патэлефанаваў у кіёск і адмовіўся ад падпіскі на газеты… Папа Францішак служыў Імшу для садоўнікаў, прыбіральшчыкаў і іншых працаўнікоў Ватыкана… Папа Францішак у чорных чаравіках… Папа Францішак у аўтобусе… і г.д. А я пытаюся, калі нармальны ход справаў перастане нас здзіўляць? Што з намі адбываецца, калі нармальныя паводзіны выклікаюць у нас здзіўленне? Папа Францішак не робіць нічога незвычайнага! Яго манера паводзінаў — гэта нармальна, асабліва для святара, біскупа, кардынала з Лацінскай Амерыкі, а таксама і для тысячы іншых святароў, біскупаў, кардыналаў з іншых частак свету. Гэта павінна быць нормаю для тых, хто прыпадабняецца да Таго, пра Каго можна знайсці такую інфармацыю: Езус наведаў дом сваіх сяброў Марты, Марыі і Лазара; Езус у спякотны дзень сядзеў ля калодзежа і размаўляў з самаранкаю; Езус пайшоў на абед да Сымона… Так, гэта праўда, што некаторыя з Яго ўчынкаў здзіўлялі. Але давайце спытаемся: каго? Фарысеяў і кніжнікаў!».

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, які прысутнічаў на ўрачыстасці інаўгурацыі папы Францішка, сказаў: «Пакідаючы плошчу св. Пятра, я чуў такія словы: як гэта так, мы маем Папу толькі тыдзень, а ён ужо так заваяваў сэрцы людзей на ўсіх кантынентах? Для мяне гэта зразумела, бо ён прыйшоў служыць, і гэтага чакаюць людзі. Мы стаім на парозе новага стылю Пантыфікату — Пантыфікату служэння. Няхай святы Юзаф, апякун Касцёла, дапамагае новаму Папу».


Кардынал Хорхе Марыа Берголіа ў метро Буэнас-Айрэса.

Падрыхтавала Юлія Шэдзько.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней