«Несці цяпло надзеі»

 

Гамілія Святога Айца Францішка падчас святой Імшы на пачатак Пятровага служэння (19.03.2013)

Дарагія браты і сёстры! Дзякую Пану Богу за магчымасць цэлебраваць гэтую святую Імшу на пачатак свайго Пятровага служэння ва ўрачыстасць святога Юзафа, сужэнца Дзевы Марыі і апекуна паўсюднага Касцёла: гэтае супадзенне вельмі шматзначнае, бо гэта ж дзень святога апекуна майго шаноўнага папярэдніка, — мы яднаемся з ім у малітве, поўнай любові і ўдзячнасці.

Горача вітаю братоў кардыналаў і біскупаў, святароў, дыяканаў, законнікаў і законніц, а таксама ўсіх свецкіх вернікаў. Дзякую прадстаўнікам іншых Цэркваў і эклезіяльных супольнасцяў, прадстаўнікам габрэйскай супольнасці і іншых рэлігійных супольнасцяў за іх прысутнасць тут. Звяртаюся з сардэчным прывітаннем да кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў, афіцыйных дэлегацый шматлікіх краінаў свету і дыпламатычнага корпуса.

Мы пачулі словы Евангелля: «Абудзіўшыся ад сну, Юзаф зрабіў, як загадаў яму анёл Пана, і прыняў жонку сваю» (Мц 1, 24). У гэтых словах заключаная місія, якую Бог даверыў Юзафу, — быць custos, апекуном. Чыім апекуном? Марыі і Езуса. Але гэтая апякунчая місія распаўсюджваецца пасля і на ўвесь Касцёл, як адзначыў благаслаўлёны Ян Павел ІІ: «Як ён з любоўю апекаваўся Марыяй і з радаснай настойлівасцю прысвячаў сябе выхаванню Езуса Хрыста, так ён з’яўляецца апекуном і абаронцам Яго містычнага Цела — Касцёла, вобразам і ўзорам якога з’яўляецца Найсвяцейшая Дзева» (Апостальская адгартацыя Redemptoris custos, 1).

Якім чынам Юзаф выконвае свае абавязкі апекуна? Са стрыманасцю, пакораю, у цішыні, але заўжды знаходзячыся побач і застаючыся цалкам верным, нават калі яму бракуе разумення таго, што адбываецца. Ад моманту, калі ён бярэ шлюб з Марыяй, і да падзеі, калі дванаццацігадовага Езуса знаходзяць у святыні Ерузалемскай, Юзаф заўсёды побач, поўны руплівасці і любові. Ён побач з Марыяй, сваёю жонкаю, як у спакойныя, так і ў складаныя моманты жыцця, у падарожжы да Бэтлеема на перапіс і ў трапяткія, радасныя хвіліны родаў; у драматычны час уцёкаў у Егіпет і пошуках да стомы Сына ў святыні; а пасля — у штодзённым жыцці ў Назарэце, у майстэрні, дзе ён вучыў Езуса працаваць.

Як Юзаф здзяйсняе сваё пакліканне апекуна Марыі, Юзафа, Касцёла? Ён заўсёды ўважлівы да Бога, адкрыты да Яго знакаў, гатовы выконваць не столькі свае, але Яго намеры. І менавіта гэтага прасіў Бог у Давіда, як мы чулі ў першым чытанні: Богу не патрэбна жытло, пабудаванае чалавекам, Яму трэба, каб чалавек быў верны Яго слову, Яго планам; гэта сам Бог узводзіць сабе жытло, але з жывых камянёў, пазначаных Духам Святым. І Юзаф з’яўляецца апекуном, бо ўмее слухаць Бога, дазваляе, каб ім кіравала воля Божая, і менавіта з гэтай прычыны Юзаф больш чулы і да тых людзей, што даверыліся яму, здольны рэалістычна ацэньваць падзеі, уважлівы да таго, што адбываецца навокал, умее прымаць найбольш разважлівыя рашэнні. У яго прыкладзе, дарагія сябры, мы бачым, як адказваць на заклік Божы: хутка, з гатоўнасцю; але бачым таксама, хто знаходзіцца ў цэнтры хрысціянскага паклікання: Хрыстус. Будзем жа захоўваць і аберагаць Хрыста ў сваім жыцці, каб магчы аберагаць іншых, каб ратаваць і ахоўваць усё створанае. 

Але пакліканне да апякунства датычыць не толькі нас, хрысціянаў, яно мае першаснае вымярэнне, агульначалавечае, якое датычыць усіх. Гэта значыць — аберагаць усё створанае, прыгажосць стварэння, як кажа Кніга Быцця і паказвае нам святы Францішак Асізскі; гэта значыць з павагаю ставіцца да ўсяго, што створана Богам, і да асяродку, у якім мы жывем. Гэта значыць апекавацца людзьмі, клапаціцца пра ўсіх і пра кожнага з любоўю, асабліва пра дзяцей і старых, якія з’яўляюцца найбольш бездапаможнымі і часта застаюцца на далёкіх межах нашых сэрцаў. Гэта значыць клапаціцца адно пра аднаго ў сям’і: сужэнцы аберагаюць адно аднаго і пасля, стаўшы бацькамі, клапоцяцца пра дзяцей, а з цягам часу дзеці ператвараюцца ў апекуноў сваіх бацькоў. Гэта значыць — быць шчырымі ў сяброўстве, узаемным клопаце, поўным даверу, павагі і дабра. Па сутнасці, усё, што існуе, даверана апецы чалавека, і гэтая адказнасць ляжыць на нас усіх. Будзьце ж абаронцамі Божых дароў.

Калі ж чалавек не бярэ на сябе гэтую адказнасць, калі мы не клапоцімся пра створанае і пра сваіх братоў, пачынаецца разбурэнне, а сэрцы становяцца чэрствымі. На жаль, ва ўсе гістарычныя эпохі існавалі ірады, якія задумвалі планы смерці, знішчалі і скажалі абліччы мужчыны і жанчыны.

Я вельмі хацеў бы папрасіць усіх, хто займае адказныя эканамічныя, палітычныя і грамадскія пасады, усіх мужчын і жанчын добрай волі: калі ласка, будзем апекунамі стварэння, Божага плану, упісанага ў прыроду, ахоўнікамі бліжніх і навакольнага асяродку. Не дазволім жа знакам разбурэння і смерці з’явіцца на шляху, па якім ідзе наш свет. Але каб апекавацца, мы павінны таксама клапаціцца пра сябе. Памятайма, што нянавісць, зайздрасць, пыха забруджваюць жыццё. Апекавацца ў гэтым сэнсе — значыць сачыць за сваімі пачуццямі і сэрцам, бо з іх выходзяць добрыя і злыя намеры: тое, што стварае і разбурае. Мы не павінны баяцца дабрыні, і больш за тое — пяшчоты.

Я дадам да гэтага апошнюю заўвагу: клопат і апека патрабуюць дабрыні, іх неабходна чыніць з пяшчотаю. У Евангеллях мы бачым святога Юзафа як моцнага і адважнага мужчыну, працавітага, але ў яго душы адчуваецца вялікая пяшчота, якая не з’яўляецца цнотаю слабых людзей, а хутчэй наадварот: яна сведчыць пра моц духу і здольнасць быць уважлівым, спачуваць, быць сапраўды адкрытым да іншага чалавека, любіць. Мы не павінны баяцца дабрыні, пяшчоты.

Сёння разам з урачыстасцю святога Юзафа мы святкуем пачатак служэння новага Біскупа Рыма, наступніка Пятра, якое таксама нясе з сабою ўладу. Несумненна, Хрыстус даў уладу Пятру, але пра якую ўладу ідзе гаворка? За трыма пытаннямі аб любові, якія Хрыстус задае Пятру, ідзе трайны заклік: пасі ягнятаў маіх, пасі авечак маіх. Ніколі не забывайма, што сапраўдная ўлада — гэта служэнне, і Папа таксама, каб мець уладу, павінен штораз больш уваходзіць у гэтае служэнне, ззяючай вяршыняй якога з’яўляецца крыж; павінен глядзець на пакорнае, дзейснае, багатае вераю служэнне святога Юзафа, і, як ён, раскрыць абдымкі, каб апекавацца ўсім народам Божым, прытуліць з любоўю і пяшчотаю ўсё чалавецтва, асабліва найбяднейшых, найслабейшых, найменшых; тых, каго апісвае святы Мацвей у апошнім судзе любові: галодных, сасмяглых, падарожных, голых, хворых, у вязніцы (гл. Мц 25, 31–46). Толькі той, хто з любоўю служыць, умее быць апекуном.

У другім чытанні святы Павел кажа пра Абрагама, які «насуперак надзеі, паверыў з надзеяй» (Рым 4, 18). Насуперак надзеі, паверыў з надзеяй. І сёння таксама, нягледзячы на шматлікія хмары ў шэрым небе, мы павінны бачыць святло надзеі і несці надзею адно аднаму. Апекавацца ўсім створаным, кожным мужчынам і жанчынаю, пазіраючы на іх з любоўю і пяшчотаю, — гэта значыць адкрыць шлях промню святла між мноства хмараў, гэта значыць несці цяпло надзеі. А для верніка, для нас, хрысціянаў, такіх як Абрагам і святы Юзаф, надзея, якую мы нясем, мае далягляд Божы, які адкрыўся нам у Хрысце, яна заснаваная на скале, якою з’яўляецца Бог.
Апекавацца Езусам з Марыяй, апекавацца ўсім створаным, апекавацца ўсімі людзьмі, асабліва найбяднейшымі, апекавацца самімі сабою — вось служэнне, якое пакліканы выконваць Біскуп Рыма, і да якога пакліканыя мы ўсе, каб заззяла зорка надзеі: будзем жа з любоўю абараняць тое, што даў нам Бог.

Малю аб заступніцтве Дзеву Марыю, святога Юзафа, святых апосталаў Пятра і Паўла, святога Францішка, каб Дух Святы спадарожнічаў мне ў служэнні, і прашу ўсіх вас: маліцеся за мяне. Амэн.  

Падрыхтавала Юлія Шэдзько.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней