Трэба вучыцца

Трэба вучыцца

Таму, як чалавек павінен паводзіць сябе сярод іншых людзей, — з сябрамі, знаёмымі і малазнаёмымі людзьмі — мы вучымся амаль усё жыццё. А як нам паводзіць сябе ў адносінах з Богам? На асабістай малітве? Бо з дапамогай малітвы мы будуем свае адносіны з Богам. Паспрабуем засвоіць наступныя правілы…

Умовы для малітвы
Якія патрэбныя ўмовы для малітвы? Не для простага вымаўлення словаў, але для паглыблення асабістага кантакту з Панам Богам? Што трэба зрабіць, каб пачаць жыць малітвай?

Хіба што, найперш чалавек павінен выканаць дзве ўмовы: быць верным Богу і быць адкрытым для Яго.

Наша вернасць заключаецца ў тым, каб мы ўмелі рэгулярна праводзіць час з Панам Богам, бо мы заўсёды знаходзім час для таго, што вельмі важнае для нас. Ніякае каханне не працягнецца доўга, калі закаханыя не будуць разам праводзіць час.

Бог не кантралюе час, важна не колькасць часу, але вернасць прабывання з Ім.

Нельга быць пераменлівым у сваіх сімпатыях. Пан Бог дорыць нам сябе. «Я ўжо не называю вас слугамі, …але Я назваў вас сябрамі» (пар. Ян 15,15). Пан Езус заўсёды ёсць побач са мной. Але я павінен павярнуцца да Яго, быць верным у штодзённых сустрэчах з Ім. Таму ў якасці майго першага кроку падару Яму свой час. Я кажу Яму сёння: «Ты вельмі важны для мяне. Мае адносіны з Табою — найважнейшае пытанне майго жыцця і аснова ўсіх іншых узаемаадносінаў. Магчыма, некалі я павінен пакінуць ежу, каб прыйсці на нашу сустрэчу, таму што прабыванне з Табой азначае для мяне нашмат больш за ежу і піццё, за сон. Я не хачу, каб штосьці ў маім жыцці заняло Тваё месца, не хачу, каб штосьці ў маім сэрцы было важнейшым за Цябе».

Адкрытасць
Я прыходжу, каб сустрэць Хрыста. Што я для гэтага раблю? Найперш адкрываю сябе для гэтай сустрэчы. Гэта праўда, што мне шмат чаго патрэбна, я — нібы той жабрак. Але не заўсёды важна маліцца, кажучы Езусу пра тое, што мне цяпер патрэбна, пра мае грахі і пакуты, бо Ён ведае пра мяне ўсё. Часта ў часе малітвы мы крычым Богу пра свае цярпенні і боль, але найбольшую радасць Яму прыносяць тыя хвіліны, калі мы прыходзім на сустрэчу з Ім таму, што проста любім Яго. Ягоная прысутнасць і любоў ніколі не бываюць абыякавымі, яны заўсёды актыўныя. Ён усё бачыць і дасць сродак для барацьбы з нашымі грахамі, хваробамі, і таму мы можам забыць пра сябе, а проста любіць Яго. Такім чынам я станаўлюся дзіцем, якое проста любіць. Езус ведае пра нашы хваробы і, дзякуючы гэтаму, Ён любіць нас яшчэ мацней, так, як бацькі, магчыма, мацней любяць дзіця, якое хварэе. «Хто не прыме Валадарства Божага як дзіця, той не можа ўвайсці ў яго».

Божая любоў заклікае нас адказаць малітвай
Калі мы становімся ў Божай прысутнасці, Ён прамаўляе нашае імя з любоўю. Гэта вялікая таямніца; чалавек можа ўвайсці ў асабісты, сардэчны і свядомы кантакт з Богам. Гэта таямніца Яго любові да нас. І таму мы павінны сур’ёзна ставіцца да гэтай любові; любові Айца, які асабіста паклікаў кожнага з нас да існавання; да любові Езуса, які, дзякуючы збаўчай любові, стаў чалавекам, жыў, памёр, уваскрос з мёртвых; да любові Духа Святога, які дзейнічае ў кожную хвіліну нашага жыцця, вядзе нас да «славы, якая адкрыецца ў нас» (пар. Рым 8,18).

Такая любоў заклікае да ўзаемнасці. Чалавек можа прыняць любоў кожнай Боскай Асобы і адказаць любоўю, падзякай, праслаўленнем. Найлепшым адказам з’яўляецца малітва. Малітва — гэта не толькі чытанне і разважанне. Малітва становіцца «дасягненнем» Бога, зрухам сэрца, узнясеннем сэрца і розуму да Яго.

Малітва не заўсёды патрабуе словаў. Любоў не заўсёды павінна быць адчувальнай. Вернасць чалавека ў тым, каб прыходзіць на сустрэчу з Богам. Калі чалавек застаецца на гэтай сустрэчы да канца — гэта і ёсць ягоная любоў. Яна — адзінае, што патрэбна Езусу ад верніка. Усё астатняе ў Яго ўжо ёсць. «Калі б Я захацеў піць, то не сказаў бы табе, бо Маім ёсць сусвет і ўсё, што напаўняе яго» (пар. Пс 49,12).

Таямніцу Бога і таямніцу таго, што гэты Бог любіць мяне, і што менавіта я Яму патрэбны, што Яму патрэбная мая любоў, цяжка зразумець чалавечым розумам. Малітва — гэта проста час прабывання з Богам, узіранне на Яго з той часцінкаю любові, якая ёсць ува мне.

Ласка, якой варта прагнуць
Я прагну лепш пазнаць Езуса, які мяне любіць і які заклікае мяне адказаць Яму ўзаемнасцю праз штодзённае прабыванне на малітве. Таму варта прасіць у Хрыста паслаць ласку настойлівасці.

У часе малітвы можна карыстацца Евангеллем, каб увайсці ў кантакт з Богам. Евангелле важнае не толькі як крыніца для разважанняў, але і як інструмент, які дапамагае глядзець на Езуса, прымаць Яго любоў і адказваць на яе таксама любоўю. Найлепшай малітвай у гэтым выпадку будзе не разважанне, а сузіранне.

Калі маліцца?
У любы час, які найбольш суадносіцца з вашым распарадкам дня: раніцай, полуднем, перад вячэраю альбо позна ўначы. Тады, калі вам лягчэй за ўсё маліцца і калі ў вашай душы ёсць найбольш супакою.

Неабходна мець вызначаны час на рэгулярную асабістую малітву. Добра маліцца штодня ў адзін і той жа час.

Колькі часу маліцца?
Штодня неабходна мець мінімум часу на  рэгулярную асабістую малітву. Калі чалавек дакладна трымаецца правіла асабістай малітвы, то Езус сам пакіруе потым ёю. Магчыма, напачатку вы будзеце прыходзіць на такую малітву на 15-20 хвілінаў, а пазней гэты час працягнецца да 30 альбо 40 хвілінаў.

Становішча цела
Сядзець, стаяць на каленях, ляжаць крыжам, сядзець па-турэцку — кожная пазіцыя падыходзіць.

Дзе маліцца?
Касцёл — асаблівае месца ласкі для малітвы. Але маліцца можна ўсюды, дзе можна застацца аднаму і без перашкоды сустрэцца з Панам
Богам.

Падрыхтавала Ірына Жарнасек.

Паводле сайта terramarianna.org.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней