Хвароба прывяла да Бога

 

Вось ужо 10 гадоў як цяжкая хвароба абмежавала жыццё Анатоля Шуста, «прыкаваўшы» яго да сваёй кватэры. У 2002 годзе яму зрабілі аперацыю па выдаленні пухліны з галаўнога мозгу, пасля чаго ў яго адняўся левы бок цела, аслепла правае вока, парушыліся каардынацыя і маўленне. Аднак за ўсё, што адбылося, Анатоль Аляксандравіч шчыра дзякуе Пану Богу і нічога не хацеў бы змяніць у сваім жыцці, нават вярнуцца ў тыя часы, калі быў здаровы, прыгожы, паспяховы...

Хвароба здарылася, калі Анатолю Шусту было 40 гадоў — самы росквіт  для мужчыны. Тым больш, што жыццё, як кажуць, удалося. Ёсць сям’я: жонка і двое дзяцей (сын і дачка), добрая кватэра ў цэнтры Мінска, машына. Бог не абдзяліў таксама здароўем, знешняй прывабнасцю і працавітасцю. Як сам успамінае, працаваць пачаў з дзесяці гадоў — памочнікам камбайнёра. Сям’я іх тады жыла ў Казахстане. І вось малы Толік дапамагаў бацьку, які быў камбайнёрам, «падымаць цаліну». У 1969 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь,  на Гомельшчыну, на радзіму бацькоў. Пасля заканчэння сярэдняй школы Анатоль атрымаў вадзіцельскія пра-вы, скончыўшы адпаведныя курсы ад ваенкамата. Потым паступіў у ПТВ №60 у Бабруйску. Працаваў цесляром у тым жа горадзе, затым у Мінску на Камбінаце будматэрыялаў (цяпер гэта «Керамін»). У ліхія 90-я гады ездзіў на заробкі ў Маскву, Польшчу, Германію — будаваў катэджы. Грошай хапала, як, дарэчы, хапала і спакусаў — п’янкі, гулянкі з усімі іх наступствамі. А дома ў Мінску яго чакала жонка Ала з дзецьмі, забяспечваючы мужу надзейны тыл.

Лад жыцця Анатоля не змяніўся і тады, калі ён вярнуўся ў Мінск — працы на катэджах хапала ўжо і тут. Сям’я імкліва развальвалася, і Ала гэта добра разумела. Спрабавала рознымі метадамі змагацца з заганамі мужа. Урэшце зразумела, што дапамогу трэба шукаць у Бога. Тым часам і сам Пан Бог даўно ўжо клікаў яе. Часта Ала бачыла адзін і той жа сон: нібы яна знаходзіцца на богаслужэнні ў царкве, чуе прыгожыя спевы і нават адчувае пах свечак. Да гэтага яна ніколі не была на службе ў царкве і амаль нічога не ведала пра Бога і праваслаўную веру, у якой яе ў дзяцінстве ахрысцілі. Гэта быў пачатак 90-х гадоў. Неўзабаве Ала даведалася, што загадчыцца дзіцячага садка, куды яна прыйшла працаваць, веруючая. У вольныя хвіліны, калі дзеці спалі, тая жанчына евангелізавала сваіх супрацоўнікаў. Потым Ала пайшла ў Свята-Петра-Паўлаўскі Сабор, які толькі пачынаў адбудоўвацца (у савецкі час тут знаходзіўся архіў). У гэтай царкве яна пазнаёмілася з бацюшкам Аляксеем Лемяшонкам, які стаў для яе вельмі моцным правадніком на першых сцяжынках веры.
 
У нашай размове Ала гаворыць: «Бог так мудра і далікатна сплятае „касу“ нашага жыцця, і ўсё ў гэтым жыцці, як сведчаць святыя старцы, „спасительно и промыслительно“. Нават цяжкая хвароба». У гэтым яе цалкам падтрымлівае муж Анатоль, які шчыра прызнаецца, што вельмі часта адчуваў, як Усявышні перасцерагаў яго ад граху, але ён не слухаўся. «І вось Бог спыніў мяне, за што я вельмі Яму ўдзячны, — гаворыць Анатоль Аляксандравіч. — Я цяпер пастаянна знаходжуся дома і нарэшце адчуў смак шчасця быць гаспадаром і галавою сям’і. Зразумеў, што сакрэт шчасця сям’і ў вернасці адзін аднаму, адказнасці і супрацоўніцтве з Божаю ласкаю. Гулёны гэтага ніколі не зразумеюць. Адчуваю сябе шчаслівым і таму, што маю добрую жонку, якой вельмі ўдзячны за вернасць, любоў і дапамогу».

Дапамога Алы свайму мужу мяжуе з сапраўдным гераізмам. Поспех аперацыі, якую перанёс Анатоль, на 99% залежаў ад далейшага догляду за хворым. Ала літаральна пасялілася ў палаце, нават спала на падлозе каля мужавага ложка. Яна вельмі ўдзячная роднай сястры Анатоля, Надзеі, якая яе падмяняла. Увесь час Ала малілася сама і заказвала малебны ў царкве. Падчас аперацыі мужа на каленях малілася ў Свята-Духавым кафедральным саборы перад абразом Маці Божай Мінскай, а потым атрымала знак, што Багародзіца яе выслухала. Духоўны настаўнік іх сям’і, бацюшка Аляксей Наследнікаў, наведаўшы хворага пасля аперацыіі, падараваў яму абразок Маці Божай Мінскай...

— Сёння я магу сказаць, што гэта быў самы благаслаўлёны перыяд нашага жыцця, — гаворыць Ала. — Мы адчулі бязмежнасць Божай міласэрнасці. На кожным кроку атрымлівалі спагаду і дапамогу ад вельмі многіх людзей. Упэўніліся, што дабрыні ў свете нашмат больш, чым зла.
Успамінаючы той перыяд, Анатоль Аляксандравіч прызнаецца, што першыя тры месяцы пасля аперацыі ён вельмі моцна адчуваў блізкасць Пана Бога. Потым Бог нібы аддаліўся, але сувязь з Ім засталася. «Я ўвесь час думаю пра Бога, — гаворыць мужчына, — разважаю над словамі Святога Пісання, малюся, слухаю касеты з духоўнай музыкай. І гэты свой стан не прамяняў бы на той перыяд свайго жыцця, калі быў фізічна здаровы, але хворы духоўна...».

Як чалавеку працавітаму, яму цяжка было нічога не рабіць, таму пачаў пакрысе цяслярыць. Да таго ж, трэба было распрацоўваць руку, якая вісела, нібы плётка. Дэкаратыўныя шпакоўні, драўляны посуд, цікавыя рамкі для фотаздымкаў і розныя сувеніры сёння вельмі радуюць унукаў, якіх у сям’і Шустаў двое.

Калі мы загаварылі пра веру дзяцей і ўнукаў, Анатоль і Ала расказалі, што дачка Жэня і сын Дзіма былі першымі выпускнікамі нядзельнай школкі пры Свята-Петра-Паўлаўскай царкве. Потым, як падраслі, іх вера астыла, але шлюб у царкве бралі абое. Бацькі цярпліва моляцца за іх і вераць, што тыя зярняты, якія былі пасеяны ў іх душы ў дзяцінстве, абавязкова прынясуць плён. Анатоль ведае гэта па сабе. У дзяцінстве ў яго быў сябар Фёдар, які паходзіў з сям’і веруючых (пяцідзясятнікаў). У іх хаце вернікі патаемна збіраліся на малітву. Анатоль часта разам з дарослымі слухаў па радыё пропаведзі з Амерыкі. Часам сюды прыязджала з гітарамі моладзь і спевамі ўслаўляла Пана Бога. Анатолю гэта ўсё вельмі падабалася. І, хаця шмат чаго не разумеў, засвоіў галоўнае: Бог існуе!  Потым, на пакручастых сцяжынках жыцця, усё пазабывалася. І толькі праз пакуты сур’ёзнай хваробы ён  ужо свядома прыйшоў да Бога. «Вядома, што пакуты набліжаюць да Бога, — гаворыць Анатоль Аляксандравіч, — аднак хацелася б, каб людзі не чакалі, пакуль „загрыміць гром“ у іх жыцці». Будзем верыць і спадзявацца, што многія пачуюць гэты шчыры заклік.


Галіна Калевіч

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней