19 сакавіка ксёндз доктар Станіслаў Паўліна fDP адзначыў сваё 80-годдзе. З 1994 года ксёндз Станіслаў ахвярна працуе на Беларусі. Ён — канцлер курыі Пінскай дыяцэзіі і пробашч катэдральнай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску.
Шмат сілы і духоўнага досведу аддаў кс. Станіслаў правядзенню Сіноду Мінска-Магілёўскай, Пінскай і Віцебскай дыяцэзій і распрацоўцы Статутаў. Спрычыніўся да адраджэння парафій у Іванаве і ў Асавой, пабудаваў і абсталяваў Дом міласэрнасці ў Лагішыне. Ён выконваў абавязкі канцлера ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і галоўнага рэдактара «Агляду Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі»; абавязкі дэкана Пінскага дэканата, душпастыра ў Іванаве, Асавой і Століне, належаў да першай Катэхетычнай камісіі. Адказваў за капітальны рамонт курыі і духоўнай семінарыі ў Пінску. Ён — аўтар шматлікіх артыкулаў, апублікаваных у каталіцкім друку Польшчы і Беларусі.
Ксёндз Станіслаў атрымаў ад папы Бэнэдыкта XVI узнагароду Pro Pontifice et Ecclesia, якую ўручыў яму Дзяржаўны сакратар Апостальскай Сталіцы кардынал Тарчызіо Бэртонэ ў Пінску. Прымас Польшчы кардынал Юзаф Глемп адзначыў святара ордэнам Ecclisiae populoque servitium praestanti.
Рэдакцыя часопіса шчыра віншуе шаноўнага ксяндза Станіслава з 80-годдзем, жадае моцнага здароўя, духоўных і фізічных сілаў для далейшага служэння і шчодрай Божай дапамогі ў ажыццяўленні душпастырскіх планаў.
Рэд.