Сredo: «Веру ў адзінага Бога, Айца ўсемагутнага...»

 

Стварэнне Адама. Фрагмент.
Мікеланджэла. 1508–1512 гг.

Сіксцінская капэла, Ватыкан.

Перажываючы Год веры, мы вырашылі звярнуць асаблівую ўвагу на Credo — Сімвал веры, які з’яўляецца цэнтрам рэлігійнага жыцця хрысціяніна. Як часта, прамаўляючы падчас нядзельнай Імшы яго словы, мы задумваліся, у што ж верым? Разважаем над гэтым разам з айцамі дамініканцамі. 

Прапаную распачаць нашыя разважанні над Credo словамі, якімі мы называем Бога Стварыцелем неба і зямлі, усяго бачнага і нябачнага. Што гэта значыць? Што Бог стварыў усё, што існуе, і няма нічога (зразумела, акрамя Яго самога), што не было б створана Ім. Бог стварыў свет з нічога, Ён не быў абмежаваны ніякімі законамі, ніякай матэрыяй, якой мусіў бы супрацьстаяць. Таму свет, у якім мы жывем, — добры. А калі так, чаму рэчаіснасць часта бывае такой балючай і гнятлівай? Ці вера ў добрага, усемагутнага і нічым не абмежаванага Стварыцеля часам не бывае спрэчнаю, бо адкуль столькі зла, якое мы бачым у свеце? Чаму Бог, з’яўляючыся ўсемагутным і добрым, не стварыў свет, дзе не было б месца для зла і пакутаў?

Сутыкаючыся са злом, хрысціянства і ўсе вернікі вымушаныя змагацца са спакусаю пазбавіць Бога адной з гэтых якасцяў: або ўсемагутнасці, або дабрыні. Бог, які хацеў як найлепш, і што...? У Яго не атрымалася? Многія даюць менавіта такі адказ. Шмат людзей хацела і хоча бачыць свет як месца змагання дзвюх аднолькава моцных сілаў: дабра і зла. Яны лічаць, што Бог не здолеў стварыць свет паводле сваёй задумы, бо быў абмежаваны ці то злой матэрыяй, ці то нейкім ворагам, якога не мог перамагчы. Але такі бог ужо не быў бы Богам. Ён быў бы часткаю свету, акторам, які імкнецца як мага лепш іграць сваю ролю, напісаную не ім, па чужым сцэнары. Такі бог не быў бы ні стварыцелем, ні абсалютам. Ён сам падпарадкоўваўся б нейкаму змрочнаму абсалюту, хутчэй за ўсё, злому, які перашкаджае зрабіць свет дасканалым. Такому «слабому богу» нельга даверыцца, бо ён ізноў можа нас падвесці: хацелася як найлепш, атрымалася, як заўжды.

Але мы вызнаем веру ў Бога, які ёсць усемагутным Стварыцелем, які дабравольна стварыў свет, не пад прымусам і без ніякіх умоваў. Усё, свет наогул і кожнае стварэнне паасобку, з’яўляецца справаю Яго рук. Біблія выразна кажа, што Бог задаволены тым, што стварыў: у Кнізе Быцця — паэме аб стварэнні свету, рэфрэнам гучаць словы: «І ўбачыў Бог, што гэта добра».

Праўда пра дабрыню свету часта з’яўляецца праўдаю нашай веры, а не асабістым досведам. Неаднойчы, церпячы пакуты, мы пытаемся, адкуль гэтае зло, калі свет стварыў добры і ўсемагутны Бог? Я перакананы, што кожны адказ на гэтае пытанне будзе мець нейкую памылку: так, як нехта сказаў бы, што здолеў цалкам пазнаць Бога. Я толькі паспрабую паказаць шляхі, якія дапамагаюць нам наблізіцца да гэтага разумення з тою перасцярогаю, што Божыя аргументы, пра якія мы даведаемся, сустрэўшы Яго тварам у Твар, будуць бясконца больш важныя, поўныя сэнсу і дабра. Разуменне Божых планаў — гэта заўжды шлях даверу і праўды. Мы не ведаем усяго. Прабачце мяне за досыць банальны прыклад. Я бачыў калісьці ўрывак з старога фільма «Каўказская палонніца», калі звязаную дзяўчыну імкнецца вызваліць закаханы ў яе Шурык, але тая не ведае, што хлопец хоча дапамагчы, і лічыць яго адным са сваіх ворагаў, і супраціўляецца. Нам вядома, што ён добры, кахае дзяўчыну і хоча дапамагчы, але яна гэтага не ведае, бо інакш бы паводзіла сябе зусім не так... І мы знаходзімся ў гэткай жа сітуацыі...

Адкуль жа бярэцца гэтая недасканаласць свету, з якою мы так часта сутыкаемся? Недасканаласць нашага бачнага свету мае дзве асноўныя крыніцы: задуманую Богам і дапушчаную Ім. Затрымаймася на першай. Справа стварэння яшчэ не скончаная. Свет бясконца працягвае стварацца. Бог у кожнае імгненне дапаўняе яго і падтрымлівае яго існаванне. Мы таксама пакліканыя да ўдзелу ў гэтай працы. Як прыклад, уявім бацькоў, якія будуюць дом. Яны робяць рамонт і абстаўляюць усе пакоі, але пакідаюць дзецям рамонт іх уласнага пакоя. Бацькі даюць дзецям усё патрэбнае для працы, забяспечваюць іх усімі матэрыяламі, але просяць дзяцей, каб тыя самі заняліся рамонтам, хоць і з іх дапамогаю. Бацькі робяць гэта не з прычыны сваёй ляноты або стомленасці. Наадварот, такое рашэнне вымагае шмат сілы, яго цяжка прыняць, але яно дазваляе дзецям прымаць удзел у будаўніцтве, дапамагае ім адчуць, што гэты дом сапраўды ім належыць. Так і мы ў гэтым свеце пакліканыя да супрацоўніцтва з Богам, таму ўжо на самым пачатку стварэння свету Бог паклікаў чалавека да працы, абавязаўшы яго займацца райскім садам.

І тут мы пераходзім да наступнага моманту (пра які ўжо згадвалі раней): некаторыя свае стварэнні — людзей і анёлаў — Бог адарыў вольнаю воляй. Мы дабравольна можам выбіраць дабро. Дабравольна, «аўтарскім» чынам, мы можам чыніць дабро. Першасным аўтарам гэтага дабра з’яўляецца Бог (які стварыў мяне, адарыў свабодаю, талентамі і схільнасцю да творчасці, моцаю і здольнасцямі), але такім жа сапраўдным (хоць і на іншым узроўні) аўтарам гэтага дабра з’яўляюся і я. Я сам з’яўляюся той часткаю свету, за якую нясу найбольшую адказнасць. І сапраўды, кожны мой выбар, кожнае рашэнне і ўчынак нейкім чынам фармуе мяне. Нават мая фізічная форма змяняецца ў залежнасці ад таго, ці я, напрыклад, прызвычаены да актыўных заняткаў спортам, ці часцей гляджу спартовыя праграмы па тэлебачанні, заядаючы іх чыпсамі і запіваючы півам...

Кожнае маё рашэнне і ўчынак маюць значэнне. Яны насамрэч перамяняюць мяне і свет. У гэтым заключаная веліч паклікання чалавека. Бог запрашае нас быць разам з Ім сапраўднымі супрацоўнікамі ў справе стварэння. Ён адорвае нас ласкаю і сапраўды стварае праз нас і разам з намі велічныя і прыгожыя рэчы. Ён — Стварыцель нашай індывідуальнасці, бо ведае, на якое дабро мы здольныя. Ён жадае, каб мы жылі паўнатою свайго чалавецтва, гэтай паўнатою Ён хоча адарыць нас, і праз яе свет стане яшчэ прыгажэйшым.

Падкрэслю: мы былі адораныя свабодаю і дабравольным, творчым чынам можам выкарыстоўваць дадзеную нам Божую ласку. Але свабода мае адваротны бок. Як істоты, адораныя свабодаю, мы можам адпрэчыць Бога і Яго ласку. Пазбаўленыя яе, мы пачнем марнець, і з гэтай прычыны ў свеце будзе не хапаць пэўнага дабра. Справа ў тым, што Бог шануе наш выбар і дапускае гэтае зло, бо зло ў хрысціянскім разуменні слова азначае адсутнасць пэўнага канкрэтнага дабра.

Прывяду даволі рызыкоўны прыклад: бывае, што ў дзіцяці ва ўлонні маці ў першы перыяд яго жыцця знішчаецца нейкая клетка (з прычыны апраменьвання, дзеяння шкодных рэчываў або нечага іншага), і тады дзіця можна нарадзіцца, напрыклад, без рукі, бо менавіта гэтая клетка была яе завяззю. І вось мы паволі падыходзім да сутнасці нашага пытання: дзеля чаго Бог адарыў нас свабодаю, ведаючы, што мы скарыстаемся ёю нядобрым чынам? Чаму Ён дапусціў для нас магчымасць адкінуць Яго? Чаму Ён дапусціў грэх і пакуты, якія і вынікаюць з граху?

Бог стварыў свет з любові, а чалавека — каб ён адгукаўся на гэтую любоў. Ён стварыў нас вольнымі, каб мы былі здольнымі прыняць яго па ўласнай волі, а не па прымусе. Нельга нікога прымусіць любіць. У нашых чалавечых адносінах мы інтуітыўна адчуваем гэтую праўду. Калі хлопец закахаўся ў дзяўчыну, ён не можа прывязаць яе да сябе шнурам, а імкнецца ўчыніць нешта, каб і яна пакахала яго. Ён можа шмат чаго зрабіць дзеля гэтага, але па сутнасці застаецца бездапаможны перад яе воляю. Такім чынам, чалавека можна прымусіць да многага, але немагчыма прымусіць яго палюбіць.

Бог стварыў нас з любові і заклікаў любіць. Ён стварыў нас вольнымі, каб мы маглі пажадаць прыняць Яго. Бог дапусціў для нас магчымасць адкінуць Яго, каб мы маглі дабравольна Яго выбраць, каб мы маглі аддаць сябе ў Ягоныя рукі, як Ён аддае сябе нам. Бог жадае атрымаць ад нас дар, таму нічога не хоча ўзяць сам. Дзеля гэтага Ён не парушае нашай свабоды.

Тут узнікае пытанне: ці ж свет быў варты таго, каб быць створаным? Ці варта было рызыкаваць і надзяляць стварэнні свабодаю? На шчасце, можна даць станоўчы адказ на гэтае страшнае пытанне. Бог усемагутны, і таму мае магчымасць давесці гэты свет да шчаслівай мэты такім чынам, каб не знішчыць нашай свабоды. Тое, што Бог даў нам свабоду, не азначае, што свет выпаў з рукі Яго Провіду. Бог не дапускае такога зла, з якога не мог бы ўчыніць большага дабра. Пазіраючы на абраз Езуса Міласэрнага, мы бачым раны Хрыста. Яны ёсць там і нікуды не зніклі. Бог не кажа, што «нічога не здарылася». Але мы бачым, што цяпер з гэтых ранаў прамяніцца святло, яны сталі крыніцаю ласкі. У Абвяшчэнні Пасхі, якое спяваецца падчас Пасхальнай вігіліі, гучаць словы: «О, сапраўды абавязковым быў грэх Адама, бо яго злагодзіла смерць Хрыста. О шчаслівая віна, якую знішчыў такі вялікі Адкупіцель!». Бог дапускае зло, але можа з ім управіцца, можа ўчыніць рэчаіснасць яшчэ лепшаю.

Я дазволю сабе скончыць нашае разважанне тэкстам з ІІІ Эўхарыстычнай малітвы Рымскага Імшала: «Спадзяемся <...> радавацца Тваёй хвале, калі вытраш усе слёзы з вачэй нашых, бо, убачыўшы Цябе, Бога нашага, такім, які Ты ёсць, праз усе вякі будзем падобнымі да Цябе і будзем хваліць Цябе бясконца...». Нягледзячы на ўсе звілістыя шляхі, дзякуючы Божай усемагутнасці мы дойдзем да мэты справы стварэння.


Айцец Крыштаф Коц’ян ОР

Цэтлікі: Год веры

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней