Пад апекаю святога Лукі

Некалькі гадоў таму, калі я лячылася ў бальніцы, мне давялося пазнаёміцца з адной жанчынай на ружанцовай малітве. Як звычайна ўвечары, я выйшла на калідор і пачала праходжвацца туды-сюды з ружанцам у руках. Мінаючы старэнькую жанчыну, раптам пачула шэпт: «Вітай, Марыя, поўная ласкі…» . І так радасна зрабілася на душы, што мы павіталіся з ёю як добра знаёмыя. Нас аб’яднаў Ружанец, адно што месцам для малітвы ў нас быў толькі калідор, да таго ж, мы штодня вычэквалі час, калі на ім будзе найменш людзей. І таму, калі знаёмыя браслаўчане расказалі мне, што ў іх горадзе ў бальніцы ёсць капліца, я шчыра парадавалася за іх.

Памяшканне капліцы святога Лукі ў браслаўскай раённай бальніцы невялікае, таму на нядзельнай святой Імшы яе дзверы заўсёды расчыненыя, і вернікі з калідора маюць магчымасць таксама ўдзельнічаць у малітве. У калідоры знарок для гэтага расстаўляюцца крэслы, бо калі ўсіх жадаючых капліца не змяшчае, то трэба ж неяк даваць гэтаму рады, і цудоўнае выйсце знойдзена... Споведзь таксама адбываецца на калідоры, адно што крыху воддаль.

Нябесным апекуном капліцы з’яўляецца апостал Лука, які ў свой час таксама лячыў людзей, а цяпер вось ужо шмат стагоддзяў падтрымлівае хворых і лекараў з нябеснай вышыні. А на зямлі клопат аб браслаўскай капліцы ўзяў на сябе айцец сальватарыянін Адам Квяткоўскі. Ягонае пакліканне — апекавацца хворымі — нарадзілася яшчэ ў духоўнай семінарыі. А калі ў 2006 годзе айцец Адам прыехаў служыць у Браслаў, гэтае пакліканне пачало рэалізоўвацца таксама і тут. Раз на месяц ён наведвае тых хворых, якія не могуць самастойна прыйсці ў касцёл. Гэтыя адведзіны складаюцца з размовы, споведзі, удзялення святой Камуніі, калі патрэбна — удзяляецца сакрамэнт намашчэння хворых.

Ці трэба казаць, як чакаюць святара людзі, якія па старасці альбо з прычыны цяжкай хваробы не могуць самастойна рухацца? Ведаю гэта таксама ад сваіх браслаўскіх сяброў Ірыны і Ігара Баранавых, якія вось ужо пяць гадоў даглядаюць сваю хворую дачушку Олю. Ведаю, колькі радасці прыносіць кожны візіт айца Адама ў іх дом, бо часта падтрымка і проста добрае слова патрэбныя не толькі самому хвораму, але і тым, хто яго даглядае.

Айцец Адам — жаданы госць не толькі ў бальніцы, але і ў браслаўскім доме-інтэрнаце для
адзінокіх. Раз на тыдзень пільнуецца ён наведваць таксама жыхароў дома для састарэлых у Барунах, што за 15 кіламетраў ад Браслава. Такое ягонае пакліканне — несці супакой і радасць сустрэчы з Хрыстом для тых, каму цяжка самастойна рухацца, каго на кароткі альбо й на працяглы час пакінулі патрэбныя чалавеку сілы. І дзякуй Богу, што пасылае Ён такое пакліканне ў душы святароў.

Але дапамагаць хворым, несці ім суцяшэнне і падтрымку могуць не толькі святары. Больш за тое, як кажа сам айцец Адам, няшмат зрабіў бы святар, калі б у яго не было надзейных памочнікаў. І таму так важна, што ў свой час нарадзілася такое прыгожае пакліканне таксама і ў душы ўрача акуліста Таццяны Міхайлаўны Абрамавай. Гэта яна — правая рука святара ў браслаўскай капліцы. І калі, напрыклад, штосьці здарыцца, і айцец Адам не зможа наведаць капліцу, то хворыя ведаюць, што па любым пытанні можна звярнуцца да яе. Яна і рэлігійныя часопісы прынясе, і раскажа ім, што адбываецца ў парафіі ды і ўвогуле, чым жыве цяпер Касцёл. У той дзень, калі я прыехала ў Браслаў і ўдзельнічала ў святой Імшы ў бальнічнай капліцы, спадарыні Таццяны не было — яна сама лячылася ў Мінску, і вернікі маліліся за яе здароўе.

Удзячны айцец Адам за пастаянную падтрымку і дапамогу абедзвюм браслаўскім арганісткам — Іне Сапун і Аляксандры Рулевіч. Гэта яны заўсёды прыгожа аздабляюць Імшу музычным суправаджэннем, клапоцяцца, каб для вернікаў у капліцы заўсёды былі тэксты духоўных спеваў. Верна служыць пры алтары ў капліцы браслаўскі міністрант Янка Каптур. У душы гэтага хлапчука таксама нарадзілася такое патрэбнае і важнае пакліканне — служыць хворым людзям.

Зразумела, што ў браслаўскай бальніцы не было б штонядзельнай малітвы, калі б не падтрымка і разуменне важнасці гэтага з боку кіраўніцтва бальніцы і яе галоўнага ўрача Аляксандра Уладзіміравіча Макарэвіча. Як не была б магчымая таксама святарская паслуга ў доме-інтэрнаце ды ў доме для састарэлых у Барунах, калі б не разуменне з боку раённых уладаў.

Вельмі гэта важна — разуменне значнасці духоўнай падтрымкі для чалавека. Не сумняваюся, што са мной згодзяцца тыя нашы чытачы, што жывуць у іншых гарадах і якія, трапіўшы ў бальніцу, не маюць магчымасці ўдзельнічаць у святой Імшы. Часам ім цяжка дачакацца святара, каб паспавядацца. Бывае і такое. На вялікі жаль. І гэта не проста словы. Гэта — балючы і мой асабісты досвед, і досвед многіх вернікаў з розных куткоў нашай краіны. Шмат яшчэ нам трэба маліцца, каб такое разуменне настала не толькі ў Браславе, але і паўсюль, дзе яго пакуль няма.

Я была ў Браславе і малілася ў бальнічнай капліцы 10 сакавіка. Айцец Адам распавядаў у той дзень вернікам, што напярэдадні 8 сакавіка, на ўспамін святога Яна Божага, ён адпраўляў навэнну
за хворых. А вядома, што Ян Божы — заснавальнік ордэну братоў баніфратраў, якія асаблівым чынам апякуюцца хворымі людзьмі ва ўсім свеце. І ў той дзень, калі ён сканчваў маліцца навэнну, я патэлефанавала і сказала, што хачу напісаць у часопіс пра іх капліцу. Айцец Адам жартаваў, што прыняў гэта як адзін з вынікаў навэнны. Можа, гэта быў жарт, а можа й не зусім, бо ніхто з нас не ведае тых таемных повязяў, што злучаюць шляхі чалавечыя. Як бы ні было, але я вельмі рада, што мне давялося быць там, маліцца разам з гэтымі людзьмі ў капліцы святога Лукі, перад прыгожым абразом Маці Божай Вастрабрамскай. Рада, што давялося потым паразмаўляць з некаторымі вернікамі, чуць ад іх удзячныя словы за такую патрэбную ім і важную святарскую паслугу.

А яшчэ вельмі важна, што капліца святога Лукі ў браслаўскай бальніцы заўсёды адчынена. У любы час сюды можа прыйсці вернік, укленчыць перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, памаліцца асабістай малітвай у цішыні, даверыць Пану Богу тое, што ляжыць на сэрцы.

Дзякуй Табе, Пане Божа, за гэты цудоўны дар — дар Тваёй Прысутнасці сярод тых, каму асабліва цяжка і каму так важна адчуваць гэтую Тваю Прысутнасць!


Ірына Жарнасек.
Фота аўтара.

{gallery}217-02{/gallery}

 

Цэтлікі: Сведчанні

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней