Чытайце Евангелле!

Пахвалёны Езус Хрыстус!
Паважаны часопіс «Ave Maria»! Мы, парафіяне касцёла Святой Тройцы горада Касцюковічы Магілёўскай вобласці, хочам расказаць вам пра біблійны конкурс, які арганізаваў для вернікаў наш пробашч, ксёндз Андрэй Далянскі.

 Задума пра гэта мерапрыемства ўзнікла яшчэ ў пачатку 2012 года, які быў аб’яўлены дзяржаваю Годам кнігі. Дарэчы, некалькі гадоў назад нашы парафіяне вывучалі кнігі Бібліі, перапісваючы ўсе чатыры Евангеллі ад рукі. Своеасаблівым працягам распачатай справы і стаў біблійны конкурс, падрыхтоўка да якога і ўдзел у якім разам з малітваю далі добрую магчымасць вернікам умацоўваць сваю веру кожны дзень у Год веры, абвешчаны Касцёлам.

Конкурс праходзіў у пяць этапаў у выглядзе пісьмовага тэсціравання. Першы этап — тэсціраванне па Евангеллі паводле Мацвея, другі этап — па Евангеллі паводле Марка, трэці — па Евангеллі паводле Лукі. Евангелле паводле Яна мы вывучалі на працягу двух этапаў: яно самае складанае з усіх чатырох Евангелляў. Пытанні ж да тэсціраванняў рыхтаваў наш пробашч — ксёндз Андрэй. Трэба сказаць, што не ўсе яны мелі тэставы характар ( калі да пытанняў даваліся варыянты адказу), было шмат пытанняў, на якія неабходна было адказаць самастойна. Напрыклад: «Апішыце шлюбны пір у Кане Галілейскай або ўваскрашэнне Лазара» і інш. Закончыўся конкурс пятым этапам, які істотна адрозніваўся ад папярэдніх, таму што праходзіў у вуснай форме. Удзельнікі конкурсу цягнулі білеты з пытаннямі і вусна адказвалі на іх перад усімі прысутнымі. Хваляваліся ўсе, як на экзамене, але мужна дайшлі да фіналу.

І вось у нядзелю, 3 сакавіка 2013 года, адбылося ўрачыстае падвядзенне вынікаў конкурсу. Ксёндз Андрэй з вялікай радасцю аб’явіў пераможцаў. Першае месца заняла Таццяна Буянава, другое — Люся Кулінчава, трэцяе — Ала Іртова.

Пробашч шчыра, ад усяго сэрца павіншаваў пераможцаў і ўсіх, хто прымаў удзел у конкурсе, выказаў ім сваю падзяку, а таксама ўручыў лісты-звароты і памятныя кнігі ад імя арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча і ад сябе асабіста — памятны падарунак (абраз Маці Божай Будслаўскай). Удзельнікам конкурсу было вельмі прыемна атрымаць віншаванне ад арцыбіскупа, у якім іерарх выказаў усім шчырае прызнанне і ўдзячнасць за ўдзел у біблійным конкурсе, пажадаў Божых ласкаў і даў сваё благаслаўленне.

У конкурсе ўдзельнічалі ўсе, хто з энтузіязмам успрыняў ініцыятыву святара. Этапы конкурсу ладзіліся ў нядзелю пасля святой Імшы. Пасля тэсціравання адбывалася калектыўнае абмеркаванне пытанняў, праверка адказаў, зачытванне ўрыўкаў з Бібліі — усё пад кіраўніцтвам пробашча. Удзел у такім мерапрыемстве нашы парафіяне палічылі вельмі карысным для сябе, таму што ён даў магчымасць паглыбіць іх рэлігійныя веды і зрабіць наступныя высновы.

Пра жыццё Езуса Хрыста і Яго вучэнне мы даведваемся ў асноўным з Евангелляў. У Евангеллі паводле св. Мацвея мы прачыталі аб тым, каго і дзе вылечваў Хрыстус, пра іншыя Яго цуды, пазнаёміліся з казаннямі, прыпавесцямі, размовамі з вучнямі. Калі прачыталі Евангелле паводле св. Марка, даведаліся, што ён, па-першае, выклаў тое, што чуў непасрэдна ад першага з вучняў Збавіцеля — Пятра, па-другое, расказаў пра тыя падзеі, сведкам якіх быў сам. Св. Марк падкрэслівае, што Хрыстус добраахвотна прыняў пакуты і смерць, каб адкупіць грахі людзей.

Езус у адлюстраванні св. Лукі — гэта вобраз, поўны незямной міласэрнасці і дабрыні да няшчасных і загнаных. Прыпавесці, прыведзеныя ў св. Лукі, — пра добрага самараніна, пра блуднага сына і адпушчэнне грахоў распусніцы, — вучаць многія пакаленні людзей любові да блізкіх, уседараванню і міласэрнасці. Аповед пра жыццё Хрыста у св. Лукі найбольш падрабязны, асабліва паэтычныя радкі, звязаныя з нараджэннем Збаўцы.

Евангелле паводле св. Яна адрозніваецца ад трох першых. Св. Ян звяртае ўвагу не на чалавечы бок сутнасці Хрыста, а менавіта на Боскі. Св. Ян — адзін з найбліжэйшых Апосталаў, якому было дадзена прысутнічаць пры ўсіх падзеях зямнога жыцця Збавіцеля.

Паважаныя вернікі! Мы заахвочваем вас да чытання і вывучэння кнігаў Бібліі, і асабліва Евангелляў. Гэты занятак робіць нас бліжэйшымі да Бога, больш дасведчанымі і дасканалымі хрысціянамі, пашырае нашы рэлігійныя веды, бо незразумелае становіцца зразумелым... Як гэта важна для духоўнага развіцця, асабліва ў Год веры!

Таццяна Буянава,
парафіянка касцёла Святой Тройцы, Касцюковічы.

Цэтлікі: Нам пішуць

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней