Цудадзейная сустрэча

Мая гісторыя не такая яркая і эмацыянальная, як тыя, што часам прысылаюць у ваш часопіс. Тым не менш і мне хочацца падзяліцца сваімі перажываннямі.

Я ні разу не была ў Будславе. Некалькі апошніх гадоў усё збіралася, ды па розных прычынах не магла даехаць. Адчувала праз гэта нейкі сорам і вінаватасць. А калі ў друку чытала водгукі аб фэсце, душылі слёзы — ну чаму мяне там не было!

І вось у гэтым годзе сама Маці Божая Будслаўская завітала ў нашу парафію. Вялікая радасць для многіх, але не для мяне: я была хворая — ніяк не адпускаў грып і пайсці не змагла. Малілася дома. Два дні гасцяваў абраз Маці Божай у нашым касцёле. Горача спадзявалася, што стане назаўтра лягчэй і таксама змагу пакланіцца цудадзейнаму абразу. Але і на наступны дзень не палягчэла. Бачыла, як людзі спяшаліся ў касцёл, і такая туга, такі жаль мяне агарнуў, што не магла стрымаць слёз. Роўна ў той час, як пачыналася св. Імша, я стала маліцца да Маці Божай Будслаўскай на ружанцы, потым чытала іншыя марыйныя малітвы. Прасіла ў Матачкі Божай прабачэння ў чарговы раз за тое, што не прыйшла прывітаць Яе, і прасіла аб выздараўленні. Не адпускала думка: я нявартая нават наблізіцца да цудадзейнага абраза, нават калі ён знаходзіцца зусім блізка. І гэта мяне мучала больш за ўсё іншае. Колькі малілася, столькі ж і плакала, лепш сказаць, слёзы самі проста сыпаліся з вачэй.

З нашага касцёла абраз павезлі ў суседнюю парафію. Дзесьці пад вечар я ўбачыла дзве машыны, якія ехалі міма дома. Сама не ведаю, чаму (бо машыны міма дома цэлы дзень снуюць туды-сюды) мяне так зацікавіла другая машына і якая сіла змусіла мяне выглянуць у акно. Я ўбачыла ў той машыне ўвесь у кветках абраз Маці Божай Будслаўскай. Нібы  ласкавы промень сонейка бліснуў у акно! Гэта напоўніла мяне такой светлай радасцю, што ўвесь астатак дня ўсмешка не сыходзіла з майго твару. Значыць, святая Марыя мяне прабачыла, калі дазволіла сябе ўбачыць хоць мімалётна, хоць на хвілінку!

А раніцай я ўстала і адчула сябе здаровай! Не магла паверыць, кожную хвіліну чакала, што зноў праявіцца хвароба. Але, дзякаваць Богу і Маці Божай Будслаўскай, з таго дня з кожным днём мой стан здароўя стаў хутка і няўхільна паляпшацца.

Людзі! Слаўце, шануйце, выхваляйце і давярайце свае беды нашай Заступніцы, ласкавай і літасцівай
Маці Божай Будслаўскай!

Ганна Валуевіч

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней