Усходнія віды спорту — небяспека для хрысціяніна

Многія людзі, якія займаюцца ўсходнімі адзінаборствамі, такімі як каратэ, таэквандо, кунг-фу, джыў-джытсу, дзюдо, айкідо, кэндо, цалкам упэўнены, што гэтыя віды спорту сумяшчальныя з хрысціянствам, і таму часта не заўважаюць ні небяспекі, якая хаваецца ў іх, ні зла, якое незаўважна ўкрадваецца ў іх саміх. Паспрабуем растлумачыць, чаму ж заняткі ўсходнімі адзінаборствамі несумяшчальныя з хрысціянскім светапоглядам. 

Мастацтва барацьбы без зброі ў сусветай культуры бы­ло вядома даўно. Яшчэ 5 тысяч гадоў таму ў Грэцыі набылі папулярнасць кулачныя бойкі і барацьба. Спартанцы зрабілі баі без прымянення зброі элементам выхаваўчай працы з падлеткамі, якія рыхтаваліся да ваеннай кар’еры. У Атэнах таксама выкарыс­тоўвалі падобнае мастацтва бою з усебаковым развіццём фізічных, разумовых і маральных сфераў.

Усход у гэтым плане нашмат адставаў. Спецыяльныя сістэмы развіцця і ўдасканалення духу і цела пачалі з’яўляцца там параўнальна нядаўна, становячыся своеаса­б­лівым рэлігійным шляхам для манаха-байца.

Прынята лічыць, што на ча­ле развіцця ўсходніх адзінаборстваў стаяў 28-мы індый­скі патрыярх Бадхідхарма — непасрэдны нашчадак лініі Буды ў Індыі. Мяркуючы, што будызм сказілі, ён вырашыў перасяліцца ў Кітай і там стварыць новую сістэму, выкідваючы з яе рытуалы і абраднасць, адначасова прапагандуючы прастату ва ўсіх сферах жыццядзейнасці. У Кітай пасля шматлікіх прыгодаў і цяжкасцяў ён прыехаў каля 520 года. У манастыры Шао-лінь шматгадзінныя медытацыі ў спалучэнні з аскетычным ладам жыцця станавіліся пры­чынай таго, што многія ма­нахі часта проста засыналі. Каб дапамагчы ім, настаўнік увёў фізічныя практыкаванні, заснаваныя на тэхніцы бою і падгледжаныя ў рухах жывёлаў. З часам гэтыя практыкаванні ўвайшлі ў распарадак манастыра і сталі неад’емнай часткай медытацый, атры­маў­шы назву «Шы-Па-Ло-Хан-Шо» («васямнаццаць рук Ло-Хан»). Сам тэрмін «Ло-Хан» азначае прыхільнікаў гістарычнага Бу­ды і з’яўляецца першаю назваю мастац­тва барацьбы. Існуе думка, што Бадхідхарма з’яўляецца таксама заснавальнікам секты чань, вядомай сёння як дзэн. Яе мэтаю было развіццё духу і цела праз медытацыю і фізічныя практыкаванні, якія перадаюць рухі жывёлаў. Пазней высветлілася, што гэтыя практыкаванні вельмі выніковыя ў ваенных дзеяннях.

Будыйскія манахі мелі канкурэнтаў сярод даоскіх манахаў. Іх стыль характарызаваўся тым, што яны засяроджваліся на касмічнай энергіі, якую выкарыстоўвалі для развіцця сваёй унутранай энергіі, сілы розуму і пазнання сусвету.

У ХІІ ст. адбыўся канфлікт паміж гэтымі манахамі, і яны не пасаромеліся прымяніць сваю фізічную падрыхтоўку для ўмацавання інтарэсаў у Кітаі. Ваюючы, яны ўдасканальвалі сваё баявое мастацтва і распаўсюджвалі яго на Далёкім Усходзе. Пад іх уплывам з’яўляліся новыя сістэмы: у Акінаве — каратэ, у Япо­ніі — джыў-джытсу і айкідо, у Карэі — таэквандо, у Тайландзе — тайскі бокс. З часам баявыя мастацтвы Усходу пачалі распаўсюджвацца па ўсім свеце. 

Чалавек, які трэніруецца ва ўсходніх адзінаборствах, па­вінен зразумець, што нельга адрываць баявое мастацтва ад яго філасофіі — не існуе дрэва без каранёў.

У аснове кожнага ўсходняга адзінаборства ляжыць актывацыя ў целе чалавека энер­­гіі, якая вызваляецца ў канкрэтных тэхніках бою. Кі­тайцы і японцы называюць яе «чы», або «кі», індусы — «прана», палінезійцы — «мана». Для ўсходняй філасофіі і рэлігіі паняцце гэтай энергіі з’яўляецца фудаментальным — гэтая энергія напаўняе ўвесь сусвет і нібыта з’яўляецца пер­шапрычынаю ўсялякага быцця.

Такая канцэпцыя светапогляду карэнным чынам супярэчыць хрысціянскаму светапогляду і вучэнню.

Выкарыстоўваючы розныя тэхнікі медытацыі, мантраў, ёгі, тэхнікі дыхання, людзі спрабуюць адкрыцца на гэтую энергію, каб выкарыстоўваць яе не толькі ў баявых мастацтвах. Філасофія Усходу падносіць сваім прыхільнікам мноства іншых спакусаў — уз’­яднанне з космасам і су­светам, лячэнне біяэнергіяй, перасцярогу ад небяспекі, пазнанне думак іншых лю­дзей, валоданне часам, прастораю, рознымі прыроднымі з’явамі і ўсялякімі парапсіхалагічнымі магчымасцямі. Усё гэта ставіць чалавека над Богам і прыводзіць да найстарэйшай са спакусаў: «І будзеце, як Бог, які ведае дабро і зло» (Быц 3, 5). Гэта таксама супярэчыць вучэнню Бібліі пра тое, што быццё чалавека не залежыць толькі ад яго ўласных сілаў, што існуе Божы Провід і Яго дапамога, без якой чалавек не можа наогул існаваць.

Аднак мноства веруючых людзей, якія займаюцца ёгай або каратэ выключна ў форме фізічнага адпачынку або самаабароны, сцвярджаюць, што яны робяць гэта без усялякай філасофіі, але гэта не так.

Майстар Йо Чынг Вонг гаварыў: «Практыка мастацтва барацьбы кунг-фу без даоскай філасофіі не існуе. Кожны рух мае глыбока філасофскі характар і такім чынам яднае адэпта з гэтай філасофіяй. Трэніроўка засноўваецца па сваёй сутнасці на ўз’яднанні філасофіі „чынг“ (кніга варажбы) з рухамі бою». 

Будыйскі манах і майстар каратэ Рон Таганашы таксама казаў: «Людзі забыліся, што ўсходнія адзінаборствы — гэта рэлігія. Прыходзячы ў спартзалу некалькі разоў на тыдзень і знаходзячыся там па дзве гадзіны, чалавек праводзіць у ёй больш часу, чым у святыні. Мы робім чалавека рэлігійным. Каратэ з’яўляецца адной з праяваў будызму, яго фізічным вымярэннем, брамаю духоўнай асветы».

Падобных выказванняў мно­ства, таму варта ўсё ж усвядоміць, што пад звычайнымі фізічнымі практыкаваннямі хаваецца і незаўважна пранікае ў розум усходняя сістэма рэлігійных вераванняў і маральна-філасофскіх ідэяў. Асаблівую ўвагу трэба ўдзя­ліць прамой сувязі паміж усходнімі адзінаборствамі і акуль­тызмам, дэманалогіяй: падчас імітацыі рухаў жывёлаў чалавек павінен пераўвасобіцца ў тыгра або леапарда, страціць сваё «я», сваю волю, паддацца волі іншай. Усё гэта супярэчыць хрысціянскаму вучэнню.

Гэтыя практыкі тым больш заганныя, калі да іх звяртаюцца з намерам нашкодзіць камусьці праз умяшальніцтва злых духаў. Таксама заслугоў­вае ганьбавання звычка на­сіць амулеты. Зварот да так званай народнай медыцыны не ўзаконьвае ні заклікання злых духаў, ні эксплуатацыю чыёй-небудзь даверлівасці (гл. ККК, 2116–2117). Як бы чалавек ні стараўся і якія б ні рабіў практыкаванні — звышчалавечыя магчымасці не ўлас­цівыя самой чалавечай прыродзе, а гэта значыць, што такі чалавек, не атрымліваючы іх ад Бога, набывае іх з супраціўнага боку.

Сустракаючы на кожным кроку рэкламныя плакаты і аб’явы, чалавек лёгка можа паддацца спакусе і заняцца ўсходнімі практыкаваннямі, якія абяцаюць яму здароўе, прыгажосць, маладосць, сілу, упэўненасць і шмат чаго іншага. Аднак чалавек веруючы заўсёды павінен памятаць пра адну з галоўных запаведзяў Бога: «Не май іншых багоў, апроч Мяне» (Зых 20, 3).

Айцец Аляксандр Улас OFMConv

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней