Касцёлу Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзярэчыне споўнілася 100 гадоў. У мястэчку прайшлі ўрачыстасці з гэтай нагоды, у якіх прынялі ўдзел ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Аляксандр Кашкевіч, ардынарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Антоні Дзям’янка, біскуп Казімір Велікаселец і шматлікія госці з Польшчы і Аўстрыі, якія здзейснілі адмысловую пілігрымку, каб разам з вернікамі дзярэчынскай парафіі адзначыць угодкі іх святыні. Напярэдадні свята Міхась Скобла пагутарыў з пробашчам касцёла кс. Яўгенам Учкуронісам.
— Ксёндз Яўген, дзярэчынскі касцёл адносна «малады» — ён у шэсць разоў «маладзейшы» за само мястэчка. У чым яго адметнасць і ўвогуле адметнасць мясцовай парафіі?
— Мястэчка Дзярэчын знаходзіцца ў Зэльвенскім раёне Гродзеншчыны, яму праз тры гады споўніцца 600 гадоў. Вельмі адметнай з’яўляецца сама каталіцкая парафія, гісторыя якой пачынаецца ў ХVII стагоддзі, калі ў Дзярэчыне быў заснаваны кляштар дамініканаў. А наш касцёл быў і ёсць на працягу 100 гадоў адным з сімвалаў прысутнасці веры ў жыцці людзей, духоўнай салідарнасці, якая з’ядноўвае ўсіх вернікаў. Наш касцёл з’яўляецца працягам гісторыі дамініканскага кляштара, і думаецца, што гэтае прадаўжэнне сягне ў далёкую будучыню. Цікава, як была адноўлена наша святыня. У 1991 годзе прыбыў у Дзярэчын спадар Жан Керхнэр з Парыжа, каб паглядзець на айчыну сваёй жонкі, якая тут нарадзілася, але падчас вайны была вывезеная ў Нямеччыну, а пасля трапіла ў Францыю. І калі Жан Керхнэр убачыў руіны касцёла, то вырашыў дапамагчы аднавіць яго ў памяць спачылай жонкі Ірэны Керхнэр-Жукоўскай. І вось дзякуючы яго ахвярнасці касцёл атрымаў другое жыццё. 15 жніўня 1993 года, дваццаць гадоў таму, касцёл быў рэкансэкраваны — асвечаны нанова — біскупам Аляксандрам Кашкевічам.
— Гісторыя Дзярэчына звязаная найперш з родам князёў Сапегаў, якія ў XVIII–XIX стагоддзях мелі тут сваю галоўную рэзідэнцыю. Што з тае пары засталося — як памятка колішняга росквіту мястэчка?
— Памятных рэчаў з таго часу засталося няшмат. Напрыклад, у нашым касцёле захаваўся звон, выраблены ў 1772 годзе, што пацвярджае надпіс на ім. Засталася таксама памятная дошка, якая была перанесеная з кляштара дамініканаў і ўмураваная ў падлогу дзярэчынскага касцёла. Яна напамінае аб тым, што на гэтай зямлі жылі Сапегі, якія актыўна ўдзельнічалі ў рэлігійным жыцці і ў праслаўленні самога Дзярэчына ва ўсім тагачасным свеце. Надпіс на дошцы гаворыць: «Казіміру Сапегу, пану найлепшаму ды найвялікшаму, паручніку войска Вялікага Княства Літоўскага, бацьку найлепшаму; Язэпу Сапегу, дыяцэзіяльнаму кад’юнтару Віленскага біскупа, рэферэндарыю Вялікага Княства Літоўскага, роднаму дзядзьку, дзеля заслужанага ўшанавання; Міхалу Сапегу, падканцлеру Вялікага Княства Літоўскага, найлюбімейшаму дзядзьку, сэрца якога тут ляжыць; кавалерам Ордэна Белага арла, мужам, найбольш аздобленым усялякімі цнотамі. За Радзіму і Дом свой князь Аляксандр Сапега, граф у Чарэі, Высокім, Дзярэчыне, ваявода полацкі, польны гетман Вялікага Княства Літоўскага, кавалер ордэнаў Белага арла і Святога Станіслава, паставіў гэты помнік у 1772 годзе».На жаль, пакуль гэтая дошка-помнік не адрэстаўраваная, але мы мяркуем зрабіць гэта да 600-годдзя мястэчка.
— Адзін з Сапегаў — Яўстах Каэтан Сапега (1797–1860) — заслужыў у вашым касцёле нават дошку «персанальную». Ён вядомы як актыўны ўдзельнік нацыянальна-вызвольнага паўстання 1830 года. Князь закладаў свае маёнткі, каб дапамагчы паўстанцам, у яго нават мянушка была — Паўстанец. Да мемарыяльных дошак у храмах людзі ставяцца неадназначна: камусьці гэта падабаецца, камусьці — не. А як Вы ставіцеся да такой традыцыі?
— Вельмі пазітыўна. Такая традыцыя дазваляе нам быць салідарнымі з усімі ранейшымі пакаленнямі, дазваляе перанесці каштоўныя гістарычныя звесткі ў пазнейшы час. Вось паглядзіце, на той дошцы, пра якую Вы згадалі, пазначана: «Яўстаху Каэтану Сапегу... ад удзячных нашчадкаў». Яна акурат не дае забыцца на тую гісторыю, пра якую Вы толькі што прыгадалі.
Да нашай гутаркі далучаецца Уладзімір Бартош, сябра дзярэчынскай касцёльнай рады: «Яўстах Каэтан Сапега — адзін з самых выдатных людзей свайго часу. Калі ён памёр у 1861 годзе ў Парыжы, на выгнанні, у старым дзярэчынскім касцёле (які пасля згарэў), 24 траўня была адслужаная святая Імша за супакой яго душы. І гэта прытым, што памінальныя багаслужбы па паўстанцах былі строга забароненыя ў Расійскай імперыі! Царскія ўлады адсочвалі ўсе гэтыя мерапрыемствы. Адсачылі і ў Дзярэчыне. Наверх пайшло «данясенне», і святары, і многія вернікі пацярпелі за ўдзел у той Імшы. Пасля паўстання 1830 года Дзярэчын быў проста абрабаваны: з яго было вывезена 150 падводаў сапегаўскага дабра, касцёльнага дабра! Розныя каштоўнасці, творы мастацтва, старадрукі былі вывезеныя ў Пецярбург. У Эрмітажы і сёння можна пабачыць творы мастакоў італьянскага Адраджэння, вывезеныя з Дзярэчына. Вось як рабавалі царскія ўлады, браты-расійцы свайго «брата меншага» — з гісторыі слова не выкінеш. Для нас 100-годдзе касцёла — вялікае свята, бо матэрыяльнае — гэта часовае, а вечнае — назаўсёды. Мы ўдзячныя пробашчу Яўгену, які гэтае вечнае нам выкладае на беларускай мове».
— Ксёндз Яўген, здаецца, Вы — першы беларускамоўны святар у Дзярэчыне, калі не лічыць пастара метадысцкай царквы Яна Пятроўскага, які служыў тут у перадваенны час. Скажыце, наколькі ўпэўнена пачувае сябе беларуская мова ў вашым касцёле?
— Не, я не першы. Перада мной тут служыў ксёндз, які таксама карыстаўся беларускай мовай падчас літургіі і сумесных малітваў у касцёле. З упэўненасцю скажу, што літургію на беларускай мове вернікі больш дакладна разумеюць і ўспрымаюць. Таму і служыцца яна па-беларуску, каб вернікі разумелі слова Божае і, як заклікае нас наша вера, ажыццяўлялі яго ў жыцці. Бо без гэтага ажыццяўлення вера мёртвая. Таму беларуская мова служыць найперш дзеля таго, каб чалавек разумеў, што хоча яму сказаць Пан Бог.
— Часам кажуць: храм малады, а парафія старая, маючы на ўвазе, што на Імшу ходзяць пераважна бабулькі. Ці ёсць у вашай парафіі актыўныя маладыя вернікі?
— Так, з прычыны таго, што моладзь у пошуку лепшых умоваў жыцця выязджае ў гарады, маладых людзей усё менш і менш застаецца і ў Дзярэчыне. Аднак тыя нешматлікія маладыя каталіцкія сем’і, якія застаюцца, актыўна ўдзельнічаюць у жыцці парафіі, што вельмі цешыць. І ў сумесных малітвах, і ў жыцці касцёла, і цяпер у падрыхтоўцы да свята ўдзельнічае ўся парафія — ад старэйшых да маладзейшых. Моладзь, дзеткі ўдзельнічаюць у чытанні слова Божага, слухаюць лекцыі з гісторыі рэлігіі. Я перакананы — дзярэчынская парафія мае будучыню.
{gallery}222-3{/gallery}
— Як Вы ўжо сказалі, у 2016 годзе Дзярэчыну споўніцца 600 гадоў. Ці збіраецеся Вы адзначыць гэтую дату?
— Гісторыя касцёла і парафіі непарыўна звязаная з гісторыяй самога мястэчка, таму будзем таксама рыхтавацца да свята — сумесна з мясцовай уладай. Мы плануем выданне зборніка гістарычных дакументаў, датычных Дзярэчына, найперш гісторыі каталіцкай парафіі. У мінулым мястэчка было нямала цікавых з гістарычнага гледзішча падзеяў. Падчас апошняй вайны многія сем’і падзяліліся, раз’ехаліся па розных краінах. Многія дзярэчынцы сёння жывуць у Польшчы, у Францыі, у Нямеччыне, у Злучаных Штатах Амерыкі. Многія з іх мяркуюць прыехаць на 100-годдзе нашага касцёла. Думаю, што і на 600-я ўгодкі Дзярэчына мы сумеснымі намаганнямі зладзім добрае свята.
Міхась СКОБЛА ДАЗВАНІЦЦА! На 100-годдзе дзярэчынскага касцёла Ёсць узыходжанне да звону, Як свой уласны Эверэст. Без падрыхтоўкі, без дазволу – Душы прыземленай пратэст. Душа заўсёды неба прагне, Душы няпроста дагадзіць. Душа не хоча жыць у багне, Што вокам чортавым глядзіць. Угору дзвесце дваццаць сходак. Вятры з вакон бяруць разгон. І думаеш – а як жа продак Сюды узняў двухтонны звон? А ўзнагародай за знямогу – На вежы ўстаць у поўны рост І пазваніць знянацку Богу Без пасярэднікаў, наўпрост. Хай потым гром і навальніца, Няхай сняжыць, няхай імжыць… Хоць раз да Бога дазваніцца – Дзеля такога варта жыць. |