67. «Possumus! — Можам!» (Мц 20, 22). Мы можам перамагчы ў гэтай бойцы з Божаю дапамогаю. Спадзяюся, я пераканаў вас, што пера­тварыць працу ў малітоўны дыялог — гэта няцяжка. Дастаткова толькі прынесці яе ў дар Богу і ўзяцца за справу, а Бог ужо слухае, ужо дае моц. У штодзённай працы мы наследуем сузіральныя душы, бо нас напаўняе ўпэўненасць, што Пан назірае за намі і між іншым просіць ізноў перамагаць сябе: трошкі ахвяравацца, ус­міхнуцца чалавеку, які з’явіўся несвоечасова, спачатку зрабіць непрыемную, але тэрміновую працу, паклапаціцца пра парадак у дробязях, упарта выконваць свае абавязкі, хоць вельмі лёгка было б іх закінуць, не пакідаць на заўтра працу, якую трэба завяршыць сёння. І ўсё дзеля таго, каб Яму, нашаму Богу і Айцу, было прыемна! Магчыма, на свой стол або ў іншае месца, якое не прыцягвае залішняй увагі, але абу­джае ў табе дух сузірання, ты пакладзеш крыж, які ўжо з’яўляецца падручнікам для ду­шы і розуму, па якім ты вучышся служэнню. 

Калі ты вырашыш без дзі­вацтваў, не пакідаючы свет, у асяродку сваіх штодзённых справаў ступіць на шлях сузірання, ты адразу адчуеш сябе сябрам Настаўніка, якому Ён даручыў паказаць усяму чалавецтву Божыя шляхі на зям­лі. Так, з дапамогаю гэтай сваёй працы ты пашырыш ва­ладарства Хрыста на ўсіх кантынентах. І вось адна за адной пацякуць гадзіны працы, якую прынясуць у дар Богу далёкія народы, што толькі нараджаюцца для веры, людзі з Усходу, якім бязлітасна забаранілі свабодна вызнаваць сваю веру, краіны са старажытнымі хрысціянскімі тра­дыцыямі, дзе святло Евангелля, здаецца, ужо згасла і душы супрацьстаяць цемры няведання... Такім чынам, якую каштоўнасць набывае гадзіна працы, калі ты працягваеш ра­біць яе гэтак жа рупліва, ізноў, яшчэ некалькі хвілінаў, да самага завяршэння! Простым практычным чынам ты ператвараеш сузіранне ў апостальства, неадкладную па­трэбу сэрца, якое б’ецца ва ўнісон з салодкім і міласэрным Сэрцам Езуса, нашага Пана.   

68. Вы спытаеце: і як я здо­лею заўжды дзейнічаць у тым духу, што дазволіць мне дасканала выконваць свае прафесійныя абавязкі? Адказ на пытанне даю не я, а святы Павел: «Чувайце, трывайце ў веры, будзьце мужныя, цвёрдыя, усё ў вас няхай будзе з любоўю» (пар. 1 Кар 16, 13–14). Рабіце ўсё без прымусу і з любоўю, не давайце ходу страху і руціне, служыце Богу, нашаму Айцу. 

Мне вельмі даспадобы паў­тараць наступны верш, бо я перажыў і адчуў тое самае. Ён невысокай мастацкай вартасці, але вельмі трапны:

Маё жыццё ўсё — любоў,

і я дасведчаны ў любові,

бо навучыў мяне ёй боль.

А лепш любіць ніхто 

не здольны,

чым той, хто зведаў 

мноства  болю.

Я настойліва раю: выконвай свае працоўныя абавязкі дзеля любові, даводзь усё да ладу дзеля любові, і ты ўбачыш цуды, здзейсненыя з дапамогаю тваёй працы менавіта таму, што любіш, нягледзечы на горыч непаразуменняў, несправядлівасць, няўдзячнасць і нават, па чалавечых мерках, паразу. Ты атрымаеш найсмачнейшы плод, плён вечнасці! 

Пераклад з іспанскай мовы 

Юліі Шэдзько.

 

Паводле: Jose Maria Escriva de Balaguer, «Amigos de Dios», 1977.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней