Першы касцёл у Стоўбцах існаваў з даўніх часоў. У архіўных крыніцах гаворыцца, што драўляны касцёл быў пабудаваны ў 1623 годзе і названы ў гонар св. Марыі Магдалены. А пабудову новага мураванага касцёла тут прымеркавалі да прыезду айцоў дамініканаў. У 1640 г. князі Сангушкі ўзвялі вялікі каменны касцёл, які асвяцілі пад тытулам св. Казіміра, і драўляны дамініканскі кляштар. Найбольш вядомым кляштарным прыёрам стаў айцец Фабіян Малішэвіч, які быў прызначаны на гэтую пасаду прыкладна ў гэтым жа годзе. Айцец Фабіян увайшоў у святыню, прамовіўшы: «Вось гэта маё прыстанішча навекі, тут буду жыць, бо гэта месца выбрана мною». Сапраўды, да самай смерці ён вёў тут душпастырскую дзейнасць і праславіўся святасцю свайго жыцця. Айцец жыў у невялічкай келлі, якая, нібы ластаўчына гняздо, ляпілася да касцёльных сценаў. Пасля смерці цела айца Фабіяна не паддалося тлену. У спецыяльна зробленым склепе дольнага касцёла на ўзвышэнні паставілі труну святара, а на сцяне змясцілі дошку з яго жыццяпісам.
На жаль, адну з найпрыгажэйшых святыняў Стаўбцоўшчыны і кляштар дамініканаў чакаў трагічны лёс. У 1832 г. кляштар зачынілі, а касцёл св. Казіміра зрабілі парафіяльным. Ён працягваў дзейнічаць, нягледзячы на тое, што знаходзіўся ў дрэнным стане, і толькі ў 1868 г. спыніў сваё існаванне: яго зачынілі, а потым перарабілі ў праваслаўную царкву. Плябанію і землі перадалі праваслаўнаму духавенству, а маёмасць параздавалі суседнім парафіям.
Царква Марыі Магдалены праіснавала таксама не вельмі доўга — да пачатку 1920-х гадоў. У 1921 г. яе адрэстаўравалі, пасля зноў рэкансэкравалі ўжо як касцёл св. Фабіяна, што функцыянаваў яшчэ прыкладна 30 гадоў. Цікава, што ў 1930 г. была выпушчана марка з выяваю стаўбцоўскага касцёла. На ёй была пададзена гістарычная даведка: калі і кім ён пабудаваны, у якім годзе перайшоў у праваслаўнае ведамства.
Старэйшыя парафіяне, якім яшчэ пашчасціла маліцца ў гэтым касцёле, узгадвалі: «Тэрыторыя касцёла была агароджана. Да сённяшняга часу ад яе засталося 6 фрагментаў. Перад самым уваходам была двустворкавая брама: адна большая, другая меншая. З левага боку ад касцёла стаяла фігура св. Антонія, а з правага — крыж. Зайшоўшага ў святыню не пакідала адчуванне таго, што перад яго вачыма сапраўдны небасхіл: уся столя была ў аблоках, над алтаром з аблокаў выглядвалі анёлкі (былі бачныя іх галоўкі і крылцы). Калі граў арган, здавалася, што аблокі плывуць.
У касцёле былі бакавыя калоны, вельмі прыгожы алтар, пасярэдзіне якога вісеў крыж, па баках стаялі фігуры Маці Божай і св. Юзафа, а вось абразоў было вельмі мала. З высокай амбоны святар прамаўляў казанне. Над уваходам былі зробленыя хоры, дзе стаяў вялікі арган з двума мяхамі-барабанамі. Кожную нядзелю а 7-й гадзіне раніцы на вежу, якая была дэкаратыўна надбудаваная высокім шпілем, узыходзіў салдат ваеннага аркестра з кларнетам і граў мелодыю якой-небудзь малітвы.
У касцёл прыходзіла вельмі шмат людзей. На набажэнства прыводзілі нават салдат, якія, заходзячы ў святыню, здымалі шапкі, трымаючы іх у левай руцэ, каб праваю рабіць знак крыжа. На вялікія святы — Божае Нараджэнне, Вялікдзень, Першую св. Камунію — касцёл вельмі прыгожа аздаблялі. Напрыклад, у Вялікую пятніцу Гроб Пана заўсёды адаравалі дзяўчаты і 4 салдаты. Гэта было сімвалам чысціні і міру. А на Вялікдзень касцёл прыгожа патанаў у мностве жывых кветак. Да Першай св. Камуніі дзеці рыхтаваліся на працягу ўсяго года, а на саму ўрачыстасць дзяўчынкі прыходзілі ў белых сукенках і вянках, а хлопчыкі — у белых кашулях з чорнымі «мушкамі». Аднойчы на Спасланне Духа Святога для дзяўчат пашылі кракаўскія касцюмы: спадніцы чорнага колеру, чырвоныя кашулі, расшытыя прыгожымі пацеркамі і разнастайнымі каменьчыкамі, а на галовы зрабілі спецыяльныя вянкі з рознакаляровымі стужкамі».
У час вайны касцёл быў пашкоджаны. У 1947 г. гарадскія ўлады прынялі рашэнне зрабіць з касцёла кінатэатр ці клуб. Былі выдзеленыя сродкі, і пачаліся будаўнічыя працы, але праз некаторы час яны спыніліся. Жыхар вёскі Апечкі расказваў, што да
1949 г. у касцёле знаходзілася збожжасховішча, і ў сярэдзіну былой святыні заязджалі на конях праз тыя дзверы, дзе раней быў уваход, і ссыпалі пасярэдзіне зерне. Апрача збожжа тут захоўвалася шмат вапны, а некаторы час было сховішча солі.
У 1960-я гады ўлады вырашылі цалкам зруйнаваць святыню... Яны прымушалі рабіць гэта рабочых з будоўлі, якая вялася побач, але яны ўцякалі, а некаторыя нават звальняліся. Потым прывезлі салдат і загадалі ім руйнаваць касцёл. Большасць з іх таксама не пагаджалася, але знайшліся і такія, што не пабаяліся падняць руку на дом Божы. Людзі стаялі і плакалі. Бязбожнікі падкладалі дынаміт пад сцены святыні і ўзрывалі яго, але касцёл супраціўляўся, стаяў. Яго руйнавалі вельмі доўга... Нарэшце на крыж закінулі трос і цягнулі трактарамі. Сцены даруйноўвалі таксама трактарамі. Калі злачынная справа была завершаная, прывезлі 100 машынаў пяску, каб усё зраўнаваць з зямлёю...
{gallery}222-1{/gallery}
Падрыхтавала паводле
гістарычных звестак
і ўспамінаў мясцовых жыхароў
Святлана Адамовіч,
бібліятэкар са Стоўбцаў.