Святы Ян Боска вядомы як геніяльны выхаваўца моладзі, пісьменнік і публіцыст, заснавальнік Таварыства святога Францішка Сальскага (супольнасці салезіянаў). Нарадзіўся будучы святы 16 жніўня 1815 г. у беднай сялянскай сям’і ў Беккі, недалёка ад Турына (у італьянскім П’емонце) і быў малодшым сынам у сям’і. На хросце бацькі далі яму імя Ян Мельхіёр. Калі хлопчыку было два гады, памёр яго бацька і выхаваннем дзяцей далей займалася толькі маці.
У дзевяць гадоў Яну прысніўся сон, які прадвызначыў усё яго жыццё. Паводле ўспамінаў святога, у сне ён убачыў, нібы апынуўся ў прасторным двары, дзе сабралася шмат хлопцаў-падлеткаў. Многія з іх смяяліся і брыдкасловілі. Хлопчык кінуўся да іх з кулакамі, каб прымусіць замаўчаць, але раптам побач з’явіўся паважны Пан з высакародным выглядам, дзівосным ззяючым тварам і сказаў Яну: «Не кухталямі, а любоўю табе трэба будзе здабываць сваіх сяброў. Таму пачні ўжо цяпер: распавядзі ім, які брыдкі грэх і якая цудоўная цнота». Пан паабяцаў, што дасць хлопчыку Настаўніцу, з дапамогаю якой ён зможа стаць мудрым.
Усе наступныя гады Яна прайшлі пад знакам гэтага сну. Хлопчык распазнаў у ім свой жыццёвы шлях і сваё пакліканне. Пасля заканчэння школы, у 1834 г., ён паступіў у духоўную семінарыю ў К’еры, а праз шэсць гадоў атрымаў святарскае пасвячэнне. Дэвіз, які ён абраў сабе з нагоды пасвячэння («Дай мне душу, астатняе забяры»), потым стаў дэвізам усіх салезіянаў.
Пасля святарскага пасвячэння Ян Боска скіраваўся ў Турын, дзе стаў сведкам незайздроснага лёсу маладых хлопцаў, якія прыязджалі ў горад з надзеяй знайсці працу. Многія з іх бадзяліся па вуліцах без занятку і адукацыі, многія, не маючы за што жыць, станавіліся на шлях злачынстваў. Кс. Ян Боска вырашыў стварыць умовы, якія дапамаглі б хлопцам падрыхтавацца да годнага дарослага жыцця. Так зарадзілася яго душпастырская дзейнасць сярод моладзі. 12 красавіка 1846 г. кс. Ян Боска размясціўся са сваімі выхаванцамі ў хляве, які належаў Пінардзі і стаў першым салезіянскім араторыем. Там святар вучыў хлопцаў чытаць і пісаць, выкладаў ім катэхізіс, гуляў з імі. Праз некаторы час да кс. Яна Боска прыехала яго маці, Маргарыта, якая да канца сваіх дзён пражыла ў араторыі, клапоцячыся пра сваіх «гарэзаў».
З цягам часу святар усвядоміў, што маладым людзям патрэбна месца, дзе яны маглі б навучацца пэўнай прафесіі, таму ён заснаваў кравецкую і швейную майстэрні, затым сталярню, пераплётную майстэрню і друкарню.
Кс. Ян Боска, маючы глыбокае перакананне ў тым, што Бог паслаў яго весці маладых людзей да святасці, клапаціўся не толькі пра іх матэрыяльнае становішча, але і пра духоўнае жыццё: навучаў малітве, заахвочваў да частых сакрамэнтаў споведзі і святой Камуніі, вучыў іх жыць згодна з Божымі запаведзямі і Евангеллем.
Аднак святар усведамляў, што адзін ён няшмат здолее зрабіць. Яму патрэбны былі паплечнікі, якія дапамагалі б у працы з моладдзю, а пасля яго смерці працягнулі б гэтую справу. Ахвотных ён знайшоў сярод выхаванцаў араторыя. У 1859 г. кс. Ян Боска заснаваў новую мужчынскую манаскую супольнасць — Таварыства святога Францішка Сальскага.
Разумеючы неабходнасць у выхаваўча-адукацыйнай дзейнасці і сярод дзяўчат, 5 жніўня 1872 г. кс. Ян Боска разам з Мары-яй Даменікай Мадзарэла заснаваў Кангрэгацыю Дачок Панны Марыі Успамогі Хрысціянаў (сясцёр салезіянак). Іх задачаю стала
выхаванне дзяўчынак.
Яну Боска дапамагалі таксама свецкія людзі, якім былі блізкія яго метады працы з моладдзю і яго харызма. Таму ў 1876 г. была заснаваная Асацыяцыя салезіянскіх супрацоўнікаў — своеасаблівы трэці ордэн, які належаў да салезіянскай сям’і.
«Настаўнік і айцец моладзі» да канца жыцця заставаўся верным свайму пакліканню. Ён адышоў у вечнасць 31 студзеня 1888 г. ва ўзросце 73 гадоў. На той момант ужо працавала 57 салезіянскіх араторыяў у дзесяці краінах Еўропы і Амерыкі. 2 чэрвеня 1929 г. папа Пій ХІ беатыфікаваў Яна Боска, а 1 красавіка 1934 г. кананізаваў яго.
Напярэдадні беатыфікацыі згодна з працэдурамі, акрэсленымі кананічным правам, была адкрытая магіла святара, якая знаходзілася ў Турыне. Выявілася, што цела Яна Боска ўжо на працягу 41 года заставалася нятленным, хоць яго скура крыху пацямнела. Паколькі на беатыфікацыйную ўрачыстасць планавалася перанесці парэшткі святара з Вальсалічэ, дзе ён быў пахаваны, у Вальдока, навукоўцы і лекары абмеркавалі спосаб асвятлення яго скуры. На жаль, пасля прымянення распрацаванай імі хімічнай формулы адбылася рэакцыя, якой яны не чакалі: цела было знішчанае на іх вачах. Для таго, каб беатыфікацыйныя ўрачыстасці маглі адбыцца, захаваныя парэшткі змясцілі ў воскавай копіі цела Яна Боска, а затым выставілі для публічнага ўшанавання. Пасля кананізацыі рэліквіі святога былі змешчаныя ў шкляным саркафагу, які да цяперашняга часу знаходзіцца над бочным алтаром у базыліцы Марыі Успамогі Хрысціянаў у Турыне.
У 2006 г. падчас рэстаўрацыі базылікі была выканана копія фігуры св. Яна Боска. Унутры яе змясцілі каштоўную рэліквію — правую далонь святога. Косці далоні паклалі на баваўняную тканіну ў металічнай скрыначцы, якую прыкрылі празрыстым нябіткім шклом. Пазней рэліквіі былі змешчаныя ў пасрэбранай скрынцы (даўжынёю 27 см, шырынёю 9 см і вышынёю 16 см) і запламбаваныя ватыканскаю пячаткаю. Гэтая скрынка ў сваю чаргу была ўкладзеная ў грудную клетку копіі фігуры Яна Боска.
З 25 красавіка 2009 г. з нагоды 150-годдзя заснавання салезіянскай супольнасці распачалася перэгрынацыя рэліквій св. Яна Боска па ўсім свеце. Яна завершыцца ў юбілейным 2015 г., у 200-ю гадавіну нараджэння святога. За гэты час урна павінна пабываць у 130 краінах свету — ва ўсіх месцах, дзе адбываецца салезіянскае служэнне. Да такіх краінаў належыць таксама Беларусь, дзе перэгрынацыя рэліквій св. Яна Боска адбывалася з 25 да 31 жніўня ў Мінску, Гродне, Смаргоні і Дзятлаве.
«Я хачу падарыць вам рэцэпт святасці, — сказаў аднойчы святы, — па-першае, гэта радасць, па-другое — абавязкі, звязаныя з навучаннем і малітваю, па-трэцяе — уменне рабіць дабро для ўсіх». Няхай гэты наказ святога Яна Боска, які наведаў Беларусь у рэліквіях, дакранецца да самых чулых струнаў нашых душаў і абудзіць у іх жывую мелодыю на хвалу Божую.
Падрыхтавала
Ганна Шаўчэнка.
Паводле
каталіцкіх мас-медыя.
25 жніўня 2013 г., Мінская архікатэдра, перэгрынацыя рэліквій св. Яна Боска.
{gallery}222-01{/gallery}
Фота М. Новікава