Кожны, хто хоць раз хадзіў пілігрымкаю ў Будслаў, скажа вам, што найбольшы гонар — ісці наперадзе ўсіх з крыжам, сцвярджаючы ім мэту і сэнс усяго падарожжа, бо без крыжа любая пілігрымка — усяго толькі турпаход...
Гэтым разам у апошні дзень вандроўкі наперадзе пілігрымкі Мінск-Будслаў неслі незвычайны крыж — крыж, які вандраваў ужо па многіх краінах і кантынентах, крыж, які разам з абразом Маці Божай Salus Populi Romani з’яўляецца сімвалам Сусветных дзён моладзі. Усяго праз два гады гэтая сусветная сустрэча моладзі адбудзецца зусім побач, у Кракаве, і ў гэтыя дні крыж і абраз вандруюць па Беларусі як знак лучнасці з каталіцкаю моладдзю свету.
Шлях пілігрыма ў нечым падобны да крыжовага — таксама церпіш невыгоды, таксама раніш ногі, таксама нясеш на плячах цяжар недасканаласці і інтэнцыі-просьбы за сябе і блізкіх. Таму менавіта пілігрымам было даверана ўнесці крыж Сусветных дзён моладзі ў Будслаў.
На працягу будслаўскіх урачыстасцяў крыж знаходзіўся каля базылікі і не спынялася чарга вернікаў, якія жадалі ўшанаваць яго і абраз Багародзіцы. Да яго дакраналіся ўжо тысячы рук, каля яго гучалі мільёны малітваў, узносіліся галасы ўдзячнасці, праліваліся слёзы смутку... І Беларусь — толькі адна з першых кропак яго падарожжа да Кракава, якое завершыцца ўлетку 2016 года. І мы цешыліся, што неслі гэты крыж па дарогах беларускай зямлі як знак таго, што жывая вера поўніць нашыя сэрцы ўдзячнасцю да Збаўцы, які вызваліў нас праз гэты знак смяротнай пакуты і перамогі над смерцю. «Ave, crux!», «Вітай, крыж!» — спяваецца ў старажытнай антыфоне, і мы разам паўторым: «Вітай, знак нашага збаўлення і сведчанне нашай веры!».
Юлія Шэдзько