Aздароўленая ў дзень беатыфікацыі

Калі ў Ватыкане папа Бэнэдыкт XVI абвяшчаў папу Яна Паўла ІІ благаслаўлёным, у Коста-Рыцы здарыўся цуд, які пазней дазволіў абвясціць яго святым.

Медыцына бяссільная

Фларыбэт Мора Дыяз усё часцей адчувала сябе дрэнна. Боль галавы, які толькі ўзмацняўся, не дазваляў ёй нармальна жыць. Яна вырашыла пайсці да доктара. Дыягназ гучаў як прысуд: верацёнападобная анеўрызма правага паўшар’я мозгу. «Я пачула, што мой стан безнадзейны. А я хацела жыць, дачакацца нараджэння яшчэ двух унукаў, якія ў хуткім часе павінны былі прыйсці на свет», — распавядае ўзрушаная жанчына. Першы раз яна трапіла ў шпіталь 8 красавіка 2011 года. Ёй было ў той час 50 гадоў. «Мы абследавалі яе 13 красавіка. Гэта была адна з найскладанейшых анеўрызмаў, якая выклікае цяжкі ўдар мозгу. Наконт яе выпадку мы кансультаваліся з найлепшымі нейрахірургамі ў Коста-Рыцы, абмяркоўвалі яго на спецыяльным сімпозіуме ў Мексіцы», — гаворыць нейрахірург Алехандра Варгас Роман, які апекаваўся жанчынаю. З-за пагрозы смерці і верагодных ускладненняў аперацыя была выключаная. Фларыбэт Мора Дыяз пачула, што ў яе выпадку медыцына бяссільная. «Доктар сказаў мне, што стан маёй жонкі вельмі цяжкі. Я паўтараў у душы: „Каханая, я дапамагу табе“. Адначасова пытаў сам сябе: „Што я магу зрабіць?“» — распавядае Эдвін Арсэ, муж  жанчыны. «Я выйшаў са шпіталя і сеў на лаўку. Апусціў галаву і расплакаўся ад бяссілля. Па­чаў маліцца: „Божа, дапамажы мне. Караль Вайтыла, дапамажы, не пакідай мяне аднаго, для мяне ты — святы“, — успамінае ён цяпер сваю малітву. — Тады я пачуў голас: „Не бойся, забяры яе дадому“». І ён забраў. Беатыфікацыю Яна Паў-ла ІІ Фларыбэт Мора Дыяз глядзела па тэлебачанні. У Коста-Рыцы тады была ноч. «Муж зрабіў мне знак крыжа на ілбе і ўзяў за руку. Мы маліліся (зрэшты, не першы раз), просячы заступніцтва Яна Паўла ІІ. Заклікалі, каб ён заступіўся за мяне перад Богам, каб выслухаў нашыя малітвы», — успамінае аздароўленая жанчына. Калі раніцаю яна прачнулася, яе позірк упаў на часопіс з фотаздымкам Яна Паўла ІІ. «Я пачула голас, які прамовіў мне: „Устань, не бойся, устань“. Я адказала: „Так, Пане!“ і... устала з ложка. Мой муж, бачачы гэта, спытаў: „Каханая, што ты робіш?“. Я толькі адказала яму, што адчуваю сябе добра, больш нічога, каб не падумаў, што я звар’яцела», — распавядае яна.

Доктар не разумее, як гэта адбылося

1 мая Фларыбэт прыйшла да свайго доктара і папрасіла, каб яе зноў абследавалі. Яна сцвярджала, што адчувае сябе вельмі добра. «Калі я атрымаў вынікі абследавання і ўбачыў, што анеўрызма знікла, мозг не пашкоджаны і няма ніякіх неўралагічных ускладненняў, не мог паверыць. Гэта было цудоўна, невытлумачальна. Я ніколі не бачыў, каб такая вялікая анеўрызма знікла сама па сабе», — распавядае доктар Алехандра Варгас Роман. Былі праведзеныя чарговыя абследаванні, які пацвер­дзілі, што жанчына здаровая. Дактары прызналі, што яна аздароўленая спосабам, які навука не ў стане растлумачыць. «Гэта было адназначнае аздараўленне. Раптоўнае і цалкам змяняючае жыццё самой жанчыны», — падкрэслівае кс. Славамір Одэр, пастулатар кананізацыйнага працэсу Яна Паўла ІІ. Калі я пытаюся, чаму сярод тысячы цудаў, пра якія паведамлялася ў бюро пастулацыі, быў выбраны менавіта гэты, ён без ваганняў распавядае, што аздараўленне Фларыбэт Моры Дыяз вельмі моцна ўразіла і яго, і супрацоўнікаў. «Вядома, якім моцным захворваннем з’яўляецца анеўрызма мозгу і якія звычайна бываюць прагнозы. Што нас больш за ўсё ўразіла, дык гэта раптоўны эфект і факт, што аздараўленне ад­былося практычна ў дзень беатыфікацыі Яна Паўла ІІ», — падкрэслівае пастулатар. <...>

У кастрычніку 2012 года Фларыбэт Мора Дыяз была запрошаная ў Рым на спецыяльныя абследаванні, якія пацвердзілі знікненне анеўрызмы і адсутнасць якіх-небудзь неўралагічных ускладненняў. У хуткім часе пасля гэтага кс. Одэр паехаў у Коста-Рыку і папрасіў біскупа дыяцэзіі Сан-Хасэ аб правядзенні дыяцэзіяльнага працэсу па справе цуду. У студзені 2013 г. дакументацыя была перададзеная ў Кангрэгацыю па справах Кананізацыі. Цуд быў зацверджаны ўрачэбнаю і тэалагічнаю камісіямі, а таксама камісіямі кардыналаў і біскупаў і ўрэшце папам Францішкам. Дзякуючы гэ­таму знікла апошняя пера­шкода на шляху да кананізацыі Яна Паўла ІІ.

Двайны цуд

Свет абляцела навіна пра тое, што мы маем справу з двайным цудам, бо па прычыне хваробы і аздараўлення Фларыбэт Моры Дыяз адбылося навяртанне ўсёй яе сям’і. «Вяртанне мамы — гэта найцудоўнейшы дар, які мы маглі атрымаць, — гаво­рыць самы малодшы яе сын, 14-гадовы Кейнэр. Іншы сын, Эдвін, падкрэслівае, што хвароба мамы была для ўсёй сям’і цяжкім выпрабаваннем, і яе аздараўленне цалкам змяніла яго погляды на жыццё і паказала больш поўнае яго вымярэнне. <...> «Наша сям’я шмат перажыла падчас хваробы маёй нявесткі, але дзякуючы малітве мы сталі мацнейшымі, — гаворыць свякроў Фларыбэт Моры Дыяз, Рафаэла Арсэ. Яна падкрэслівае, што ў іх сям’і любоў да Яна Паўла ІІ была заўсёды. Таму ў доме нявест­кі ёсць маленькая каплічка, прысвечаная Яну Паўлу ІІ. «Калі разышлася вестка пра маё аздараўленне, да мяне пачалі прыходзіць людзі, якіх я раней не ведала. Яны прасілі дапамогі, парады, малітоўнай падтрымкі, — распавядае Фларыбэт. — Я да канца жыцця буду пытаць, чаму Бог выбраў менавіта мяне. Аднак пачынаю разумець, што маё аздараўленне служыць таму, каб я была побач з хворымі і церпячымі, і несла ім надзею і суцяшэнне».

Бэата Заёнчкоўска.

Пераклала з польскай мовы Ганна Серэхан.

Паводле: www.gosc.pl

Цэтлікі: Сведчанні

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней