Ян Тыраноўскі — настаўнік будучага Папы

Кожны, хто хоць трохі цікавіўся біяграфіяй Караля Вайтылы — пазней папы Яна Паўла ІІ, сустракаўся з імем Яна Тыраноўскага — чалавека, які аказаў значны ўплыў на духоўнае жыццё будучага Святога Айца. Аднак мы ведаем пра яго зусім няшмат.

Большасць сведкаў жыцця слугі Божага Яна Тыраноўскага ўжо не жывуць, успамінаў таксама захава­лася вельмі мала. Але памяць пра сціплага краўца да такой ступені моцная, што ў 1997 г., праз 50 гадоў пасля яго смерці, тагачасны Мітрапаліт Кракаўскі кардынал Францішак Махарскі распачаў яго беатыфікацыйны працэс.

Шукаючы некалькі гадоў таму звесткі пра Яна Тыраноўскага, мы спрабавалі сустрэцца з яшчэ жывым у той час кс. Міхалам Шафарскім SDB, які быў выхаванцам слугі Божага. Ён адаслаў нас да сваёй кнігі «Евангельская пярліна. Слуга Божы Ян Леапольд Тыраноўскі (1901–1947): апостал „Жывога Ружанца“» (Кракаў, 2000), дзе аўтар сабраў уласныя ўспаміны, а таксама ўспаміны іншых людзей, якія асабіста сустракаліся са слугою Божым. У гэтай невялікай кніжачцы зме­шчана сведчанне жыцця Яна Тыраноўскага, якое і сёння ўзрушвае да глыбіні душы і заахвочвае яшчэ больш рашуча ісці за Хрыстом.

Кім быў гэты кравец?

Слуга Божы Ян Леапольд Тыраноўскі нарадзіўся 9 лютага 1901 г. у сям’і Апалоніі і Яна Тыраноўскіх. З ранняга дзяцінства Яна сям’я жыла ў кракаўскім раёне Дэмбнікі. Па адукацыі Ян Тыраноўскі быў служачым, аднак свядома выбраў прафесію краўца, каб сумяшчаць працу (ён утрымліваў бацькоў і брата) з паглыбленнем духоўнага жыцця і катэхетычна-фармацыйнай дзейнасцю пры парафіі. Ян Тыраноўскі быў членам парафіяльнага хору, удзельнічаў у працы «Каталіцкага таварыства маладых мужчынаў». Аднак больш за ўсё яго памятаюць як заснавальніка ружанцовых колаў пры парафіі св. Станіслава Косткі і духоўнага кіраўніка моладзі. 

Сведка і апостал

Людзі, якія ўзгадваюць Яна Тыраноўскага, падкрэсліваюць, што ён быў чалавекам з вельмі лагодным і радасным характарам, ня­смелым, але адначасова палаў вялікім апостальскім энтузіязмам. Ён пераадольваў сваю нясмеласць, каб асабіста заахвочваць моладзь да большага ўдзелу у жыцці парафіі. Веслаў Дудусь (будучы салезіянін) так напісаў пра яго ў сваіх успамінах: «...Аднойчы я выходзіў з нашага касцёла і сустрэў на прыступках пана Тыраноў­скага. Здавалася, ён мяне чакаў. І тады сказаў мне: „Пане Веслаў, можа б Вы запісаліся ў Ружанец?“. Сёння я магу смела прызнацца, што зусім не меў да гэтага ахвоты, але пан Тыраноўскі так папрасіў, што я не здолеў яму адмовіць. У яго знешнасці было штосьці вельмі прыцягальнае <...>, нясмелае, пакорнае, і гэтым ён прывабліваў людзей. Нават на адлегласці адчувалася, што ты маеш стасункі з незвычайным чалавекам, які нясе ў сабе глыбокі ўнутраны свет, які нагамі яшчэ ходзіць тут, па зямлі, але яго душа, сэрца і ўсё астатняе — дзесьці ў іншым месцы». Падобныя меркаванні сустракаюцца ў многіх лістах і ўспамінах людзей, звязаных з «Жывым Ружанцам» пры парафіі ў Дэмбніках. Сваёй жыццёваю пазіцыяй і асабістым сведчаннем Ян Тыраноўскі скіроўваў іншых да поглядаў, якія абвяшчаў сам, хоць знешне яны ўспрымаліся як катэхізісныя, занадта правільныя і, здавалася, часам старасвецкія. Гэтая непрывабнасць словаў знікала пры сустрэчы з ім. Ён пераконваў, бо не толькі гаварыў, але найперш аскетычна жыў, глыбока перажываючы штодзённае жыццё. Па парадзе сваіх спаведнікаў ён чытаў творы св. Яна ад Крыжа і св. Тэрэзы Авільскай. Ян Тыраноўскі склаў абяцанне чыстасці і не стварыў сям’і. Ён вельмі рана пасівеў, і таму рабіў уражанне нашмат старэйшага за тую моладзь, якая яго атачала. 

Выхаваўца і духоўны кіраўнік

У салезіянскім архіве захаваліся нататкі Яна Тыраноўскага, з якіх відаць, што ён складаў падрабязны план дня, кожную справу ахвяроўваў Богу, амаль штодня ўдзельнічаў у Эўхарыстыі і прымаў святую Камунію. Ён настойліва і шчыра заахвочваў моладзь да глыбокай працы над сабою — над удасканальваннем цнотаў і ўтаймаваннем спакусаў. З членамі колаў «Жывога Ружанца» ён сустракаўся штотыднёва. З кожным паасобку — на прагулцы, дома. Шмат размаўляў з імі, раіў хлопцам чытанне, якое магло б дапамагчы ў іх развіцці. Ён быў выдатным і вельмі патрабавальным духоўным кіраўніком. Усё гэта адбывалася ў час нямецкай акупацыі, калі праца святароў і катэхізацыя моладзі сутыкалася са шматлікімі цяжкасцямі. Святары, ведаючы пра яго глыбокае знаёмства з тэалогіяй (хоць ён не скончыў нават сярэдняй школы), звярталіся да яго па дапамогу. Спаведнік Яна Тыраноўскага, кс. Аляксандр Дрозд, так пісаў пра яго: «Мяне здзіўляла багацце яго душы. Я баяўся за яе духоўныя скарбы, спрабаваў аберагаць іх і захоўваць праз паглыбленне ў яго душы цноты пакоры. Я сутыкаўся з сур’ёзнымі цяжкасцямі ў кіраванні гэтым духоўным „альпіністам“, бо ён узыхо­дзіў на такія сцежкі і вышыні, да якіх мая нага не дакраналася».

На сустрэчах ружанцовых колаў (таксама і жаночых) Ян Тыраноўскі чытаў лекцыі, у тым ліку па аскезе і дагматыцы літургіі, асвятляючы кожную тэму лепш, чым многія з тэолагаў. Ён сам настолькі добра вывучыў лаціну, што мог у арыгінале чытаць творы святых, даваў таксама прыватныя ўрокі па гэтай мове. З колаў «Жывога Ружанца», са «школы» Яна Тыраноўскага выйшла 13 дыяцэзіяльных і законных святароў, сярод якіх — будучы папа Караль Вайтыла, які быў адным з яго найстараннейшых вучняў. Кс. Шафарскі пісаў: «Мне здаецца, што Пан Бог паставіў Яна на шляху Караля, каб падрыхтаваць яго да будучай місіі. Я магу ўпэўнена сцвярджаць, што Караль Вайтыла не быў бы тым, кім ён з’яўляецца — Божым чалавекам, — калі б не атрымаў грунту духоўнай працы ў школе Тыраноў­скага».

Цярпенне, якога ён не прасіў

Апошні перыяд жыцця Яна Тыраноўскага — гэта перыяд цярпення, аб якім ён не прасіў (так напісана ва ўспамінах), але якое прыняў з пакораю і радасцю, бо такім чынам ён мог набыць яшчэ больш святасці. Ён быў удзячны за гэта Пану Богу. На яго недалечанай руцэ пачалася гангрэна, потым ён захварэў на сухоты. Апошні перыяд жыцця Ян Тыраноўскі правёў у шпіталі на вул. Каперніка ў Кракаве. Руку ампутавалі. Незадоўга да таго, як Ян трапіў у шпіталь, памерла яго маці, якою ён апекаваўся. Немагчымасць быць на яе пахаванні Ян прыняў з пакораю, хоць вельмі пакутаваў з-за гэтага. (Кс. Шафарскі піша, што дагэтуль сваёю малітваю і цярпеннем ён здабыў для Бога душы сваіх бацькі і брата, якія памерлі незадоўга да яго: брат — у 1943 г., а бацька — у 1944 г.).

Духоўны плён

Выключным днём для хво­рага Яна Тыраноўскага быў дзень 1 лістапада 1946 г., калі яго дарагі выхаванец і сябар Караль Вайтыла прыняў святарскае пасвячэнне і ў крыпце св. Леанарда ў Вавельскай катэдры цэлебраваў прыміцыйную святую Імшу. Ян Тыраноўскі вельмі хацеў служыць пры алтары падчас гэтай Эўхарыстыі, аднак яго стан ужо не дазваляў яму выйсці са шпіталя. Кс. Шафарскі ўспамінаў, што ў гэты час Ян Тыраноўскі пакутаваў асабліва моцна. Ён прызнаўся камусьці, што праз гэтыя цярпенні прагнуў выпрасіць для свайго духоўнага сына святасць жыцця і чыстасць сэрца. Час паказаў, наколькі яны былі плённыя. Ян Тыраноўскі памёр 15 сакавіка 1947 г., з любоўю цалуючы крыжык, які падносілі яму да вуснаў. Ён паміраў так, як жыў — у еднасці з Хрыстом. Пахаваны на Ракавіцкіх могілках у Кракаве.

З пачаткам беатыфіка­цыйнага працэсу яго па­рэшткі былі перанесеныя ў касцёл св. Станіслава Косткі ў Дэмбніках. Спаведнік Яна Тыраноўскага, кс. Аляксандр Дрозд, праз 10 гадоў пасля яго смерці ў лісце да біскупа Караля Вайтылы напісаў словы, якія да гэтага часу не страцілі значнасці: «На надмагіллі Тыраноўскіх на Ракавіцкіх могілках трэба было б змясціць такі надпіс: „Маліцеся аб ласках праз заступніцтва святой памяці Яна Тыраноўскага, цела якога тут спачывае, і Бог абавязкова пажадае выслухаць вас“».

З запісаў слугі Божага Яна Тыраноўскага

 

Ахвяраванне сябе

«Найдаражэйшы Ойча, ахвярую Табе сябе самога, бо люблю Цябе. Ахвярую Табе сваю душу з яе сіламі, сваё сэрца з яго пачуццямі, усе думкі, словы, учынкі і працу, боль, клопаты і цярпенні, свае жаданні і ўсё, што я маю, яднаючы ўсё гэта з заслугамі нашага Пана Езуса Хрыста. Бог майго сэрца і доля мая, Божа на векі, люблю Цябе і праслаўляю, Езу Хрыстэ, Пане мой і Настаўнік. Мой Бог і маё ўсё...»

Цела слугі Божага Яна Тыраноўскага пахаванае ў дэмбніцкім касцёле св. Станіслава Косткі ў Кракаве. 

 

Пераклала з польскай мовы Ганна Шаўчэнка.

Паводле: Niedziela, № 6, 2014.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней