Маліцеся адзін за аднаго, каб быць аздароўленымі; шмат можа шчырая малітва справядлівага (пар. Як 5, 16).
Калі Езус дзве тысячы гадоў таму абвяшчаў людзям сваё Евангелле, за Ім хадзілі натоўпы людзей. Многія з іх не толькі прагнулі слухаць Добрую Вестку, але і спадзяваліся атрымаць ад Яго аздараўленне. І многія атрымлівалі. Сляпыя пачыналі бачыць, глухія — чуць, паралізаваныя падымаліся са сваіх цяжкіх пасцеляў. Ён вызваляў людзей ад шматлікіх духоўных і фізічных хваробаў.
А сёння? Ці вызваляе Ён нас сёння? Ці лечыць? Ці загойвае нашыя раны? Ці прыносіць палёгку?
...У красавіку мне пашчасціла быць на малітве праслаўлення ў касцёле святой Барбары ў Віцебску. Кажу «пашчасціла», бо даўно збіралася паехаць на гэтую малітву, паўдзельнічаць у ёй. Ведала, што ў часе яе адбываецца таксама і заступніцкая малітва, пра якую шмат чула ад маіх добрых сяброў з Віцебска. Зразумела, што нейкая сотня кіламетраў дзеля такой падзеі проста не можа быць перашкодай…
Малітва пачалася з адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, са шчырых словаў падзякі Езусу, прызнання Яму ў любові. Заўсёды вельмі люблю гэтыя хвіліны шчырасці, адкрытасці, людскога даверу... Потым было сведчанне Вольгі Хмялеўскай:
— Месяц таму, на мінулай малітве, якая адбылася 7 сакавіка, Езус аздаравіў мяне. Незадоўга да таго дня я праходзіла абследаванне і дактары сказалі, што мне трэба выдаліць адно новаўтварэнне. Мяне не пужалі страшным дыягназам, але ўльтрагукавое абследаванне паказала, што прайсці праз аперацыю мне трэба. Не магу сказаць, што я вельмі баялася, але трывога ўсё ж была — да таго ж праз два дні я збіралася святкаваць сваё 50-годдзе. І таму, калі я наблізілася на малітве да Найсвяцейшага Сакрамэнту, я шчыра дзякавала Пану Богу за дар свайго жыцця, за ўсе атрыманыя ад Яго ласкі, словам — за ўсё… І потым неяк само сабой, зусім па-дзіцячы вырвалася з сэрца просьба: «Езу! Калі Ты хочаш, зрабі падарунак на мой дзень нараджэння — аздараві мяне…» Нада мной памаліўся святар, і я адышла, узяўшы з сабой картку са словамі са Святога Пісання, якія нам прапаноўваліся на выбар. На той «выпадковай» картцы я прачытала: «Супакойся, дачка; Пан неба і зямлі дасць табе радасць узамен на смутак твой. Супакойся, дачка мая!» (пар.Тоб 7, 17). І я паверыла! Ні кропелькі не сумнявалася, што Езус аздаравіў мяне! А на трэці дзень пасля гэтага, 10 сакавіка, калі я паехала класціся ў бальніцу, каб зрабіць аперацыю, гэта пацвердзілі і дактары! Аперацыя была ўжо мне не патрэбная, і я, шчаслівая ды разгубленая, вярнулася дахаты ў той жа дзень… Хвала Пану!
...Не ведаю, колькі чалавек было на той малітве, у часе якой Вольга Хмялеўская атрымала аздараўленне. На той, у якой удзельнічала я, іх было каля 50-ці. Трэба думаць, што прыкладна столькі ж брала ўдзел і тады. Падумалася вось цяпер, калі пішу гэтыя радкі, што ўсе, хто ўдзельнічаў і першы, і другі раз у малітве, спадзяваўся вырашыць нейкія свае праблемы. Не ўсе атрымалі жаданую дапамогу. Але… ні ў якім разе нельга сказаць, што іх малітва засталася нявыслуханай, безвыніковай.
І не нам меркаваць,чаму менавіта Вольга атрымала ў той вечар такі жаданы падарунак. Ці толькі таму, што ў яе быў дзень нараджэння, юбілей? А мо таму, што, падзякаваўшы Пану Богу, вось так па-дзіцячы, як яна кажа, папрасіла, загадзя гатовая прыняць і падарунак, і адсутнасць яго, бо падарункі — рэч добраахвотная... хочуць — падараць, хочуць — не…
Зрэшты, 2000 гадоў назад адбывалася тое ж самае. Натоўпы хворых, калекаў, пракажоных хадзілі за Езусам. І далёка не ўсе атрымлівалі падарункі ад Яго. Прыярытэт выбару належаў выключна Яму. Што праўда, часта Ён казаў пра тое, што людзей ратуе іх жа вера… Пра тое, якой яна павінна быць у нас, выразна гаворыцца ў Ягоным слове, у Евангеллі. Чытаем яго, слухаем, услухоўваемся ў святарскае тлумачэнне на Імшы, самі разважаем над ім — і ўвесь час нібы застаемся галоднымі… Бо яго ўвесь час мала, увесь час прагнем яго наноў.
На адным з апошніх «Вінаграднікаў» у Оршы тэма так і называлася — «Голад Божага слова». Дарэчы, на кожнай сустрэчы «Вінаградніку» гэтаксама адбываецца вялікая заступніцкая малітва. На ёй таксама некалькі чалавек атрымалі і фізічнае, і духоўнае аздараўленне. І тыя некалькі чалавек у параўнанні з вялікімі натоўпамі ўдзельнікаў — гэта зусім няшмат, але адначасна і вельмі шмат! Бо калі на тваіх вачах адбываецца цуд канкрэтнага Божага дзеяння, умяшання ў нашае жыццё — гэта заўсёды ні з чым не параўнаная па сваёй велічы падзея. І мы ніколі не перастанем здзіўляцца гэтаму дзеянню, захапляцца ім, чакаць яго… Адно што, ніколі, ні пры якіх абставінах нельга зайздросціць тым, хто ўжо атрымаў Божы падарунак. Радавацца за гэтых людзей — так, а зайздросціць — не! І не толькі таму, што гэта грэх супраць Духа Святога (гл. Катэхізіс), а таму, што нядобра гэта — зайздросціць бліжняму свайму. Па ўсіх мерках нядобра. А тым не менш раз-пораз даводзіцца чуць: «Вось каб мне такое!», альбо: «І чаму гэта Бог адных выслухоўвае, а другіх не?». Адказ, відаць, вельмі просты. Таму, што Ён Бог і Яму вырашаць, каго, дзе, калі выслухоўваць і каму паслаць палёгку. Ён жа ведае лепш, каму карысней выпрацоўваць у сабе цярплівасць ды загартоўвацца перад больш сур’ёзнымі выпрабаваннямі. І для кагосьці прызначаныя словы Святога Пісання: «Бог усялякай ласкі, які паклікаў вас да сваёй вечнай славы ў Хрысце Езусе, пасля таго як трохі пацерпіце, сам удасканаліць, загартуе, умацуе і зробіць вас непахіснымі»
(1 П 5, 10–11). Нам жа вельмі важна навучыцца па-сапраўднаму давяраць Яму, не стамляцца шукаць Яго, сустракаць і зноў ды зноў шукаць. Да таго ж, заўсёды вельмі важна памятаць, што час, праведзены з Богам, ніколі не бывае змарнаваным, незалежна ад таго, хто што атрымаў ад Яго. Магчыма, многія з нас даведаюцца пра свае падарункі значна пазней.
Ну а тым, хто ўжо спазнаў канкрэтнае Божае дзеянне, мабыць, найперш трэба не стамляцца дзякаваць Яму і сведчыць пра цудоўныя справы Яго. Вельмі гэта важна — сведчыць. Адкінуўшы ўсялякую надуманую сціпласць, нам трэба вучыцца сведчыць адзін перад адным і перад тымі, хто яшчэ зусім не пазнаў шляхоў Яго. Трэба сведчыць пра тое, што Бог робіць у нашым жыцці. Пра тое, як Ён змяняе нашыя сэрцы, нашыя адносіны ў сем’ях ды з іншымі людзьмі, як вызваляе ад усяго змрочнага, нядобрага, як прыносіць радасць і чыніць нас дзецьмі святла.
У бочных навах віцебскага касцёла святой Барбары размешчаны стэнды са сведчаннямі вернікаў. Чытаеш іх — і радуецца душа за тых, хто з Божай дапамогай вызваліўся ад алкагольнай залежнасці, ад цяжкай хваробы, хто перажыў сапраўднае навяртанне, адкрыў для сябе жывога Бога, чые сямейныя адносіны былі аздароўленыя Божай ласкай, каго Бог падтрымаў у часе цяжкіх выпрабаванняў, хто адкрыў для сябе магчымасць жыць у радасці дзіцяці Божага.
Неяк давялося пачуць: «Хопіць казаць пра тое, які ёсць Бог. Кажы лепш, што Ён робіць у тваім жыцці». І не варта баяцца, што ты не ўмееш гаварыць прыгожа ды гладка. Кажы, як умееш. Бог сам паклапоціцца аб прыгажосці. І Ён жа адкрые сэрца таго, каму патрэбна пачуць тваё сведчанне. А калі ты напішаш тое сведчанне і дашлеш яго ў рэдакцыю часопіса «Ave Maria», то абвяшчэнне табою Божых справаў павялічыцца ў шмат разоў. Не лянуйся рабіць гэта, бо маеш на сабе абавязак пашыраць межы Божага Валадарства на зямлі. Калі толькі хочаш быць жывым хрысціянінам, а не проста запісаным на паперы.
Ірына Жарнасек.
Фота Валянціны Аўсяннікавай.