Агляд пошты

 

Пахвалёны Езус Хрыстус!

Вітаем вас, паважаныя чытачы.

Большасць лістоў, што прыйшлі да нас у час падрыхтоўкі чарговага нумара часопіса, — гэта падзякі святарам. І яно зразумела: лісты пісаліся падчас Вялікага посту, і менавіта святары былі побач — спавядалі, вучылі, дапамаглі плённа прайсці гэты шлях разам з Хрыстом...

Парафіяне касцёла Святой Тройцы з Улы віншуюць біскупа Алега Буткевіча з днём нараджэння. Віншаванні спазніліся, але ці так трэба святочная дата, каб сказаць добрыя словы? Ад імя парафіі ліст напісала Марына Аглушэвіч: «Некалькі гадоў ён служыў у нашай парафіі, усе яго памятаюць і любяць». Даслалі вернікі і вершаванае віншаванне, але яно на рускай мове. Яшчэ раз звяртаем увагу нашых карэспандэнтаў — часопіс выходзіць на беларускай мове — мове нашага Касцёла, і ўсе матэрыялы падаюцца па-беларуску. Вашы лісты мы яшчэ можам перакласці на беларускую мову, а вось вершы — выбачайце...

Ліст з Дрысвятаў таксама спазніўся да дня нараджэння ксяндза Часлава Халгаса, але мы на гэта не будзем звяртаць увагі. Дадзім слова вернікам касцёла св. Пятра і Паўла на Браслаўшчыне: «Трэці год у нашай парафіі працуе ксёндз Часлаў Халгас. З першых дзён яго працы мы заўважылі чулага, шчырага, спагадлівага пастыра, які ведае адказы на ўсе нашы пытанні. Кожны з нас мае месца ў яго сэрцы. Мы, парафіяне, хочам сардэчна падзякаваць  нашаму святару за тое, што ён заўсёды знаходзіць час памаліцца за нас, за нястомную працу, за дар рабіць людзям дабро. Мы жадаем яму моцнага здароўя, сонечных дзён на яго жыццёвым святарскім шляху, радасці, душэўнага спакою. Няхай заўсёды будуць з ім шчырыя і зычлівыя людзі. Няхай Усемагутны Бог яго ніколі не пакідае, а Маці Божая ахіне сваёй апекай на доўгія гады зямнога жыцця…».

Наступны ліст прыйшоў да нас з Мёраў. Ксёндз Антоній Лагунёнак праслужыў вікарыем у парафіі Унеба­ўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Язафата Кунцэвіча зусім нядоўга, але гэтага часу хапіла, каб парафіяне маглі сказаць пра яго такія словы: «1 жніўня 2013 года ў нашу парафію быў прызначаны вікарыем ксёндз Антоній Лагунёнак. Гэта святар, які глыбока ведае духоўныя і матэрыяльныя патрэбы людзей. Ён адразу спадабаўся парафіянам і для многіх стаў прыкладам самаахвярнага служэння Богу і людзям. Да ксяндза Антонія хіліліся і старыя, і дзеці, а асабліва моладзь, бо ён умеў дзяліць з кожным гора і радасць. Няхай добры Бог асвеціць зямны шлях нашага былога вікарыя, а цяпер ужо пробашча ў парафіі Дзеркаўшчына. Мы жадаем, каб праз яго казанні і дапамогу словам кожная душа магла радавацца і вучыцца быць спагадлівай і міласэрнай. Няхай новыя парафіяне святара Антонія праз яго паслугу атрымаюць магчымасць ісці з Богам усё сваё жыццё і заў­жды адчуваць сябе часткай паўсюднага Касцёла. Няхай Усемагутны Бог дапамагае яму ў ажыццяўленні жыццёвых планаў, а Маці Божая няспынна моліцца за любімага нашага святара перад Божым тронам, ахінае сваёй апекай і прытуляе да свайго сэрца. Няхай Езус Хрыстус адорвае бацькоў ксяндза Ан­тонія патрэбнымі ласкамі і моцай сваёй любові на доўгія гады».

Напрыканцы хачу працытаваць радкі з ліста нашага даўняга чытача Станіслава Антонавіча Шыманоўскага са Слуцка: «Калісьці я на беларускай мове запісаў сабе словы святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса: “Пан сам жаданні нам дае і сам спаўняе іх”. Ёсць над чым задумацца, ці не так? Хай жа нашы жаданні як найчасцей супада­юць з Божымі планамі.

На гэтым мы развітваемся з вамі.

Да новых сустрэч. Заставайцеся з Богам.

Вера Галубовіч

Цэтлікі: Агляд пошты

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней