Падсумаванне

Дарагая рэдакцыя «Ave Maria», прабачце за турботы, але менавіта з вамі хочацца падзяліцца ўсім, што ляжыць на душы за доўгія гады жыцця. Таму шчыра дзякую Пану Богу за тое, што вы ў нас ёсць! Я вельмі хварэю і адчуваю, што магу неўзабаве адысці ў вечнасць. Міжволі ў душы ідзе падсумаванне свайго жыцця: як яно пражытае? Разумею адно, што ўсё — марнасць без Бога! Усё — марнасць без Езуса Хрыста і Яго Збаўчай Ахвяры. Жыццё тут, на зямлі, вельмі складанае, сапраўдная пілігрымка ў даліне пакутаў, але ў Езусе Хрысце хвароба, боль, нястача маюць сэнс. Дзякую Пану Богу за ласку веры, за гэты бясцэнны скарб, які ні з чым не параўнальны. Страшна нават уявіць, што магло б быць інакш і я б жыла без Бога. Вельмі спачуваю ўсім няверуючым і шчыра за іх малюся.

Я нарадзілася ў 1945 годзе на Слонімшчыне ў каталіцкай сям’і. Але ў той савецкі час веру цяжка было вызнаваць, касцёлы былі зачыненыя. Я ведала ўсяго дзве малітвы: «Ойча наш...» і «Вітай Марыя...» — і тыя рэдка адгаворвала. Бацькі мае захоўвалі вернасць Богу, бо не пусцілі мяне ўступіць у піянеры, з-за чаго я мела вялікія непрыемнасці ў школе. Я няблага вучылася, але ў старэйшыя класы не пайшла — школа знаходзілася за 12 кіламетраў ад нашай вёскі, да таго ж бацькі баяліся, што там мяне прымусяць уступіць у камсамол. Для іх гэта было нешта вельмі страшнае. З 14-ці гадоў я пайшла працаваць у калгас. У 1965 годзе выйшла замуж у суседнюю вёску Скрэмдзевічы. Мама мая настойвала, каб мы бралі шлюб. Я не ведала, як гэта зрабіць, бо да касцёла трэба было ехаць далёка ды і павінны ж былі падрыхтавацца. Мой муж на гэта не згаджаўся. Так і жылі без шлюбу. Першай у нас нарадзілася дачка Яня, праз два гады — Тэрэза. У 1975 годзе нарадзіўся сын Юра. Хрысціць мы яго павезлі ў касцёл вёскі Мінойты. Я пайшла тады да споведзі і сказала ксяндзу, што вельмі хачу вызнаваць сваю веру, хадзіць у касцёл, але муж не хоча браць шлюб, таму я гатова нават яго кінуць. Ксёндз адказаў, што не трэба кідаць мужа, і ўдзяліў мне спецыяльнае благаслаўленне з дазволам хадзіць на споведзь. Калі сыну споўнілася 3 гады, я з ім пачала рэгулярна ездзіць у касцёл — то ў Дзятлава, то ў Слонім, а гэта па 30 кіламетраў да аднаго і да другога. Пяць кіламетраў ехалі на веласіпедзе, а потым 25 км яшчэ на аўтобусе. Душа мая прагнула Бога. Я хутка навучылася чытаць па-польску. Вывучыла ўсе асноўныя малітвы, Ружанец, спевы. Гэта была неверагодная Божая ласка!

Менавіта ў той час я ўбачыла незабыўны сон. Нібыта я збіраюся ў касцёл і бачу, што ідзе вялікі натоўп людзей. Я пытаюся ў іх: «Куды вы крочыце?». Яны адказалі: «Шукаць Езуса Хрыста». Я вырашыла ісці з імі. Ступіла можа тры крокі, і перада мною стаў Пан Езус у шатах светла-карычневага колеру, твар такі, як я бачыла на іконе. Я ўкленчыла і прыхінулася да Ягоных ног. Езус спытаўся: «Што табе падараваць: Маю ласку альбо адзенне?». Я адказала: «Божую ласку». Так і атрымалася.

А потым здарыўся сапраўдны цуд — айцец капуцын Вітальд Жыльветра адбудаваў касцёл у вёсцы Рандзілоўшчына, а гэта ўсяго два кіламетры ад нашай вёскі. Гэты святар стаў для мяне духоўным айцом. Ён сказаў, што мне з мужам абавязкова трэба браць шлюб. Памятаю, што ўсю зіму я малілася ўсе літаніі з малітоўніка ў гэтай інтэнцыі. Айцец Вітальд таксама маліўся за нас. Потым ён правёў з маім мужам катэхезу і абвянчаў нас. Праз а. Вітальда я пазнаёмілася з жыццём святога Францішка Асізскага. Шмат да яго малілася. Мне прапанавалі ўступіць у 3-ці францішканскі ордэн, спачатку на 1 год, як выпрабавальны тэрмін. Пасля гэтага я склала абяцанне ўсё жыццё заставацца ў 3-м францішканскім ордэне свецкіх. У сваім касцёле я была пакуль што першай і адзінай, і а. Вітальд не шкадаваў часу і сіл, каб вучыць мяне правілам жыцця ў гэтай супольнасці.

У той час я шчыра прасіла Пана Бога, каб даў мне ласку дапамагаць святарам пры касцёле. Старалася як магла. Хадзіла па вёсках, збіраючы ахвяры на рамонт касцёла. Наша сям’я мела тады каня, дык мы ездзілі ў лес і па бярозкі і па елкі на святы. Калі ксёндз хадзіў па калядзе, у маёй хаце заўсёды цэлебравалася святая Імша. Сюды мы збіралі людзей з навакольных вёсак. Тут ксёндз удзяляў шлюб і спавядаў. Памятаю, што нават па тэлефоне я рыхтавала людзей да бежмавання. Пазней збірала людзей да уступлення ў шкаплер, у «Жывы Ружанец». Стала аніматаркай малітоўнай супольнасці за душы, церпячыя ў чыстцы. А чатыры гады таму Пан Бог даручыў мне яшчэ адну важную справу — догляд мясцовых могілак. Там амаль 20 гадоў ніхто не прыбіраў, многія магілы занядбаныя. Сельсавет даў дваіх памочнікаў, а я збірала нашых вернікаў. Наймалі рабочых, каб пілавалі дрэвы. Першы год мы працавалі амаль два месяцы з рана да пазна. Цяпер ужо лягчэй падтрымліваць парадак.

Прызнаюся, што мой любімы святы — гэта Францішак Асізскі. Я нават прасіла ў Пана Бога, каб хоць крыху быць падобнай да гэтага святога. Магчыма, мае просьбы не засталіся пустым гукам для неба, бо да мяне прыйшлі сур’ёзныя выпрабаванні ў выглядзе пакутаў — як фізічных, так і маральных. Была не раз апляваная і зняважаная тымі, каму дапамагала, за каго малілася. Вельмі балюча, але разумею, што ў пакутах душа робіцца лепшай. За ўсё дзякую Пану Богу. Як напісана ў Святым Пісанні ў кнізе Ёва: «Няўжо добрае мы будзем прымаць ад Бога, а злое не будзем прымаць?». Усім прабачаю і прашу мяне прабачыць, калі кагосьці пакрыўдзіла. Няхай будзе пахвалёны Езус Хрыстус!

Лілія Кучынская

 

Цэтлікі: Сведчанні

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней