![](/images/i/228/spowiedz1.jpg)
...калі, напрыклад, не ведаеш прызначанай малітвы альбо калі за пакуту даецца ўдзел у набажэнстве, на якое не можаш прыйсці, бо няма з кім пакінуць дзяцей, і г. д.
Мэтай і вынікам споведзі з’яўляецца паяднанне чалавека з Богам і хрысціянскай супольнасцю, а таксама аднаўленне праўдзівага вобразу Бога ў сабе. Ідучы да споведзі, вернік прагне перамены свайго жыцця, прызнаючы, што не хоча далей так жыць, што грэх яму перашкаджае.
Праз споведзь грэшнік праяўляе сябе ўмілаваным Божым дзіцем, г. зн. чалавекам у яго хрысціянскай поўні. Благаслаўлёны Ян Павел II піша, што паяднанне з Богам нараджае «далейшае паяднанне, якое выпраўляе іншыя выкліканыя грахом разлады: пенітэнт, які атрымаў прабачэнне, яднаецца з самім сабой у глыбіні ўласнага «я», знаходзячы ўнутраную праўду; яднаецца з пакрыўджанымі і зняважанымі ім братамі; яднаецца з Касцёлам і з усім стварэннем. З гэтага ўсведамлення пасля абраду паяднання ў пенітэнце нараджаецца пачуццё ўдзячнасці Богу (да якога заахвочвае Касцёл) за атрыманы дар міласэрнасці (Reconciliatio et paenitentia 31, IV).
Вернік павінен дапоўніць сапраўднае навяртанне выпраўленнем свайго жыцця, якое ёсць працяглым працэсам, а не аднаразовым актам.
Прызначэнне пакуты святаром мае мэтаю дапамагчы пенітэнту вярнуцца да поўнай еднасці з Богам і супольнасцю. Прызначаючы пакуту, святар улічвае ўнутраны стан чалавека, яго духоўныя патрэбы, а таксама неабходнасць адпаведных сродкаў, якія, нібы лек, дапамагаюць змагацца з грахом і аднаўляць жыццё. Грэх парушае лад і парадак у свеце, створаным Богам, у тым ліку і матэрыяльна (напр., у выпадку прычыненай шкоды ці крадзяжу). Тады пакута мае быць сродкам і спосабам аднаўлення гэтага ладу (напр., калі гэта магчыма, праз вяртанне ўкрадзенага ці матэрыяльную або духоўную кампенсацыю нанесенай шкоды).
Згодна з навукай Касцёла, вернік павінен ахвотна прыняць і выканаць прызначаную яму пакуту, аднак заўсёды мае права непасрэдна падчас споведзі папрасіць святара змяніць пакуту, калі не можа яе выканаць. Спаведнік прызначыць тады іншы спосаб сатысфакцыі.
Калі вернік прыняў прызначаную пакуту, аднак акалічнасці перашкодзілі або ўскладнілі яе выкананне, ён можа самастойна замяніць чын пакаяння і пры наступнай споведзі сказаць пра гэта святару.
Узгаданы на пачатку благаслаўлёны Ян Павел II вучыць, што сатысфакцыю нельга лічыць платаю за атрыманае ад Бога прабачэнне грахоў, бо нішто нельга параўнаць з найдаражэйшай Крывёю Хрыста. Пакутныя чыны, часам вельмі простыя, іншы раз патрабуючыя толькі пакоры, ёсць уключэннем усяго чалавека, яго фізічных і духоўных сіл, у муку Хрыста, які аднаўляе ў пенітэнце Божы вобраз і вяртае яму страчаную годнасць.
Айцец Аркадзь Куляха OCD