З інтэрв’ю з Яго Эмінэнцыяй кардыналам Казімірам Свёнткам
(часопіс «Ave Maria», № 4, 2004 год)
— Размаўляем з Эмінэнцыяй у часе Вялікага посту. Менавіта ў гэты час хрысціяне найбольш разважаюць пра збаўчую ахвяру Хрыста, пра сэнс цярпення, смерці і ўваскрaсення. У сувязі з гэтым згадваюцца словы св. Максімільяна Кольбэ пра тое, што для «кампенсацыі за людскія грахі не трэба было, каб Пан Езус памёр на крыжы, хапіла б для таго адной кроплі Яго Крыві, адной слязы. Але Ён не толькі хацеў нас адкупіць, але хацеў паказаць бязмежнасць свае любові». Як Эмінэнцыя думае, чаму чалавек заўсёды быў такі абыякавы да гэтай «бязмежнасці» Божай любові? Можна нават сказаць, што гэтая любоў незапатрабаваная светам...
— Думаю, што гэта бязмежнасць любові Пана Езуса, увогуле Божая любоў проста несуразмерная з магчымасцямі людской любові. Людская любоў, як і людское ўспрыманне любові, на жаль, абмежаваныя. Нельга ставіць на адзін узровень людскую любоў да Бога і любоў Бога да чалавека, бо чалавек — гэта толькі стварэнне, а Бог — Творца. Менавіта дзеля гэтай любові да чалавека Хрыстус аддаў жыццё да апошняй кроплі крыві. А яшчэ, напэўна, і дзеля таго, каб хоць трохі павялічыць магчымасці нашай любові, каб узрушыць нашыя зацвярдзелыя сэрцы, каб адкрыць іх на гэтую незвычайную ласку.
Для мяне паняцце Божай любові — неспасцігальны, бязмежны акіян святла, без якога гэты свет даўно ўжо згінуў бы ў цемры.
— Вядома, што на святарскім шляху Эмінэнцыі было больш церняў, чым ружаў. Што найчасцей дапамагала прайсці праз гэтыя церні?
— Чаму Вы лічыце, што гэта былі церні? Гэта былі ружы...
— ?!
— Так, так! Толькі ружы бываюць рознага колеру — белыя, жоўтыя і, зразумела, чырвоныя. Але ўсё роўна гэта ружы!
— А камера смяротнікаў? А 10 гадоў ГУЛАГу?
— Я не разумею такога ўспрымання, такога размежавання паняццяў. Для мяне неістотна, дзе выконваць свае абавязкі і Божую волю: ці ў камеры смерці, чакаючы выраку, ці, скажам, прымаючы з рук Папы знак кардынальскай годнасці...
І ў адным, і ў другім выпадку — адно і тое ж выкананне волі Божай. І там — ружа, і тут. Толькі колер у іх розны... Мяне выводзіць з раўнавагі, калі пачынаюць (асабліва ў сувязі з юбілеямі) клеіць ярлыкі: мучанік, герой, абраннік Божы... Ні тое, ні другое, ні трэцяе!
Я — звыклы, нармальны, смяротны чалавек, які ад пачатку прыняў Божую волю і ўсюды імкнуўся, наколькі ставала сілы, яе выконваць. Увогуле, я лічу, чым хутчэй чалавек пагодзіцца ў сваім жыцці і ў сваім лёсе з воляю Божаю, тым лягчэй і прасцей будзе ўспрымаць усё, што яго ў гэтым лёсе сустрэне, і не будзе нерваваць ні сябе, ні сваё атачэнне. Больш за тое, толькі тады чалавек будзе ў парадку перад Богам і сваім сумленнем, а таму зможа разлічваць таксама на Божую ласку.
— Няўжо ніколі Эмінэнцыя не наракаў на лёс, ці, як той старазапаветны Ёў, ніколі не спрабаваў дыскутаваць з Панам Богам, не спрабаваў высвятляць: за што мне гэта і навошта?
— Можа, Пан Бог выбраў мяне такога, але мне нават не прыходзіла ў галаву наракаць на лёс, а тым больш на Пана Бога. Зрэшты, я ніколі да канца не разумеў пазіцыі Ёва... Возьмем, напрыклад, той крытычны момант, калі я сядзеў у камеры смяротнікаў у Брэсце. Памятаю кожную хвіліну... Не было там такіх думак: «Божа, за што мне гэта?» Было іншае: «Пане Божа, дай мне сілы, дадай мне моцы». Я лічыў, што такі, відавочна, Божы Провід. Дарэчы, мне заўсёды дапамагаў жыць і панаваць над сітуацыяй поўны давер Божаму Провіду...