Агляд пошты

Пахвалёны Езус Хрыстус!

Вітаем вас, паважаныя чытачы.

Да нас у рэдакцыю прыходзяць самыя розныя лісты — падзякі, развагі, заўвагі, водгукі на публікацыі, просьбы аб дапамозе… Але такога допісу, як гэты, мабыць, яшчэ не было. Мяркуйце самі. «У 12-м нумары часопіса за 2013 год ёсць артыкул “Сведка Божай любові”. Я вельмі спачуваю Людміле Шырман і хачу дапамагчы, калі гэта магчыма. Я ў чарзе на замену абодвух каленных і абодвух тазабедраных суставаў ад 17 лістапада 2011 года. Доктар казаў, што не раней як праз два гады падыдзе чарга, але ўжо прайшло больш, а мяне не клічуць. Мне ўжо 73 гады, а пакуль будуць мяняць адзін сустаў за год, то можа, Пан Бог пакліча мяне ў жыццё вечнае. Я адмаўляюся ад чаргі на карысць Людмілы Шырман, калі гэта магчыма. Вельмі хацелася б дапамагчы ёй за тое, што яна захавала жыццё сваім дзеткам. Я разумею, як цяжка жыць з такой хваробай, але я жыву з сям’ёй, у нас добры працавіты сын, а таксама нявестка. Я малюся і дзякую Пану Богу за дзяцей, за ўнукаў. Ад усяго сэрца жадаю поспехаў і здароўя Людміле і яе дзеткам». 

Вось такі ліст даслала нам парафіянка касцяневіцкай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі Вера Іосіфаўна Сташкевіч. Мы таксама не ведаем, ці магчыма перадаць сваю чаргу другому чалавеку, тым больш што жанчыны жывуць у розных рэгіёнах. Калі чытаюць наш часопіс медыкі, якія ў курсе такіх справаў, адгукніцеся. Ну а  астатнія чытачы, спадзяемся, дапамогуць і Веры Іосіфаўне, і Людміле сваёй малітвай.

Наша чытачка Г. Шалабоўская прыгадвае такую гісторыю: «У той год, калі быў каранаваны абраз Маці Божай Браслаўскай, у нас у кожным доме гасцяваў гэты абраз і была прыкладзена кніга, у якой кожная сям’я пісала свае падзякі і просьбы да Маці Божай. І быў у гэтай кнізе верш без подпісу. Мне ён вельмі дапамагае. Жыву адна, і бывае апануе такая самота, хоць ваўком вый, і тады я паўтараю гэты верш». 

Мы таксама не ведаем аўтара, але працытуем некалькі радкоў. Можа, гэтыя радкі дапамогуць некаму ў цяжкую хвіліну справіцца са сваімі праблемамі, як дапамагаюць спадарыні Шалабоўскай.

 

Калі табе дрэнна ў жыцці,

І ў сэрцы пануе трывога,

Старайся прычыну знайсці —

І ўспомні пра Бога!

 

Калі цябе скручвае злосць,

І ў злосці не бачыш нікога,

Падумай, што кожны з нас госць,

І ўспомні пра Бога!

 

А вось аўтара апошняга ліста, які я хачу прыгадаць у гэтым аглядзе, назваць не магу, бо жанчына напісала сваё прозвішча неразборліва. Гэтак жа неразборліва напісаны і назва вёскі, і іншыя імёны ў лісце. Не хацелася б засмуціць каго-небудзь памылкаю, таму гэты ліст мы цытаваць не будзем. Скажу толькі, што прыйшоў ён з Глыбоцкага раёна ад жанчыны, якую завуць Вольга. У сувязі з гэтым хачу звярнуцца да ўсіх нашых чытачоў — пішыце, калі ласка, разборліва ўсе прозвішчы і геаграфічныя назвы. Астатняе мы з Божай дапамогай прачытаем.

На гэтым мы развітваемся з вамі. Няхай Добры Бог дапамагае вам ва ўсіх добрых справах.

Да новых сустрэч. Заставайцеся з Богам.

 

Вера Галубовіч

 

Цэтлікі: Агляд пошты

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней