Новыя пастыры Касцёла

Пачатак года ў Касцёле ў Беларусі азнаменаваўся пасвячэннем трох новых біскупаў: ксяндза Алега Буткевіча — пробашча парафіі св. Антонія ў Віцебску, ксяндза Юрыя Касабуцкага — канцлера Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, і ксяндза-мансеньёра Юзафа Станеўскага — рэктара Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

Гэтыя біскупскія пасвячэнні сталі асабліваю радасцю і надзеяй мясцовага Касцёла, а таксама, па словах мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, «знакам яго жыццёвасці і павагі Апостальскага Пасаду да нашай краіны». Новыя біскупы — сыны беларускай зямлі, выпускнікі Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Гэта людзі новай генерацыі і новай фармацыі. З іх пасвячэннем, здаецца, памаладзеў наш Касцёл, і ўсе мы як быццам адчулі новы подых Духа Святога. Яны прыйшлі з сыноўняю пакораю, сказаўшы Нябеснаму Айцу: «Будзь воля Твая», прыйшлі, каб ахвярна «трываць у Хрысце», гатовыя несці людзям «радасць Евангелля». Іх прыход — гэта гістарычная падзея, якая адкрывае новыя далягляды і новы перыяд у жыцці Касцёла, даючы імпульс для яго ўмацавання і новай хвалі адраджэння каталіцкай веры ў нашым Краі.

«Біскуп — знак прысутнасці Хрыста ў свеце, — пісаў благаслаўлёны Ян Павел ІІ. — А гэта прысутнасць выходзіць насустрач людзям там, дзе яны ёсць, кліча іх па імені, уздымае, умацоўвае пасланнем Добрай Навіны і збірае пры адным Стале...»

Біскуп — гэта не толькі высокая годнасць і місія, але й вялікая адказнасць і нялёгкі абавязак навучаць, асвячаць і кіраваць in persona Christi. Нездарма святы Аўгустын папярэджваў: «Мы павінны будзем адказаць перад Богам найперш за наша жыццё як хрысціяне, а пасля, асаблівым чынам, за выкананне нашага служэння як пастыры (Serm. 46, 1–2).

Дзве тысячы гадоў назад Хрыстус, звяртаючыся да Пятра, Якуба і Яна, паклікаў іх: «Устаньце, хадзем!» (Мк 14, 42). Цяпер гэтыя словы Збаўца скіраваў да маладых беларускіх біскупаў, наступнікаў апосталаў: «Устаньце, хадзем!», бо «жніво вялікае...», бо ніва новай евангелізацыі гэтага свету чакае адданых і ахвярных, моцных у веры, натхнёных і мужных працаўнікоў. А таму, радуючыся і віншуючы нашых маладых пастыраў, пажадаем ім нястомнасці і сілы, асаблівай Божай ласкі, каб Дух Святы распальваў іх сэрцы сваім агнём, каб былі яны настаўнікамі святасці, здольнымі натхняць нас, вернікаў, сваім прыкладам. А прыкладам для іх няхай заўсёды будзе Езус — Добры Пастыр, і выдатныя пастыры нашага Касцёла — Слуга Божы біскуп Зыгмунт Лазінскі і святой памяці кардынал Казімір Свёнтэк.

Рэд.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней