Важным элементам біскупскага пасвячэння з’яўляецца ўручэнне біскупскіх знакаў. Галоўны пасвячаючы біскуп надзявае персцень на безыменны палец правай рукі пасвечанага. Персцень — гэта знак улады і біскупскай годнасці, ён з’яўляецца сімвалам заручынаў біскупа з дыяцэзіяй. Раней персцень меў практычнае прымяненне — напрыклад, ім ставіліся пячаткі на лістах або дакументах.
Галоўны пасвячаючы біскуп ускладае таксама мітру — сімвал духоўнага шлему, які абараняе біскупа ў барацьбе з ерасямі і памылкамі, што становіцца магчымым дзякуючы веданню абодвух Запаветаў (на іх указваюць пярэдняя і задняя сценкі мітры), а таксама ўменню карыстацца літаральным і духоўным сэнсам Святога Пісання (сімвалам чаго з’яўляюцца стужкі ззаду мітры).
Пастарал сімвалізуе пастырскую ўладу біскупа. Ён згадваецца ўжо ў Старым Запавеце як посах Майсея. Закручаны верх пастарала — сімвал пастырскага клопату біскупа, які павінен адвесці вернікаў ад зла, як пастыр сваіх авечак.