З «Дэкалогу Яна ХХІІІ»

Ян ХХІІІ* увайшоў у гісторыю як «Добры папа Ян», або «Ян Добры». У гэтых азначэннях найлепш адлюстраваны яго асабісты стыль быцця і служэння: ён быў чалавекам, які выпраменьваў евангельскую дабрыню і Божы супакой. У юнацкім узросце ў сваім духоўным дзённіку ён запісаў тэкст, які наступныя пакаленні назвалі «Дэкалогам Яна ХХІІІ».

ТОЛЬКІ СЁННЯ пастараюся жыць выключна сённяшнім днём, не намагаючыся адным махам вырашыць усе праблемы майго жыцця.

ТОЛЬКІ СЁННЯ буду максімальна клапаціцца пра сваю добразычлівасць, нікога не крытыкаваць і не жадаць гэтага, нікога не вучыць дысцыпліне, апрача самога сябе.

ТОЛЬКІ СЁННЯ буду шчаслівы ад усведамлення, што я створаны для таго, каб быць шчаслівым, і не толькі ў будучым свеце, але і цяпер.

ТОЛЬКІ СЁННЯ сам прыстасуюся да абставінаў і не буду дамагацца, каб менавіта яны прыстасаваліся да маіх планаў.

ТОЛЬКІ СЁННЯ прысвячу прынамсі 10 хвілінаў чытанню добрай кнігі, памятаючы, што, як ежа патрэбная для жыцця цела, так і добрыя кнігі патрэбныя для жыцця душы.

ТОЛЬКІ СЁННЯ зраблю хоць што-небудзь добрае і нікому пра гэта не скажу.

ТОЛЬКІ СЁННЯ зраблю адну з тых справаў, якія не люблю рабіць, а калі мае пачуцці будуць абражаныя, пастараюся, каб ніхто пра гэта не даведаўся.

ТОЛЬКІ СЁННЯ падрыхтую падрабязны план дня. Можа, нават не выканаю яго дакладна, але ж складу. Буду асцерагацца сваіх заганаў: спешкі і нерашучасці.

ТОЛЬКІ СЁННЯ буду нястомна верыць, нават калі абставіны будуць сведчыць пра іншае, што Божы Провід апякуецца мною так, быццам на свеце няма нікога іншага.

ТОЛЬКІ СЁННЯ не буду баяцца. Асабліва ж не пабаюся радавацца прыгажосці і верыць у дабрыню.

Падрыхтавала Ганна Шаўчэнка.
Паводле www.vatican.va.


* Публікацыю пра жыццёвы і святарскі шлях папы Яна ХХІІІ чытайце ў квартальніку «Наша вера» (№ 4, 2013).

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней