У чым розніца паміж каталіцкай і Пратэстанцкай Бібліяй і як яна тлумачыцца?

Нам даводзіцца вельмі часта сустракацца з самымі разнастайнымі выданнямі Бібліі. У такіх выпадках узнікае пытанне: ці кожная Біблія сапраўдная? Ці існуе нейкая розніца паміж выданнямі? Для католікаў гэтае пытанне асабліва важнае, бо даволі часта даводзіцца сустракацца з выданнямі Святога Пісання, якое распаўсюджваюць пратэстанцкія супольнасці. Таму ўзнікае заканамернае пытанне: ці можа католік карыстацца Бібліяй, выдадзенай пратэстантамі? І ў чым розніца паміж каталіцкім і пратэстанцкімі выданнямі Святога Пісання?

Каталіцкай Бібліяй мы называем пераклад Святога Пісання, афіцыйна аўтарызаваны Каталіцкім Касцёлам. Звычайна на каталіцкім выданні пішацца: «Дазволена друкаваць» або лацінскае «Imprimatur» і падаецца імя іерарха, які пацвярджае ад імя Касцёла адпаведнасць дадзенага выдання прынятаму канону (узору біблійных кніг). У каталіцкім выданні не можа быць ананімнага ўкладальніка — абавязкова называюцца аўтары перакладу.

Пратэстанцкай Бібліяй часта называюць выданне Святога Пісання, падрыхтаванае адной з пратэстанцкіх супольнасцяў. Дакладнасць такога выдання Бібліі не пацверджаная Каталіцкім Касцёлам, таму няма гарантыі, што тэкст не скажоны нейкім перакладчыкам. У сувязі з небяспекай скажэння тэксту перакладчыкамі-аматарамі, асабліва ў ранейшыя часы, калі людзі былі менш адукаваныя, Касцёл часта заклікаў вернікаў карыстацца некаталіцкімі перакладамі толькі са згоды пробашча або спаведніка (гл. Канстытуцыю папы Пія IV «Dominici gregis сustodiae», 24.03.1564). Пазней Касцёл зменшыў патрабаванні да прыватнага выкарыстання неаўтарызаваных тэкстаў Пісання (гл.: Бэнэдыкт XIV, Канстытуцыя «Sollicita ac provida», 9.07.1753 г.). Аднак у публічнай і афіцыйнай дзейнасці (напрыклад, у літургіі) католікі павінны карыстацца толькі каталіцкімі выданнямі Бібліі, якія афіцыйна зацверджаныя Касцёлам.

Класічным прыкладам істотных непаразуменняў і скажэння веры з-за аматарскага перакладу Бібліі з’яўляюцца пераклады Святога Пісання аўтарства Сымона Буднага. Ягоныя пераклады рэзка крытыкаваліся каталіцкімі вучонымі (яго тлумачэнне Евангелля прывяло

нават да таго, што Езус аказаўся фізічным сынам святога Юзафа).

На жаль, прыкладаў аматарскіх перакладаў Бібліі, якія істотна скажаюць Біблійнае пасланне, шмат і ў наш час. Варта ўзгадаць моцна скажоныя выданні Бібліі, якія прапаноўваюць мармоны; ганебна здэфармаваны тэкст Пісання апантана распаўсюджваюць сведкі Іеговы, якія зусім адышлі ад хрысціянства.

Адрозненні паміж каталіцкай і пратэстанцкімі версіямі Бібліі не заканчваюцца толькі праблемаю кампетэнтнасці перакладу і аўтарызацыі. Асноўная розніца датычыць колькасці кніг Старога Запавету, якія прызнаюцца натхнёнымі самім Богам.

Ад пачатку вякоў хрысціяне карысталіся старажытнагрэчаскім перакладам Старога Запавету, які называецца Септуагінта. Гэты габрэйскі канон Пісання канчаткова сфарміраваўся каля I ст. да н.э. і налічваў 46 кніг. У час узнікнення хрысціянства ён натуральным чынам быў прыняты як Стары Запавет каталіцкага (і праваслаўнага) канону. Пазней да гэтых кніг Старога Запавету быў далучаны канон Новага Запавету. У складзе 27 кніг ён канчаткова быў зацверджаны Касцёлам на Карфагенскім Саборы ў 397 годзе.

У XVI ст. пратэстанты адкінулі традыцыйны для хрысціянаў (католікаў і праваслаўных) канон старазапаветных кніг, заснаваны на Септуагінце, а за аснову свайго канону прынялі габрэйскі кодэкс, ухвалены на сходзе юдэйскіх вучоных у 90 годзе. Гэты канон называюць Габрэйскай Бібліяй. У пратэстанцкіх выданнях ён звычайна складаецца з 39 кніг. Між тым, нягледзячы на прыняцце за аснову габрэйскага канону, пратэстанты захавалі каталіцкі метад упарадкавання біблійных кніг. Каб захаваць яснасць сваёй пазіцыі, Каталіцкі Касцёл зацвердзіў на Трыдэнцкім Саборы (1545–1563 гг.) канчатковую версію каталіцкага канону Бібліі: гэта 46 кніг Старога Запавету (на аснове Септуагінты) і 27 кніг Новага Запавету (паводле рашэння Карфагенскага Сабору ў 397 г.). Атрымалася, што пратэстанты занялі пазіцыю паміж каталіцкім і габрэйскім канонамі. Агульна- прынята лічыць, што пратэстанцкі канон Бібліі складаецца з 39 кніг Старога Запавету (змадыфікаваны канон Габрэйскай Бібліі) і 27 кніг Новага Запавету (як у католікаў).

Скарачэнне колькасці кніг Старога Запавету (з 46 да 39) пратэстанты абгрунтоўваюць тым, што адкінутыя імі кнігі не прынятыя ў канон габрэйскага Пісання і таму іх боганатхнёнасць сумнеўная. Заўважым, што дыскусіі паміж католікамі і пратэстантамі аб натхнёнасці некаторых старазапаветных кніг — гэта ўжо акадэмічная праблема мінулага. У наш час у многія пратэстанцкія выданні Бібліі зноў вяртаюць каталіцкі канон, называючы «некананічныя», на іх погляд, кнігі «карыснымі для чытання».

Адзначым, што католікі могуць карыстацца пратэстанцкімі выданнямі Бібліі для прыватных патрэбаў, але варта спачатку пракансультавацца з духоўнай асобай, каб разабрацца, ці адрозніваецца дадзенае выданне ад каталіцкага толькі колькасцю кніг Старога Запавету або адрозненні закранаюць і змест Пісання. Заўсёды найлепей карыстацца афіцыйна зацверджанымі каталіцкімі выданнямі Бібліі — тады вы можаце быць упэўненымі, што трымаеце ў руках тэкст, праз які да вас прамаўляе вечна жывое Божае слова.


Кс. Андрэй Рылка

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней