З нагоды юбілею

20 студзеня споўнілася 50 гадоў пробашчу мядзельскай парафіі Маці Божай Шкаплернай Паўлу Ляліту. 23 гады з іх ён служыць на Беларусі. Канстанцінава, Мядзел, Жукойні,  Жаляддзі, Клюшчаны — гэта пералік тых парафій, у якіх працаваў ці якімі апекаваўся святар. Беручы прыклад з айца Паўла, святаром стаў і Пётр Фарына са Слабады. Айцец Павел Ляліта — наш сённяшні суразмоўца.

— Айцец Павел, давайце зробім невялікі экскурс у Ваша мінулае…
— Нарадзіўся 20 студзеня 1964 года ў мястэчку Жалезнікова Велька, за чатыры кіламетры ад горада Новы Сонч на поўдні Польшчы. Тата працаваў рабочым на цагельным заводзе, мама завіхалася па доме — хапала ёй клопату з дзецьмі. Маю дзвюх старэйшых сясцёр і малодшага брата.

Сям’я наша, ды не толькі наша, але і іншыя людзі з мястэчка, вельмі набожныя. Кожную нядзелю яны маюць сапраўдную патрэбу ісці ў касцёл і ўдзельнічаць у святой Імшы. Вось і цяпер, калі прыязджаю дадому, бачу, як дарослыя і дзеці разам дружна крочаць да святыні.

— У вашым мястэчку ёсць касцёл?
— Ёсць. Парафія вялікая, прыкладна дзве тысячы чалавек. Але, каб людзям было зручней дабірацца да святыні, год таму яе падзялілі на дзве парафіі.

— Ваша дзяцінства, напэўна, звязана з касцёлам?
— Так, як і многія мае сябры, я часта прыходзіў у храм Божы. Не ведаю, традыцыя гэта ці не, але ўсе мае стрыечныя браты былі міністрантамі, і я таксама паслугаваў ксяндзу ў час святой Імшы.

— Што паўплывала на выбар жыццёвага шляху?
— У дзяцінстве марыў стаць сталяром. Справа ў тым, што тата ездзіў на працу ў горад, а я шмат часу бавіў з дзядулем Марцэлем, які быў сталяром. Днямі прападаў у яго майстэрні. Мне вельмі падабалася штосьці майстраваць, таму пасля заканчэння васьмі класаў падаў дакументы ў сталярскую школу. Залічылі. Але потым мама сустрэла ксяндза з нашай парафіі, які расказаў, што набіраюць юнакоў у ліцэй у Вадавіцах. Ім апякуюцца кармэліты босыя. Крыху падумаў — і паехаў у ліцэй. Хутка праляцелі чатыры гады вучобы. Скажу шчыра, што ў дзяцінстве марыў стаць і сталяром, і святаром. Нават калі гулялі з сябрамі, я быў «ксяндзом» і «спавядаў» іх.

Закончыў вучобу ў ліцэі, і зноў паўстала пытанне выбару далейшай жыццёвай сцяжынкі. Адаслаў дакументы ў палітэхнікум у Кракаў, дзе меўся набыць спецыяльнасць горнага тэхніка. Мяне залічылі ў студэнты. Праўда, адначасова падаў дакументы і ў духоўную семінарыю Ордэну кармэлітаў босых.  Для родных гэта было нечаканасцю. Асабліва быў уражаны такім рашэннем наш ксёндз-пробашч — ён не мог уявіць, што я буду вучыцца на святара. Але я адчуў Божае пакліканне, а гэта вялікая справа, бо сам да апошняга моманту не верыў, што змагу вучыцца на святара.

Год вучобы ў Чэрным, потым два гады ў Познані вывучаў філасофію і яшчэ чатыры гады — у Кракаве. Тады, у Кракаве, я хадзіў на факультатыў, дзе дапамагалі рыхтавацца да місіянерскай службы. Многія нашы айцы паехалі місіянерамі ажно ў Афрыку. Я таксама марыў пра гэта і рыхтаваў сябе. Але ў 1989 годзе, калі быў дыяканам, перад Калядамі наш айцец правінцыял запытаў, ці хачу я паехаць у Беларусь і дапамагчы айцу Аўгустыну, які працаваў у Нарачы. Даў згоду. І Каляды сустрэў тут, на Беларусі. Быў і на адкрыцці касцёла ў Мядзелі ў 1989 годзе. У 1990 годзе на Вялікдзень зноў быў на Мядзельшчыне.

Вярнуўшыся ў Польшчу, марыў паехаць місіянерам у Афрыку, але айцец-правінцыял сказаў, што ёсць патрэба папрацаваць у Беларусі, і 26 ліпеня 1990 года я прыехаў у Канстанцінава.

Я лічу сябе беларусам. Прыязджаю ў Польшчу: дзень, другі, трэці… і пачынае цягнуць дадому, у Беларусь.

— А як Вас у дзяцінстве звала матуля?
— Маё імя Станіслаў. А ў дзяцінстве мама клікала Стасем…

— Станіслаў і Павел. Як спалучаюцца гэтыя два імені?
— Калі паступаў у манахі, існавала патрабаванне, каб не было двух законнікаў з аднолькавым іменем. Вось і выбраў тады імя Павел.

— Дзе і калі Вас пасвяцілі ў святары?
— 24 мая 1990 года ў Кракаве. Было вельмі ўрачыста. Гэты дзень застанецца ў памяці на ўсё жыццё.

— Ці шкадавалі хоць на імгненне, што выбралі шлях святара?
— Як і кожны малады чалавек, я меў сумненні ў некаторых рэчах, але заўсёды адкрыта пытаўся пра ўсё ў ксяндза і бацькоў. Касцёл і сям’я былі ад пачатку маім аазісам веры. Я перакананы, што пан Бог даў мне вялікую ласку ісці па дарозе веры і паклікання. Дарэчы, вельмі важная менавіта малітва. Малітва — увогуле рухавік любой добрай справы, а святару наогул немагчыма жыць без яе. Нас яшчэ ў семінарыі вучылі не выходзіць на цэлебрацыю святой Імшы без малітоўнай падрыхтоўкі і медытацыі. Як бы ні быў заняты, я заўсёды імкнуся знайсці час для засяроджанай малітвы. І ад гэтага чэрпаю сілу і энергію…

— Дзякую Вам, айцец Павел, за размову. Ад імя ўсіх вернікаў мядзельскай парафіі шчыра віншую Вас з 50-годдзем. Жадаю моцнага здароўя, шчодрых Божых ласкаў на доўгія гады нялёгкай, але вельмі пачэснай службы Богу і людзям.

Гутарыў Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

У нашу рэдакцыю прыйшоў ліст ад Альфрэды Апанасевіч, якая піша ад імя вернікаў мядзельскай парафіі:
«Жадаем нашаму шаноўнаму юбіляру, айцу Паўлу, моцнага здароўя, благаслаўлення Пана Бога, апекі Маці Найсвяцейшай, радасці, цеплыні і дабрыні вернікаў, а таксама дапамогі апекуна св. Юзафа. Добры Божа! Апякуйся ім, благаславі і асвяці яго зямны шлях сваёй ласкай, а мы будзем пастаянна аказваць яму малітоўную падтрымку. Дарагі наш пробашч! Дзякуй Вам за нястомную працу, самаахвярнасць і добрае сэрца, у якім знаходзіцца месца для кожнага з нас. Дзякуй за Вашую цярплівасць, вынослівасць і шчырасць у малітве, за тое, што вучыце нас любіць Пана Бога і Панну Марыю, дапамагаеце нам жыць дарамі Духа Святога, выступаеце надзейным настаўнікам у навучанні праўдзе Евангелля. Мы вельмі ўдзячныя Пану Богу за тое, што сустрэлі на сваім жыццёвым шляху такога цудоўнага святара і сапраўднага гаспадара касцёла Маці Божай Шкаплернай».

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней