«Што вы зрабілі аднаму з гэтых…»

…Дзяўчынка схіляецца над сталом, старанна выводзіць літары на паштоўцы: «Віншую са святам…» І не страшна, калі ў нейкіх словах з’явяцца памылкі, а літары атрымаюцца не вельмі роўныя ды й самі радкі паплывуць убок. Важней іншае: дзяўчынка, можа ўпершыню ў сваім жыцці, падпісвае камусьці паштоўку са святам. Не маме, не тату — яна піша незнаёмай цёці, якую ўзрадуе гэтае віншаванне і якая на яго таксама адгукнецца. Дзяўчынка жыве ў Дзіцячым доме і віншуе незнаёмую пакуль што цёцю са святам…

Не хочацца называць гэта словам «акцыя», бо вельмі ж яна напоўнена святлом і дабром. Напярэдадні святаў Божага Нараджэння пробашч друйскай парафіі Святой Тройцы ксёндз Сяргей Сурыновіч прапанаваў дарослым людзям праз інтэрнэт прыслаць свае адрасы, калі яны захочуць атрымаць віншаванне з Дзіцячага дому. Адгукнуліся амаль 120 чалавек. Для паштоўкі выкарысталі карціну мясцовага мастака Яна Рыдзіка — выдрукавалі яе ў друкарні і раздалі дзецям. І ў розныя куткі Беларусі паляцелі святочныя весткі з друйскага Дзіцячага дому. А потым выхаванцы атрымлівалі, чыталі й перачытвалі паштоўкі ў адказ ды ласаваліся шакаладкамі, цукеркамі, што разам з віншавальнымі паштоўкамі даслалі да святаў яшчэ нядаўна незнаёмыя ім дзядзі і цёці.

Нічога надзвычайнага нібы і не адбылося — так… мілае перакідванне з аднаго адраса на другі цёплых словаў ды святочных прэзэнтаў. Для дзяцей жа гэта стала падзеяй. Хоць яно й для дарослых таксама… Словам, усё залежыць ад таго, якімі вачыма на гэта зірнуць.

Адна з адрасатак, Ганна Чакур, напісала на фэйсбуку, атрымаўшы паштоўку з Друі ад Тані Даніленкі: «Божа родны! Нібы Твой Сын пастукаўся ў мае дзверы. Ды што там! У сэрца… Нібы дакрануўся дзіцячай рукой да скамянелай душы. І яна ажыла! У свінцовай абложнасці снежаньскіх хмараў убачыла сонца… Езу! Ты — наш. Для ўсіх. Для багатых і бедных. Для шматдзетных і
адзінокіх. Для забяспечаных і сіротаў. Для здаровых і хворых. Для свабодных і для тых, хто ў турмах. Для святых і для грэшнікаў…. Дзякуй табе, Танечка Даніленка, за цуд абуджэння душы. За веру, якая вярнулася. За твае не вельмі акуратныя літары з нахілам улева, якімі да мяне прамовіла Божае Немаўля».

Магчыма, хтосьці скажа, што нічога тут незвычайнага няма, бо, маўляў, напярэдадні святаў праводзяцца розныя акцыі. Згодная. Толькі ж і святы для адных могуць быць радасныя, а для кагосьці шэрыя. Праз адзіноту, хваробу, праз тое, што пра цябе забыліся твае блізкія ды сябры. Але праўда і тое, што святы прамінаюць хутка, а за імі надыходзіць штодзённасць. І для многіх яна будзе бязрадаснай, асабліва калі ты знаходзішся ў Дзіцячым, а не ў родным доме, чакаеш вырашэння свайго лёсу ў сацыяльным прытулку альбо і ўвогуле не маеш даху над галавой. І тады кожная кропля дабра становіцца надзвычай каштоўнай.

…На калядным канцэрце, які зладзілі ў наваполацкім касцёле навучэнцы гарадскога музычнага каледжа, аншлагу, шчыра кажучы, не было. Гэта, вядома, магло трохі засмуціць пробашча парафіі, тым больш што канцэрт, як часам тут здараецца на святы, быў дабрачынны — ахвяраванні за яго прызначаліся для выхаванцаў мясцовага сацыяльнага прытулку. Але вынік канцэрта быў усё ж добры, бо тыя вернікі, якія не маглі прысутнічаць на канцэрце і атрымаць сваёй «порцыі» музычнай асалоды, проста прынеслі ды кінулі ў скарбонку свае ахвяраванні раней, а некаторыя зрабілі гэта за некалькі дзён да канцэрта. А хтосьці прынёс адзенне, абутак — усё гэта таксама, вядома, не будзе лішнім. У выніку атрымалася неблагая падтрымка для дзяцей, на чые плечы зваліліся зусім не дзіцячыя выпрабаванні.

…Колькі ўжо напісана ў прэсе ды сказана пра тое, ці трэба падаваць міласціну бяздомным, жабракам, якія час ад часу працягваюць да нас руку з просьбай аб дапамозе. Адназначнага адказу, хіба што, не можа быць. Хтосьці просіць на гарэлку, а хтосьці проста хоча есці. Тут ужо як каму душа падкажа.

Не магу забыць адну сустрэчу каля полацкага касцёла святога Андрэя Баболі. Я спяшалася па нейкіх справах, а мяне паклікаў не вельмі чыста апрануты чалавек і сказаў, што ён даўно не еў. Не стала распытваць, палезла ў сумку па кашалёк і, пакуль даставала, пачула: «Я вашы артыкулы ў „Ave Maria“ раней заўсёды чытаў і ў „Нашай веры“ таксама». Застыла й знямела на месцы. Узняла вочы, прыгледзелася да гэтага чытача і… пазнала яго. Быў час, калі разам з ім ішлі мы пілігрымамі ў наш Будслаў, часта, калі здаралася быць у полацкім касцёле, бачыла яго сярод вернікаў. І вось такая сустрэча… Пагаварылі трохі. Колькі праўды, а колькі маны было ў той гісторыі, якую ён мне распавёў, не бяруся меркаваць. Падобных гісторый можна пачуць шмат ад былых прадпрымальнікаў, былых працаўнікоў, былых чыіхсьці мужоў ды бацькоў, жонак ды маці… Адны змогуць перажыць, ператрываць ды яшчэ і ўмацавацца пасля перанесеных стрэсавых сітуацый, а іншыя апынуцца калі не ў вязніцы, то на вуліцы, на самым дне. І далёка не кожнага ўдасца выцягнуць з балота, нават калі і падасць хтосьці руку помачы. Многія проста самі выпусцяць яе, самі адвернуцца. Неспадзявана для самой сябе запытала ў свайго суразмоўцы, ці даўно ён быў у споведзі. Нядобра так засмяяўся ў адказ ды закашляўся: «Куды я цяпер, гэткі?». «А пры чым тут знешні выгляд?» — настойвала я. Адно махнуў рукой. Я дала яму грошы. Не ўпэўнена, што гэта было мудра з майго боку — проста не ведала, як і чым магу дапамагчы. Потым чула, што полацкія католікі спрабавалі не раз гэта рабіць — не атрымлівалася. Хутчэй за ўсё, ён прапіў і мае грошы, хоць і абяцаў, што пойдзе ў краму ды купіць батон з кілбасой, бо забыў яе смак…

Да чаго я згадала пра гэтую сустрэчу? Яшчэ класік казаў, што ад торбы ды ад турмы не заракайся. Павароты лёсу могуць быць настолькі нечаканыя, што можа й выкінуць на хаду з павозкі, на якой ты звыкла едзеш па сваёй жыццёвай дарожцы. А тады… Хто падасць тады табе руку? Ці знойдзецца побач чалавек, які захоча гэта зрабіць?

Неяк давялося слухаць сведчанне аднаго былога алкаголіка, якое ён рабіў перад вернікамі. Ён казаў так: «Я звяртаюся да тых жанчын, чые мужы п’юць. Не спяшайцеся іх пакідаць. Падумайце, можа, яшчэ можна штосьці зрабіць для вашага, няхай сабе і раней каханага чалавека. Быў час, калі мяне жонка ледзьве не сілком цягнула за сабой у касцёл. Я адмахваўся: «Што я буду там стаяць як дурань?», бо, маўляў, не разумею, што там адбываецца. А яна настойвала: «Ну, пастой сабе і як дурань. Толькі пабудзь побач, са мной».

Як ужо, мабыць, здагадваецеся, сітуацыя змянілася карэнным чынам, і мужчына ў тым сведчанні горача дзякаваў сваёй жонцы, якая не пажадала адступіцца і не пакінула яго. Шчаслівы канец сумнай гісторыі.
 
…Хто, калі і як адвярнуўся ад тых бяздомных людзей, якіх маладыя вернікі запрасілі на калядную вечарыну ў касцёл святых Сымона і Алены ў Мінску, ніхто не раскажа. Прыдумалася ім, маладым хрысціянам, наладзіць свята для тых, хто ўжо забыўся, што гэта такое — свята з канцэртам, жартамі, танцамі, пачастункам. Пайшла моладзь па вуліцах, па падземных пераходах, вакзалах ды станцыях метро і запрасіла на калядную вечарыну ў касцёл — на шчасце, пробашч даў згоду на нязвыклую для касцёла імпрэзу. Незвычайная гэта была публіка: апранутая, мякка кажучы, не па-святочнаму, часам не вельмі чыстая — словам, у тэатр такіх наўрад ці прапусцілі б, а ў тэатральную залу, а потым яшчэ і ў суседнюю Чырвонага касцёла — калі ласка. Павесяліліся ад душы! Глядзела я на здымкі з тае вечарыны і шчыра радавалася і за гэтую няўрымслівую моладзь, і за шчаслівых гасцей тае вечарыны, і за пробашча кс. Уладзіслава Завальнюка, без чыйго дазволу ўсяго гэтага проста не было б.

Ну а што: калі Святы Айцец Францішак у Рыме запрашае на свой дзень народзінаў трох бяздомных, якія жывуць на вуліцы, блізу базылікі святога Пятра, то чаму мінскія вернікі не могуць зрабіць штосьці падобнае?

…Не спяшацца ставіць крыж на чалавеку… Калі нават ягоныя ўчынкі непрыгожыя ды і сам ён у выніку свайго неўладкаванага жыцця паціху альбо імкліва страчвае свой прывабны выгляд. Не наша гэта задача — выносіць прысуды. Для нас Хрыстус вызначыў іншую: «…што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (Мц 25, 40). А без гэтага наша хрысціянства ў такі неспакойны і неўладкаваны час робіцца прэсным ды губляе штосьці вельмі і вельмі важнае.

Ірына Жарнасек

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней