Солы: погляд праз лёсы

Вёска Солы — адно з нямногіх месцаў у Беларусі, дзе падчас ваяўнічага атэізму касцёл ніколі не зачыняўся. Вёска даволі вялікая і знаходзіцца ў неверагодна прыгожым месцы недалёка ад Смаргоні. У савецкія часы сюды з усіх ваколіцаў з’язджаліся вернікі на святую Імшу. Солы вядомыя яшчэ і тым, што тут працавалі легендарныя святары — спачатку Юзаф Марсангер, а потым яго вучань кс. Альберт Масальскі. Сёння сольская парафія Маці Божай Ружанцовай налічвае каля дзвюх тысяч вернікаў. Пробашчам тут вось ужо 15 гадоў служыць ксёндз Леанард Станкоўскі, які паходзіць з суседняга Ашмянскага раёна.

Паспрабуем паглядзець на гісторыю і жыццё парафіі праз лёсы некаторых парафіянаў. Сёння наша размова — з Раманам Мар’янавічам Лісоўскім, ваенным у адстаўцы, які цяпер працуе вартаўніком у мясцовай школе.

— Раман Мар’янавіч, раскажыце пра сябе — дзе нарадзіліся, дзе хрысціліся, хто бацькі?
— Нарадзіўся я разам са сваім братам блізнюком Валерыем у Солах у 1967 годзе. Хрысціў нас тут жа ксёндз Матуліс, які хутка потым памёр. Гісторыя нашага нараджэння была  даволі драматычнай. Калі мама была намі цяжарная, яна захварэла на жаўтачку — хваробу Боткіна. Дактары ў адзін голас намаўлялі яе зрабіць аборт. Казалі, што, калі ратаваць дзяцей, то яна памрэ. А ў хаце яшчэ трое малых сыноў. Яе мама, наша бабуля Вераніка, была вельмі пабожнай. Пры ёй слова «аборт» нельга было нават вымаўляць. Казала: лепей — на расстрэл, чым на аборт. Яна бясконца малілася. Бедная наша мама, як жа яна пакутавала! Цяжарнасць была складанай, а тут яшчэ — хвароба і дактары са сваімі пагрозамі. Былі моманты, калі яна вагалася. Дапамагла Маці Божая Вастрабрамская, да якой мама паехала ў Вільню. У малітве каля цудадзейнага абраза яна адчула, што ўсё будзе добра і ні ў якім разе не трэба згаджацца на аборт. Так і здарылася. Мы нарадзіліся з братам здаровымі. Сёння мой брат — святар. Служыць пробашчам у вёсцы Вярэйкі, што недалёка ад Гродна, і выкладае ў Гродзенскай семінарыі.
Нашыя бацькі — простыя сяляне з марыйнымі імёнамі: Марыя і Мар’ян. Тата памёр 10 гадоў таму, маме сёння 81 год і яна актыўная парафіянка, праводзіць у касцёле перад святою Імшою ружанцовую малітву.

— Пытанне, хутчэй, рытарычнае: веру атрымалі ад бацькоў?
— Так. З самага маленства бацькі вадзілі нас у касцёл. Мы звычайна стаялі наперадзе, і, калі ксёндз Юзаф Марсангер ішоў каля нас на амбону, ён заўсёды клаў руку нам з братам на галовы і благаслаўляў. Думаю, яго малітвы і благаслаўленне таксама далі свой плён. Вялікую ролю ў нашым духоўным узрастанні адыграў таксама ксёндз Альберт Масальскі. Ніколі не забуду сакрамэнта споведзі, які я перажываў дзякуючы гэтаму святару — усё нутро выварочваў. Дарэчы, ён нас з братам бежмаваў перад нашым адыходам у войска. Ксёндз Альберт меў у той час такія паўнамоцтвы, і рабілася гэта патаемна ў сакрыстыі.  

— У войску служылі разам з братам? Як і дзе гэта было?
— Так, разам з братам мы трапілі на вайсковую службу ў турму — зону для асабліва небяспечных злачынцаў. Гэта Архангельская вобласць, Пінежскі раён. Спачатку мы былі ахоўнікамі, потым кантралёрамі. Скажу шчыра, мы бачылі пекла. Людзі, якія адбывалі пакаранне, у большасці сваёй былі вельмі страшнымі, сапраўднае дно. Самі сябе многія называлі слугамі д’ябла. Пагроза нашаму жыццю так ці інакш заўсёды была. Майго брата аднойчы ледзьве не забілі сякерай.

— У народзе кажуць: «З ваўкамі жыць — па-воўчаму выць». Вы з братам цалкам аспрэчваеце гэтую жыццёвую мудрасць. Што скажаце?
—  Гэта магчыма толькі з Божай дапамогай. Бацькі дома за нас маліліся, мы самі пра Бога ніколі не забываліся. Мелі на сабе зашытыя ў адзенні крыжыкі. Вядома, што вельмі цяжка было без касцёла. Затое, калі мы прыязджалі ў адпачынак дадому на 45 сутак, усе дні хадзілі ў касцёл. Назад з сабою везлі духоўную літаратуру, якую даваў ксёндз Альберт. Потым мой брат Валерый пачаў прывозіць такую літаратуру з Ленінграда, дзе ён вучыўся завочна ў оптыка-механічным тэхнікуме. Так склалася, што мы з ім засталіся на службе звыштэрмінова. Вось тады ён паступіў на вучобу ў Піцер, а я — у Архангельскі леса-тэхнічны тэхнікум, таксама завочна. Валера на 3-м годзе вайсковай службы адчуў пакліканне да святарства. У 1993 годзе паступіў у Гродзенскую духоўную семінарыю, а я ажаніўся і паехаў з жонкаю на маю радзіму.

— Раскажыце больш падрабязна пра гэтую лёсавызначальную падзею ў Вашым жыцці.
— Мая жонка Алена жыла ў тым пасёлку, дзе я служыў. Пазнаёміліся. Закахаліся. Я жартую, што вывез яе з тых краёў, як некалі Майсей вывеў ізраэльскі народ з Егіпта. Спачатку ёй было цяжка. Няпроста было і веру прыняць, бо гэта не практыкавалася ў іх сям’і. Я сілком не цягнуў яе ў касцёл, не настойваў, а проста маліўся. Цяпер мая Лена — адна з актыўных парафіянак. Добрая, паслухмяная жонка, амаль што такая, пра якую піша апостал Павел у Святым Пісанні. І нашага сына, які вучыцца ў Гродзенскім медуніверсітэце, завуць Павел. Жывём дружна і дзякуем за ўсё Пану Богу.

— Вядома, што вера, як тое вогнішча, куды трэба пастаянна падкідваць дровы, каб яно не згасла. Як вы падтрымліваеце агонь вашай веры?
— Аднойчы ксёндз Чэслаў Паўлюкевіч з Росі, які праводзіў у нашай парафіі  рэкалекцыі, сказаў, што Маці Божая ў Меджугор’і назвала пяць камянёў, на якіх грунтуецца сапраўдная вера. Гэта: малітва сэрцам, у прыватнасці, ружанцовая, споведзь, святая Камунія, пост, чытанне Бібліі. Я зразумеў, што недастаткова часу ўдзяляю чытанню Святога Пісання, а без разважання над Бібліяй нельга пазнаць Пана Бога. Вось цяпер я гэтым займаюся. І скажу шчыра, што спатканне з Богам праз Яго Слова нясе неверагодныя ласкі.

Не так даўно ў нашай парафіі прайшлі місіі, першы раз за 80 гадоў, за што мы вельмі ўдзячныя свайму пробашчу — ксяндзу Леанарду. Вельмі шмат духоўных ласкаў атрымалі ўсе, хто ў іх удзельнічаў, я ў тым ліку. Калі я быў на рэкалекцыях у Росі, а іх праводзіў айцец Джэймс, атрымаў фізічнае аздараўленне. Цяпер на місіях у сваёй парафіі я атрымаў нешта большае — духоўнае ацаленне. Вельмі дапамагае духоўна ўзрастаць і «Дзённік» святой Фаўстыны. Вось ужо на працягу некалькіх гадоў я кожны дзень а 15-й гадзіне малюся Вяночак да Божай Міласэрнасці. Нават калі бываю ў полі ці ў людным месцы ў гэты час, заўсёды адыду і памалюся. Ушанаванне культу Божай Міласэрнасці ў нашай парафіі пачалося яшчэ пры святой памяці ксяндзах Юзафу Марсангеру і Альберту Масальскім. Вы бачылі, які цудоўны і вялікі абраз Езуса Міласэрнага вісіць у нашым касцёле? Яго прывёз сюды некалі ксёндз Альберт Масальскі. Шкада, што мы запозна спахапіліся і пры жыцці ксяндза не даведаліся пра гісторыю гэтага абраза. Старажылы гавораць, што гэты абраз быў намаляваны вядомым польскім мастаком Хылам, потым быў падараваны кс. Альберту, а той нейкім цудам праз Вільню прывёз яго ў Солы.

— Не сакрэт, што нашыя вёскі, у большасці сваёй, сёння можна назваць выміраючымі. Хвала Пану Богу, што Солы да іх ліку не адносяцца. Радуе, што  ў нядзелю і рэлігійныя святы, якія прыпадаюць і на буднія дні, касцёл поўны людзей, у тым ліку маладых. На раратніх Імшах, якія адбываюцца ў ранні час, таксама шмат людзей і, што асабліва ўражвае, шмат дзяцей. Дзякуй Пану Богу за гэта! А Вам, Раман Мар’янавіч, дзякую за прыклад веры і за нашую размову.

Размаўляла Галіна Калевіч.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней